Раённая пракуратура Варшава-Урсынаў пачала справу па факце смерці 19-гадовага гродзенца Кірыла Кетуркі. Справу завялі па арт. 151 Крымінальнага кодэксу Польшчы — «Давядзенне да самагубства». Былы беларускі палітвязень у кастрычніку 2023 быў затрыманы па падазрэнні ў махлярстве. 20 кастрычніка яго знайшлі ў камеры павешаным.

«Справу завялі па схіленні да самагубства або дапамозе ў ім, — расказаў „Gazeta Wyborcza“ прэс-сакратар Акруговай Пракуратуры ў Варшаве Шымон Банна. — Зараз збіраюцца доказы. На месцы здарэння пракурор правёў агляд».

Махлярства пад выглядам супрацоўніка банка

Кірыл Кетурка трапіў у следчы ізалятар Варшавы як падазраваны ў махлярстве. «Справа, у рамках якой памерлы мужчына быў змешчаны ў ізалятары, тычыцца махлярстваў па метадзе „на супрацоўніка банка“. Кірылу К., разам з трыма іншымі падазраванымі ў гэтай справе, прад’явілі абвінавачанне паводле арт. 286 ч.1 Крымінальнага кодэксу. Ён даў паказанні, якія супадалі з высветленым па гэтай справе фактычным станам», — расказаў Шымон Банна.

Метад «на супрацоўніка банка» — папулярны ў 2023 годзе ў Польшчы спосаб выманьвання грошай. Махляр звоніць ахвяры пад відам супрацоўніка банка і выцягвае з яе асабістыя дадзеныя, коды PIN і BLIK або схіляе перавесці грошы на чужы рахунак. Такім чынам махляры крадуць грошы або бяруць на чужыя дадзеныя крэдыты.

Змясціць Кетурку ў ізалятар вырашыў раённы суд Варшавы. Беларусу пагражала ад 6 месяцаў да 8 гадоў зняволення.