У Варшаве 1 снежня 2023 памерла гісторык мастацтва, даследчыца сакральнай архітэктуры былой Рэчы Паспалітай Марыя Каламайска-Саід, паведаміў канал Hrodna 11:27. Ёй было 82 гады. За доўгія гады працы яна выдала шмат публікацый пра каталіцкія кляштары Беларусі.
Даследчыца з 1978 года была звязана з Інстытутам мастацтва Польскай акадэміі навук. Яна шмат гадоў удзельнічала ў манументальным праекце «Materiały do Dziejów Sztuki Sakralnej». З яе ўдзелам і пад яе рэдакцыяй публікаваліся падрабязныя апісанні і дакументы, што тычыліся кляштараў і касцёлаў Беларусі ды іншых частак былой Рэчы Паспалітай: Віленскага, Троцкага, Навагрудскага ваяводстваў. Па некаторых, самых значных храмах, гэта фактычна былі цэлыя манаграфіі. Нічога падобнага ў такім маштабе ніхто больш не рабіў. Пані прафесар разам са студэнтамі і калегамі інвентарызавала больш за 300 сакральных аб’ектаў былога Вялікага Княства Літоўскага.
Яна любіла Гродна, заўсёды гатовая была дапамагчы беларускім калегам, яе матэрыяламі актыўна карысталіся і карыстаюцца многія гісторыкі і краязнаўцы. Менавіта Марыя Каламайска-Саід спрычынілася ў 2016−2018 гадах да выратавання ад знішчэння архіву гродзенскага кляштара брыгітак. У 2016 годзе з яе тэкстам выйшаў фотаальбом «Katedra Grodzieńska» пра гродзенскі Фарны касцёл.
Мала хто ў Польшчы так добра, як Марыя Каламайска-Саід, ведаў архівы Гродна, Мінска, Вільні, Пецярбурга і Масквы. У 2015 годзе Міністэрства культуры Польшчы адзначыла яе залатым медалём «Gloria Artis».