Унутранае расследаванне варшаўскага СІЗА не выявіла парушэнняў у працы супрацоўнікаў датычна самагубства былога беларускага палітвязня Кірыла Кетурка. Староннія асобы таксама не паўплывалі на рашэнне аб суіцыдзе. Пра гэта польская турэмная служба (аналаг беларускага Дэпартамента выканання пакаранняў) адказала на запыт Hrodna.life — але пра многае змаўчала.

«Рэанімацыйныя мерапрыемствы, праведзеныя супрацоўнікамі, а затым брыгадай хуткай дапамогі, выніку не далі. У адпаведнасці з дзеючымі правіламі, паліцыя і пракуратура правялі расследаванні. Мерапрыемствы, праведзеныя пенітэнцыярнай службай, не выявілі парушэнняў у выкананні службовых задач супрацоўнікамі, трэція асобы не спрыялі ўзнікненню інцыдэнту», — адказаў адным абзацам на запыт Hrodna.life Барташ Мушыньскі, прэс-сакратар дырэктара Акруговай турэмнай службы ў Варшаве.

Што застаецца невядомым?

Рэдакцыя Hrodna.life у запыце задала некалькі пытанняў, на якія польскі ДВП не даў адказаў. Вось што нам незразумела:

  • Як стала магчымым самагубства ў камеры? Вядома, што ў Беларусі людзей спрабуюць пазбавіць сродкаў для гэтага — шнуркоў ад чаравік, вострых прадметаў.
  • Ці быў Кірыл Кетурка адзін у камеры ў момант здзяйснення самагубства? Ці існуе сістэма назірання за камерамі, напрыклад, з дапамогай відэакамер?
  • Хто выявіў цела Кірыла?
  • Наколькі апраўданыя чуткі пра пагрозу Кірылу дэпартацыяй у Беларусь — пра гэта казалі яго блізкія? Ці мог ён насамрэч быць дэпартаваны з Польшчы ў Беларусь? Ці мог нехта паўплываць на Кірыла або запалохаць яго, пакуль ён знаходзіўся ў зняволенні?
  • Ці працуе псіхолаг у гэтым канкрэтным цэнтры ўтрымання пад вартай? Ці рэгулярна ён правярае стан зняволеных? Ці меў зносіны ён з Кірылам?
  • Узбуджаная справа па арт. 151 КК «Давядзенне да самагубства або садзейнічанне самагубству». Ці мог нехта ў сценах СІЗА сапраўды падштурхнуць Кірыла да суіцыду?

Пагражала да васьмі гадоў турмы

Кірыл Кетурка — 19-гадовы былы палітвязень з Гродна. Хлопца затрымалі па адміністрацыйнай справе за ўдзел у мітынгу ў 2020 годзе ў 16 гадоў. Калі ён стаў паўналетнім, прыйшлі з крыміналкай. Ён з’ехаў з Беларусі, калі яму вырашылі узмацніць рэжым утрымання на «хатняй хіміі».

Хлопец жыў у Варшаве і трапіў у Цэнтр утрымання пад вартай у Варшаве-Служэўцы. Туды яго змясцілі 11 кастрычніка за махлярства. Знаёмыя хлопца назвалі яго «пешкай» у гэтай справе. Гродзенцу пагражала ад 6 месяцаў да 8 гадоў пазбаўлення волі. У СІЗА раніцай 20 кастрычніка яго знайшлі павешаным.

Варшаўская пракуратура ўзбудзіла па факце смерці Кірыла справу па арт. 151 КК Польшчы — «Давядзенне да самагубства». Праўладныя каналы выкарысталі яго ў сваёй пропагандзе.