Сабака Дэнвер, якога з цяжкімі траўмамі знайшлі пад Гроднам, а пасля перадалі валанцёрам, пачынае рэабілітацыю. Сабаку замовілі спецыяльны пояс, а адна з беларусак пазычыла бегавую дарожку. Пра аднаўленне Дэнвера валанцёры расказваюць у Threads.
У пачатку лістапада стала вядома, што новыя гаспадары Дэнвера займаюцца ягонай рэабілітацыяй. Яны застаюцца на сувязі з рэабілітолагам, каб пры неабходнасці карэкціраваць практыкаванні. Фіксуюць станоўчую дынаміку.
Яшчэ адна беларуска выслала Дэнверу бегавую дарожку – гаспадары яе ўжо атрымалі. У сярэдзіне лістапада валанцёры апублікавалі відэа, дзе сабака пры дапамозе чалавека імкнецца зрабіць некалькі крокаў па дарожцы. Таксама паведамляюць, што за час рэабілітацыі ён пасябраваў з іншымі жывёламі.


Валанцёры просяць дапамагчы з памперсамі для сабакі: у Дэнвера частая дэфекацыя, якая можа даходзіць да шасці разоў на дзень. Каб сабака заставаўся ў чысціні, а на скуры не з’яўляліся раздражненні, трэба як мінімум тры памперсы ў дзень.
Заказваць сродкі гігіены для сабакі можна праз Wildberries на пункт выдачы па адрасе вул. Таўлая, 61. Штрыхкод па дастаўцы валанцёры просяць высылаць на нумар +375 (44) 773–43–42.
Лячыць Дэнвера ад кулі ў брушнай паражніне і пералому пазваночніка пачалі ў верасні 2026. Сабаку даводзілася вазіць у Мінск – там лекары зафіксавалі разрыў спіннога мозгу.
Сабаку прызначалі антыбіётыкі і пераносілі аперацыі, таму што арганізм быў занадта слабы.
Таксама знайшлася сям’я, якая ўзяла сабаку пад апеку. Па словах валанцёраў, Дэнвер апынуўся ў любячых руках людзей, якія разам з ім праходзяць гэты складаны шлях.
Чытайце таксама: Дэнвер знайшоў ператрымку, але слабы: валанцёры распавялі пра стан сабакі, знойдзенага з куляй у жываце пад Гроднам


