Праект гандлёва-адміністрацыйнага цэнтра на скрыжаванні вуліц Пушкіна і Дубко ад гродзенскай кампаніі “Інтэлсток Інжынірынг” атрымаў Малы Гран-Пры на конкурсе ў рамках XV Нацыянальнага фестывалю архітэктуры. Пераможцаў аб’явілі 21 кастрычніка ў Мінску.
Аўтары праекта – архітэктар Віктар Варабей і інжынер Вадзім Жук.

Гандлёва-адміністрацыйны цэнтр запланаваны на скрыжаванні на мяжы двух раёнаў – адміністрацыйнага (забудова вуліцы Дубко) і жылога (забудова вуліцы Пушкіна), які складаецца з аднатыпных панэльных дамоў.
Рог будынка мае выгляд пераламанай “кубістычнай” лініі. Там жа, на рагу, запланавана паглыбленая ўваходная група. Яна “становіцца працягам вулічнай плошчы і быццам “заваблівае” прахожых унутр”, піша кампанія ў сваім Instagram. У вячэрні час будынак павінен, дзякуючы вялікай колькасці шкла, актыўна падсвятляцца і ператварацца ў светлавую і каляровую дамінанту.

Гэта не першая ўзнагарода для каманды Віктара Вараб’я і Вадзіма Жука з “Інтэлсток Інжынірынг”. У чэрвені 2021 года яны атрымалі сярэбраны дыплом Нацыянальнага незалежнага архітэктурнага рэйтынгу “Залатая капітэль-2021” (базіруецца ў Новасібірску). Тады адзначылі іх праект офіснага цэнтра на Вялікай Траецкай. Цяпер яго якраз будуюць.


Гэта не адзіная праца “Інтэлсток” у гістарычным цэнтры Гродна. Вядома, што кампанія рыхтуе таксама праект рэстаўрацыі закінутага будынка былога скурвендыспансера на вуліцы Васілька.





