У параўнанні з 2022 годам месцаў, дзе адзначыць вечар напярэдадні Усіх Святых у Гродне, амаль не засталося. Hrodna.life знайшоў толькі тры бары і адну студыю, дзе ў 2023 праводзяць тэматычныя мерапрыемствы для дарослых, а таксама адно дзяцячае свята. Гэта вынік негалоснай забароны Хэлоўіна ў Беларусі, якую ўвялі летась.
Для параўнання, у мінулым годзе мы налічылі больш за 20 вечарынак, спецыяльных прапановаў ад рэстаранаў, фотазон і акцый.
Чаму ў Беларусі перасталі святкаваць Хэлоўін?
Гэта стала вынікам актыўных зваротаў да ўлады гродзенскай актывісткі Вольгі Бондаравай і яе паслядоўнікаў.
У зваротах яны сцвярджалі, што Хэлоўін быццам бы супярэчыць гістарычным, культурным і духоўным традыцыям беларусаў, прапагандуе гвалт, агрэсію, асацыяльныя паводзіны дзяцей і моладзі, аказвае негатыўны ўплыў на духоўна-маральнае развіццё грамадства.
У выніку ў Беларусі святкаванне Хэлоўіна фактычна патрапіла пад забарону.
Чыноўнікі сочаць, каб у Беларусі не было Хэлоўіна
Цягам тыдня перад Хэлоўінам супрацоўнікі Гродзенскага гарвыканкама тэлефанавалі ў прыватныя арганізацыі, якія рэкламавалі тэматычныя вечарыны. Яны патрабавалі прыбраць іх афішы з сацсетак, расказала Hrodna.life крыніца, блізкая да выканкама. Некаторыя ўстановы тут жа прыбралі рэкламу. «Для нас гэта можа мець наступствы», — растлумачыў у размове з Hrodna.life прадстаўнік гродзенскага грамадскага харчавання.
Распараджэнне аб забароне Хэлоўіна разаслаў Гродзенскі аблвыканкам, даведалася Zerkalo.io. Атрымальнікі — Гродзенскі гарвыканкам і райвыканкамы вобласці, а таксама мясцовы БРСМ. У тэксте ліста чыноўнікі звяртаюць увагу «на недапушчальнасць правядзення мерапрыемстваў і папулярызацыя свята „Хэлоўін“», а таксама забараняюць любую яго атрыбутыку — гарбузы, павуцінне, маскі на дзвярах і не толькі.
Гумар і after party ў стылі Halloween
У бары «Падвал» 28 кастрычніка адбудзецца імправізацыйнае гумарыстычнае шоў «Гісторыі». Кожны, хто будзе ў строі, атрымае бясплатны напой на ўваходзе. На stand up выступяць Максім Раманюк, Андрэй Фурман, Аляксандр Краўчук. Пасля шоў — вялікае after party «Halloween party». Для гледачоў stand up уваход бясплатны, для новых наведвальнікаў - 10 руб. Пачатак у 23:30.
DJ party з нагоды Хэлоўіна
У бары Five-No на Вялікай Траецкай 28 кастрычніка плануюць PRE-HALLOWEEN PARTY. Усю ноч за музыку будуць адказваць NerV (neurofunk), SHULGIN (jungle), NikPGS (drum&bass). Пачатак у 21.30
Таксама запланаваныя фотазона, конкурсы, тэматычныя кактэйлі.
Halloween party
Вечарыны з нагоды Хэлоўіна ладзяць і ў ірландскім бары Harat’s. Яны пройдуць 27 і 28 кастрычніка, пачатак у 21.00. Вядучым будзе Максім Раманюк, за музыку адказвае DJ Vova. Гасцей чакае welcome-drink, конкурсы і фотазона.
Кактэйль у падарунак за грым
У кафэ-клубе «Чемпи» 28−29 кастрычніка прапануюць бясплатны кактэйль тым наведнікам, якія прыйдуць у хэлоўінскіх вобразах.
Маляванне з таролагам
29 кастрычніка ў студыі малявання «Оранжерея» пройдзе незвычайны майстар-клас на тэму «Афірмацыі». Стваральніца студыі арганізвала калабарацыю з таролагам і нумеролагам. Удзельнікі атрымаюць таемнае пасланне ад госця. Будуць глінтвейн, закускі і ласункі.
«Для тых, хто пастаянна імкнецца знайсці сябе сваё прызначэнне і палепшыць якасць жыцця. Бо дзякуючы нумаралогіі і раскладу карт таро маожна хутчэй дасягнуць сваіх мэтаў, так як ужо ведаеш свой шлях! Ну і плюс да ўсяго — гэта вельмі адлюстроўвае настрой Хэлоўіна».
Пачатак у 17.00, колькасць месцаў абмежаваная — толькі 10.
Дзіцячы «Хэлоўін»… без Хэлоўіна
Дзіцячае свята «Именины у Буу» пройдзе на базе адпачынку «Прывал» 28 і 29 кастрычніка. Пачатак у 16.00. Афіша выканана ў стылістыцы Хэлоўіна, але ні слова пра гэта свята на ёй няма.
Глядзіце таксама: Як адзначылі пярэдадзень Хэлоўіна 2020 ў барах Гродна
Дзе яшчэ ў Гродне заўважылі Хэлоўін?
Інтэрнэт-крама gemma.by давала зніжку ў 13% па промакодзе «ТЫКВА». Праўда, акцыя праходзіла з 16 па 19 кастрычніка і ўжо скончылася.
У Instagram некаторых кавярняў мы таксама заўважылі ўпрыгожанні да Хэлоўіна, але іх значна менш, чым было ў мінулыя гады.