Грамадскія абмеркаванні справаздачы ацэнкі ўплыву на навакольнае асяроддзе (АУНА) рэканструкцыі былога скурнавенералагічнага дыспансера на Васілька, 10 (дом Варашыльскіх) працягнуцца да 19 траўня. Падрабязнасці планаў па рэканструкцыі і капрамонту будынкаў комплекса разабраў канал Urban Hrodna.

Комплекс будынкаў былога скурвендыспансера рэканструююць пад апарт-гатэль. На Васілька 10/1, 10/2 і 10/4 размесцяцца бізнес-апартаменты, у 10/5 будзе гаспадарчы будынак.

У комплекс уваходзіць два былыя лячэбныя корпусы 1890 і 1891 года пабудовы, а таксама будынак паліклінікі, які складаецца з дзвюх частак 1891 і 1983 гадоў. У складзе быў таксама харчаблок з прыбудовай і склепам 1890 года пабудовы.

Былы дыспансер на Васілька ў Гродне
Былы дыспансер на вуліцы Васілька перад пачаткам працаў. Фота чытача Hrodna.life

Капітальны рамонт фасадаў і дахаў будынкаў па вуліцы Міхася Васілька, 10 прадугледжаны асобным праектам на капітальны рамонт.

План рэканструкцыі і капрамонта

Пры рэканструкцыі будынкаў іх знешні перыметр не павялічаць. Захаваецца маштаб забудовы, якая прадстаўляе гісторыка-архітэктурную каштоўнасць. Улічаць стылевую асаблівасць навакольнай забудовы.

У будынкаў на Васілька, 10 (галоўны корпус), 10/2 і 10/4 частку цаглянага фасада ачысцяць пескаструмянём. Старадаўнія драўляныя дзверы ў карпусах 10 і 10/1 адрэстаўруюць.

У былым скурвене на Васілька адновяць гістарычны балкон і рэстаўруюць дзверы. Падрабязнасці праекта
Дзверы на Васілька, 10. Фота: Ігар Варкулевіч, Facebook
Старыя дзверы на вуліцы Васілька
Фрагмент старых дзвярэй дома Варашыльскіх. Фота: Hrodna.life
старыя драўляныя дзверы ў Гродне
Старажытныя дзверы ў доме Варашыльскіх — падвойныя. Унутраныя захаваліся лепш. Фота: Urban Hrodna

Аднапавярховую прыбудову да галоўнага корпуса знясуць.

Страчаны балкон на галоўным фасадзе адновяць. Ён бачны на старых фота сям'і Варашыльскіх, якая валодала домам да нацыяналізацыі.

дом варашыльскіх на вуліцы Васілька
Дом сям'і Варашыльскіх. На балконе — Рыгор Варашыльскі, побач з домам яго брат Мікалай. У вокнах першага паверха — бацькі Г. Варашыльскага. Фота Фелікса Варашыльскага

У карпусах 10 і 10/1 цяперашнія ганкі дэмантуюць і ўзвядуць новыя. Узмоцняць балконы з дваровага фасада. Унутры будзе перапланіроўка. Драўляную лесвіцу адрэстаўруюць.

У корпусе 10/2 адновяць страчаныя дэкаратыўныя элементы з цэглы (слупок атыка).

Ва ўсіх будынках комплексу:

  • заменяць дахі, пакрыюць іх плоскімі сталёвымі лістамі з матавым палімерным пакрыццём;
  • узмоцняць кроквенную сістэму;
  • уладкуюць слыхавыя вакенцы і вадасцёкі;
  • заменяць сталярку ў вонкавых сценах;
  • праёмы ў вонкавых сценах, якія з’явіліся падчас эксплуатацыі будынкаў, закладуць, а тыя, што былі першапачаткова, адновяць;
  • у вонкавых сценах узмоцняць перамычкі.

Ва ўсіх будынках, акрамя 10/2, прыбяруць фрагменты старой тынкоўкі і за 2 разы пафарбуюць сцены дысперсійна-сілікатнай фасаднай фарбай.

Ацяпленне, добраўпарадкаванне і паркоўкі

У будынку на Васілька 10/3 абсталююць цэнтральны цеплапункт. Там жа будзе воданагравальнік. Газазабеспячэнне ў будынках не прадугледжваецца. Альтэрнатыўным варыянтам дзейнасці можа быць уладкаванне міні-кацельні для спальвання біямасы або поўная адмова ад дзейнасці.

Паркоўкі будуць на 11, 9 і 10 машынамесцаў, з іх адно — для людзей з інваліднасцю.

