У ноч з 29 на 30 кастрычніка гарадскія бары пагрузіліся ў містычную атмасферу гарбузоў, свечак і зданяў з прасціны. Карэспандэнты Hrodna.life распыталі ўдзельнікаў свята аб іх строях і настроі.

«Хтосьці заходзіў у рожках»

У бары «Мендзялееў» наведвальнікаў сустракаюць супрацоўнікі ў грыме, зробленым на хуткую руку — усяго за 20 хвілін. Барвумэн на імя Аляска кажа, што пакуль госці прыходзяць у паўсядзённым адзенні. Але вечар толькі пачаўся, а пік наведвальнасці прыпадае на гадзіну ночы — усё яшчэ можа змяніцца.

«Праца ідзе, заказы ляцяць. Краем вока бачыла, што хтосьци заходзіў з рожкамі на галаве».

У рестабары «Пабла» і бары «Лондан» пануе спакойная атмасфера. Усе наведнікі ў звычайным адзенні, аднак бары ўпрыгожаны грунтоўна. Супрацоўнікі «Пабла» кажуць, што павуцінне куплялі да свята, а свечкі ў бутэльках і так стаяць у іх у звычайныя дні як частка інтэр'еру.

Бармэн Эдгар з бара «Лондан» адзначае, што госці прыходзяць у паўсядзённым адзенні і асаблівага наплыву няма.

«Магу толькі сказаць, што ў цэлым наведвальнікаў стала менш. Таму сёння напаўняльнасць бара як і ў звычайны дзень».

Чытайце таксама: Гарбузовы суп, гарбузовы латэ і сырнікі з гарбузовым соусам. Якія сезонныя прапановы ёсць ва ўстановах Гродна

«На мне цяпер каля тысячы рублёў»

У бары «Сон «- вечар герояў кіно. Нямала гасцей у грыме і касцюмах. Дар'і Петруль 26 гадоў, яна абрала вобраз Лідзіі Дытц з фільма «Бітлджус».

Хэллоуин Гродно
Дар’я Петруль (злева) абрала вобраз Лідзіі Дытц з фільма «Бітлджус»

«Мне падабаецца кінарэжысэр Цім Бертан, — кажа Дар’я, — таму фільм я выбрала адпаведны. Сукенка ўжо была, вэлюм зрабіла сама. На прадумванне і стварэнне вобразу выдаткавала прыкладна суткі».

Дзяўчыне падабаецца ствараць незвычайныя вобразы і антураж. Акрамя касцюма яна збіралася спячы на Хэлоўін асаблівае тэматычнае печыва.

Дар’я кажа, што выходзіць у горад на свята Хэлоўіна практычна кожны год. Ёй здалося, што сёлета месцаў з тэматычнымі праграмамі было менш, чым звычайна.

Чытайце таксама: «Обычная пьянка, но в костюмах». Что гродненцы думают о Хэллоуине

У Валянціны ў вобразе жудаснага Чырвонага Капялюшыка іншае меркаванне. Ёй 26 гадоў і яна таксама кожны год у дні Хэлоўіна ходзіць па ўстановах. Летась усё здавалася больш «тухлым», лічыць Валянціна, а сёння атмасферай і вобразамі яна задаволеная. Да гэтага з кампаніяй яны заходзілі ў кафэ «AvaCava» і там у касцюмах былі толькі яны. Магчыма, прыйшлі занадта рана, адзначыла Валянціна.

Хэллоуин Гродно
Жудасны Чырвоны Капялюшык у выкананні Валянціны

Сякера Валянціны зроблена з пенаплексу. «Гэта прамысловы ўцяпляльнік. Ён мяккі і з яго лёгка нешта выразаць і адшліфаваць. Рана на твары зроблена на аснове сілікону. У мяне яшчэ з мінулага года сілікон застаўся, яго і нанесла. А можна проста зварыць жэлацін і гліцэрын разам і наносіць».

