Крама “Предмет” працуе з 9 снежня 2023 на Савецкай, 8 – адразу за помнікам Сакалоўскаму. Там можна набыць дызайнерскія ўпрыгожанні, керамічныя вырабы, свечы, а таксама малюнкі, графіку і паштоўкі.

“Ствараючы гэтую краму, я марыла сабраць у адным месцы класных мастакоў і майстроў са сваім унікальным аўтарскім бачаннем. Мне хочацца, каб у людзей, якія прыходзяць у краму, атрымалася пагрузіцца ў атмасферу творчасці і мастацтва”, — напісала ўладальніца крамы Надзея Недашкоўская на cтаронцы крамы ў Instagram.
Акрамя ўпрыгожанняў, карцін і свеч, у краме можна набыць handmade-касметыку з натуральных матэрыялаў. Стваральніца крамы кажа, што яна абапіралася на свае каштоўнасці — эстэтычнасць, экалагічнасць, унікальнасць, аўтарскае бачанне і ідэя. Усё гэта аб’ядноўвае прадметы, якія можна знайсці ў яе краме. Там можна купіць і яе тавары – яна займаецца вытворчасцю свечаў з натуральнага соевага воску.
Чытайце таксама: З какосавага воску, з драўляным кнотам і рознымі водарамі. Якія handmade-свечкі прадаюць гродзенкі ў Instagram
Чым займаецца ўладальніца крамы “Предмет”
Уладальніца крамы — гродзенская блогерка і мастачка Надзея Недашкоўская. Яна вучылася на інжынера-будаўніка ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, скончыла курсы павышэння кваліфікацыі па архітэктуры жылых і грамадскіх будынкаў.
У ліпені 2023 года ў арт-прасторы ANLO праходзіла персанальная выстава Надзеі. Раней мастачка выстаўлялася таксама ў цяпер ужо закрытым Grunge cafe.
Надзея вядзе здаровы лад жыцця і не спажывае алкаголю з 2021 года. Пра гэта адна з яе кніг – “Гэта цудоўнае цвярозае жыццё”. Другая кніга Надзеі — “Гісторыі. Кішэнны блог”.
Які расклад працы крамы?
Крама “Предмет” працуе штодзённа:
панядзелак – пятніца: з 10:00 да 18:30
субота – нядзеля: з 10:00 да 16:00
Не першая падобная крама ў Гродне
Крама “Прадмет” – не першая ў Гродне ўстанова, дзе можна набыць прадметы ручной працы. З 2015 года ў Гродне працуе этнакрама “Цудоўня”. У 2016 годзе на Вялікай Траецкай адкрылі краму вырабаў ручной працы “Лёля”. З 2019 года “Лёля” працуе на вуліцы Савецкай, 1 у былым памяшканні цырульні “Антэй”.
Чытайце таксама: Для массажа, из натуральных масел или в форме драконов: какое handmade-мыло продают гродненки в Instagram





