Беларусы працягваюць дзяліцца ў чатах інфармацыяй, як іх дапытвалі пры перасячэнні мяжы. На мінулым тыдні іх чакалі гутаркі аб пратэстах і праверкі тэлефонаў. Асабісты аўтамабіль адпраўлялі на рэнтген. Асаблівую цікавасць выклікаюць людзі з гуманітарнай візай і відам на жыхарства ў іншых краінах. Акрамя таго, на гутаркі клічуць украінцаў.

Беларуска заязджала ў краіну з дзецьмі пасля працяглай адсутнасці. Пасля 40 хвілін чакання на мяжы без пашпарта да яе прыйшоў чалавек у цывільным, не прадставіўся і спытаў: «Навошта ты сюды прыехала?».

У яе пыталіся пра жыццё і працу ў Польшчы, стаўленне да пратэстаў, БЧБ-сімволікі. Праверылі падпіскі ў Telegram, Google Фота. Асабліва дапытваючага цікавілі фота 2020 года. Але ў беларускі «нічога не знайшлі». Таксама ён звярнуў увагу на аватаркі з бел-чырвона-белымі і ўкраінскімі сцягамі ў яе сяброў у Facebook. Замест зялёнага калідора яе адправілі на чырвоны.

Пры вяртанні ў Польшчу памежнікі цікавіліся пратэрмінаванымі візамі і прасілі падаць дакументы, якія даюць падставу на ўезд і пражыванне. Тыя, хто выязджаў, сказалі, што іх няма.

Не адзіны выпадак

Пра падобныя выпадкі паведамлялі і іншыя карыстальнікі. У адным з пунктаў пропуску ў пасажыраў аўтобуса рэчы глядзелі з асаблівай цікавасцю. Некалькі пасажыраў прайшлі на гутарку. «Усё ветліва, але шмат пытанняў задаюць», — паведаміў карыстальнік.

«На гутарку» ў іншым пункце пропуску прайшоў пасажыр з польскай гуманітарнай візай. Раней да яго пытанняў не было.

На размову адпраўляюцца людзі з двума пашпартамі або відам на жыхарства іншай краіны, паведаміў карыстальнік мэсэнджара. Таксама ў людзей выбарачна праверылі валізкі. Студэнты, якія выязджаюць на навучанне ў іншую краіну, пыталіся, што кажуць студэнты пра цяперашнюю сітуацыю. «Мужчыну гадоў 35 затрымалі і хвілін 40 проста распытвалі куды, навошта, чаму, вырашалі паміж сабой адпускаць ці пакідаць, увесь гэты час мы чакалі рашэння», — апісаў сітуацыю карыстальнік.

Адпраўляюць не толькі беларусаў

Таксама некалькі карыстальнікаў Telegram паведамілі, што на гутаркі адпраўляюць украінцаў і людзей з украінскімі пашпартамі альбо відам на жыхарства. Вядома, што тэлефон як мінімум у аднаго з іх не правяралі.

Акрамя гэтага, праблемы ўзнікаюць, калі адміністрацыйны штраф быў аплочаны, але базы міліцыі і памежнікаў не сінхранізуюцца. Такі чалавек дагэтуль лічыцца невыязным.

Чытайце таксама: Прадаюць месцы, стаяць у чарзе, прывозяць тавары: 5 спосабаў заробку на «закрытых» межах