У Гродзенскім абласным судзе 23 чэрвеня пройдзе пасяджэнне аб прымусе да прызначэння ліквідатара грамадскага аб’яднання. Гаворка ідзе пра футбольны клуб «Ашмяны», які спрабуюць ліквідаваць ужо паўтара года.

Істцом выступае інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах па Смаргонскім раёне. Суддзя — Юрый Карэцкі. У суд выклікаюць таксама пяць адказчыкаў.

Клуб быў заснаваны ў 2012 годзе як «Славянін» і базаваўся ў Мінску. Удзельнічаў у аматарскіх спаборніцтвах. У 2014 годзе выйшаў у Другую лігу Беларусі. Вясной 2015 года клуб пераехаў у Ашмяны і змяніў назву. У 2016 годзе трапіў у першую лігу. Да сезона 2019 трапляў у топ-5 лепшых каманд.

Грамадскае аб’яднанне «Футбольны клуб «Ашмяны» знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі з лістапада 2021 года па рашэнні Гродзенскага абласнога суда.

«Ашмяны-БДУФК» маюць запазычанасці па заробках футбалістам. На гэты момант у размяшчэнні клуба няма ніводнага гульца, што будзе далей з клубам — невядома", — пісалі ў 2021 годзе. Пасля гэтага сацсеткі клуба практычна перасталі абнаўляцца.

Па законе, пасля прыняцця рашэння аб ліквідацыі прызначаюць ліквідатара, які завяршае справы арганізацыі. Калі яго не прызначае сама арганізацыя, гэта робяць праз суд.

Чытайце таксама: ФК «Нёман» абвясціў аб падпісанні трох новых футбалістаў