Сістэму абароны інфармацыі (САІ) вырашылі закупіць Гродзенскі мясакамбінат і «Гроднаэнерга». Мясакамбінат запланаваў цэлы шэраг працэдур па аналізе і паляпшэнню абароны. Пра гэта стала вядома з аб’яў на сайтах дзяржзакупак.

Запраектаваць сістэмы абароны інфармацыі для Гродзенскага мясакамбіната павінны c 27 лістапада 2023 года па 12 студзеня 2024 года. Яе кампанія аплаціць з уласных сродкаў. Арганізаваў закупку начальнік аддзела інфармацыйнай бяспекі В.А. Каткоў.

Што ўключае інфармацыйная сістэма?

Інфармацыйная сістэма ААТ «Гродзенскі мясакамбінат» уключае:

  • карпаратыўную лакальна-вылічальную сетку;
  • аўтаматызаваных працоўных месцаў - арыентыровачна 450 шт.;
  • фізічных сервераў - 15 шт.;
  • віртуальных сервераў - 20 шт.;
  • колькасць эксплуатаваных інфармацыйных сістэм — 5 шт.:
  • аддаленых падлучэнняў - 35 шт.

Перагледзяць доступы, паролі і ключы

У рамках праектавання спачатку абследуюць існуючую сістэму абароны інфармацыі Гродзенскага мясакамбіната. Гэта ўключае ў сябе:

  • аналіз арганізацыйнай структуры,
  • інвентарызацыю актываў карпаратыўнай лакальна-вылічальнай сеткі,
  • ацэнку рызык інфармацыйнай бяспекі,
  • аналіз інфармацыйных патокаў,
  • збор звестак і аналіз выканання патрабаванняў.

Затым распрацуюць і адкарэктуюць палітыку інфармацыйнай бяспекі. Тут задумаюцца аб размежаванні правоў доступу карыстальнікаў, рэзерваванні і знішчэнні інфармацыі, абароне ад шкоднасных праграм, выкарыстанні здымных носьбітаў інфармацыі і электроннай пошты, парольнай палітыцы, кантролі і рэагаванні на падзеі інфармацыйнай бяспекі і ліквідацыі іх наступстваў, кіраванні крыптаграфічнымі ключамі, у тым ліку іх генерацыі, размеркаванні, захоўванні, доступе да іх і іх знішчэнню.

Пасля гэтага распрацуюць прававыя лакальныя акты, якія адсутнічаюць, і тэхнічнае заданне. Выберуць сродкі тэхнічнай і крыптаграфічнай абароны інфармацыі, распрацуюць агульную схему САІ і спецыфікацыю сродкаў тэхнічнай і крыптаграфічнай абароны інфармацыі.

«Гроднаэнерга» адмяніў закупку

Тэхнічная мадэрнізацыя сістэмы абароны інфармацыі была запланаваная і ў «Гроднаэнерга». На тры лоты планавалі выдаткаваць амаль 1 000 000 рублёў. Сярод іх:

  • Сістэма збору і апрацоўкі дадзеных падзей інфармацыйнай бяспекі,
  • Сістэма забеспячэння кантролю абароненасці,
  • Сістэма кантролю за дзеяннямі прывілеяваных карыстальнікаў,
  • Сістэма рэагавання на інцыдэнты інфармацыйнай бяспекі,
  • Міжсеткавы экран, абнаўленне сэрвісаў да актуальнай версіі тэрмінам на два гады.

Але неўзабаве закупку адмянілі на падставе змены або ўдакладнення прадмета закупкі і патрабаванняў да кваліфікацыйных дадзеных удзельнікаў закупкі.

Чытайце таксама: Тэст: Ці клапоціцеся вы пра сваю фізічную бяспеку?