Святочны кірмаш «Зімовы фэст» адкрыецца ў Гродне на Савецкай плошчы 8 снежня.

Кірмаш будзе адкрыты да 7 студзеня, у буднія дні з 15:00 да 23:00, у выхадныя і святочныя дні з 13.00 да 23:00.

У гэтым годзе там будзе больш за 30 удзельнікаў, у тым ліку рамеснікаў, расказаў на «Гродна Плюс» начальнік упраўлення гандлю і паслуг Гродзенскага гарвыканкама Леанід Жук.

У гэтым годзе на кірмашы традыцыйна будзе працаваць грамадскае харчаванне. Будуць стравы, прыгатаваныя на адкрытым агні, напоі, сувеніры.

Арганізатары кірмашу абяцаюць стравы ад кухань розных народаў свету: чэшскія трдэльнікі, сакавітыя нямецкія берлінеры, бульба па-бельгійску, азербайджанскі люля-кебаб, гарачая кава і калядны глінтвейн. Плануецца зімовы кактэйльны бар з цёплымі кактэйлямі і спецыяльнымі зімовымі напоямі.

Дзяцей чакае навагодняя карусель, зімовыя актыўныя забаўкі, прысмакі і цацкі.

«Зімовы фэст» пройдзе ў Гродне ў чацвёрты раз. У мінулым годзе на фэсце, акрамя драўляных кірмашовых хатак, было пяць калядных фудтракаў.

Будзе на кірмашы і ялінкавы кірмаш. Агулам жа ў Гродне з 20 па 24 і з 26 па 30 снежня будзе працаваць 18 кірмашоў з жывымі ёлкамі.

Чытайце таксама: «Зімовы фэст» адкрылі ў Гродне. Hrodna.life паглядзеў, як выглядаюць перадсвяточныя кірмашы ў іншых еўрапейскіх гарадах