Функцыянальнае занаванне тэрыторыі будзе з улікам добраўпарадкавання, азелянення (газоны, хмызнякі) і малых архітэктурных формаў. Плануюць уладкаванне нарматыўнага пад’езда ва ўвязцы з існуючай забудовай. Тратуары будуць з пліткі.

Былы скурвендыспансер, уваход
Уваход у былы дыспансер на вуліцы Васілька перад пачаткам працаў, сакавік 2023. Фота чытача Hrodna.life

Для збору і вывазу камунальных адходаў выкарыстоўваюць існуючую кантэйнерную пляцоўку на мяжы праектаванага аб’екта, па вул. Кірава.

Грамадскія абмеркаванні

Грамадскія абмеркаванні справаздачы па ацэнцы ўплыву будоўлі на навакольнае асяроддзе пройдуць з 19 красавіка да 19 траўня.

Заяву аб неабходнасці правядзення сходу трэба даслаць у гарвыканкам ((80 152) 62−64−66, e-mail: info@gorod.grodno.by, grodno.gov.by, Д.Р.Конан) цягам 10 працоўных дзён ад пачатку абмеркаванняў (да 5 траўня).

Заяву аб намеры правядзення грамадскай экалагічнай экспертызы прыме ТАА «БелБурСтрой» (вул. Збажовая, 21, 8−0152−78−00−00, e-mail: info@belburstroy.by, П.К.Паплаўскі) цягам 10 працоўных дзён ад пачатку абмеркаванняў.

Будынкі ўключаны ў склад гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр г. Гродна», размешчаны ў межах ахоўнага культурнага пласта. Да пачатку праектавання правялі комплексныя навуковыя даследаванні. Праектную дакументацыю рыхтуе кампанія Intelstock engineering.

Гісторыя продажу будынкаў

У пачатку мінулага стагоддзя домам № 10 валодаў гродзенскі доктар Рыгор Варашыльскі. Вядомы калекцыянер паштовак і фатаграфій з відамі Гродна Фелікс Варашыльскі - яго ўнук. Дом № 8 сёння аб’яднаны ў адзін будынак з домам № 10. Пасля прыходу савецкай улады ў Гродна дом Варашыльскіх нацыяналізавалі, былы ўладальнік стаў галоўным урачом сваёй былой клінікі. У розны час тут знаходзіўся радзільны дом, дзіцячая бальніца, розныя аддзяленні абласной бальніцы, скурна-венералагічны дыспансер. У студзені 2018 года дыспансер пераехаў у будынак былой чыгуначнай бальніцы па вуліцы Будзёнага. З таго часу будынак на Васілька пуставаў.

Пра намер прадаць будынак стала вядома ў лістападзе 2018 года. Увесь будынак уздоўж вуліцы Васілька і прылеглую тэрыторыю ацанілі тады ў 700 тысяч рублёў ($ 350 тысяч). Гарадскія ўлады разглядалі магчымасць пасля рэканструкцыі ў будынку на Васілька размясціць хоспіс для анкахворых.

Дом на Васілька варта аднаўляць у пачатковым выглядзе: вярнуць балконы, ганак і сад ззаду дома. Так, як было на старых сямейных фотаздымках, казаў тады Hrodna.life Фелікс Варашыльскі. «Мой дзядуля, які купіў гэты дом, ніколі не прадаваў яго, дык як я магу купіць сваю ўласнасць?» — адказаў ён на пытанне, ці не збіраецца сам выкупіць сямейны дом.

У 2019 годзе дабрачынная арганізацыя «Карытас» прапаноўвала адкрыць там пансіянат для старых людзей з падвышаным узроўнем камфорту. Ішлі перамовы з інвестарамі з Германіі і Аўстрыі. Гарадскія ўлады падтрымалі ідэю, казалі тады ў арганізацыі.

Ідэю не рэалізавалі. Пасля двух гадоў прастою горад нарэшце выставіў комплекс будынкаў былога скурвендыспансера на аўкцыён у 2020 годзе. Усе аб’екты (№ 10, № 10/1 — № 10/5) выставілі на продаж у сакавіку адным лотам і ацанілі амаль у 1,4 млн рублёў. Пакупнік не знайшоўся.

Нарэшце ў ліпені 2020 года комплекс будынкаў выкупіла на аўкцыёне кампанія «БелБурБуд». Цана аб’екта склала 900 тыс. рублёў.

Грамадскія абмеркаванні будоўлі ладзяць ужо другі раз.