Андрэй прыйшоў у «Сон» з кампаніяй, якая захапляецца «Sketch Day». Гэта мастакі, якія займаюцца маляваннем з натуры і не толькі. Для свайго вобраза ён абраў персанажа Уладзіслава Тыка з фільма «Рэальныя вупыры».

«Гэта свайго роду камедыя і жахі ў адным фільме. Вампіры там смешныя і чалавечныя. Мне гэта спадабалася. Касцюм я сам не рабіў. Усё купіў, на мне цяпер каля тысячы рублёў».

Хэллоуин наряды костюмы Гродно
Андрэй (справа) у вобразе героя фільма «Рэальныя вупыры»

Чытайце таксама: С весельем, призами и скидками. Как отметить Хэллоуин в Гродно

«Натхнялася сітуацыяй у свеце»

Калі ў іншых ўстановах адзначаць Дзень усіх святых пачыналі прыкладна з 21.00, то ў бары «Мята» свята пачыналася ў 23.00. Вядоўца Ірына распавяла, што ў «Мяте» усіх гасцей у хэллоўінскіх вобразах чакае камплімент — шот «Крывавая Мэры».

Казаць пра колькасць людзей менавіта на Дзень усіх святых складана, адзначае Ірына. «Ёсць дыскатэка і танцы. За кошт гэтага людзі пастаянна прыходзяць і сыходзяць». Наведвальнасць залежыць хутчэй не ад канкрэтнага свята, а ад вядоўцы і дыджэяў у пэўны вечар, лічыць Ірына.

Таццяна Будрыца і Марыя Карповіч прыйшлі сюды, бо даведаліся пра праграму з дыджэем. Яны былі тут у мінулыя выхадныя і ім усё спадабалася.

бар Мята Хэллоуин наряды костюмы Гродно
Марыя і Таццяна ў хэлоўінскіх вобразах у бары «Мята»

Свой вобраз Таццяна прадумвала грунтоўна: тыдзень праглядала варыянты макіяжу і касцюмы. Збірацца пачала каля сямі вечара. «Люблю ўсё бліскучае і прыгожае. Старалася зрабіць так, каб вобраз выглядаў святочна».

Марыя падышла да свайго вобразу інакш. Яна натхнялася сітуацыяй у свеце. Свой касцюм яна называе супрацьрадыяцыйным. Рэчы для яго яна пазычыла ў сябра. «Выкажам здагадку, што такое адбылося, і уяві, што з’явіліся зомбі. Таму сёння я — зомбі вось у такім строі».

Чытайце таксама: Эльфийка или женщина-змея? Кем нарядиться на Хэллоуин, если нечисть уже надоела

«Падводкі скончыліся, а белы грым змяшалі з танальнікам»

Па вуліцы Савецкай людзей у грыме спяшаюцца на свята, але іх не вельмі шмат.

16-гадовая Ганна з сяброўкай упершыню выйшлі ў вобразах на вуліцу. Над макіяжам яны працавалі каля дзвюх гадзін. Выкарыстоўвалі белы грым, змешвалі яго з танальным крэмам і пудрай. У працэсе ў іх скончылася падводка для вачэй, а для вуснаў яны купілі чорную памаду.

Хэллоуин наряды костюмы Гродно
Ствараючы вобразы для Хэлоўіна, дзяўчаты натхняліся серыяламі Netflix

У трэндах гэтага года відавочна ўпрыгожванне інтэр'ераў павуціннем. Бары і кафэ ў асноўным закупілі такі дэкор. Некаторым установам пашанцавала: павучкі звонку ўпрыгожылі іх бясплатна.

"Касцюмаў менш, павуціння больш". Як адзначылі пярэдадзень Хэлоўіна ў барах Гродна

Чытайце таксама: В Гродно отменили вечеринку и убрали декорации к Хэллоуину — пожаловалась провластная активистка