Ігар Банцар — гродзенскі музыка і былы палітвязень. Яму 42 гады. Зараз Ігар жыве ў Варшаве і хоча паўтарыць кар’еру Віктара Цоя — уладкавацца ў «качагарку». Пра тое, чаму гродзенская турма раднейшая, як пазнаць беларуса і што дапаможа перажыць зняволенне, Ігар Банцар распавёў у відэа-праекце Руслана Кулевіча «Мы вернемся».

У верасні 2020 года Ігар станцаваў без штаноў перад міліцэйскай машынай. За гэта 19 сакавіка 2021 яго прызналі вінаватым у хуліганстве і прысудзілі яму 1,5 года «хіміі». Да вынясення прысуду ён знаходзіўся ў СІЗА, дзе 16 дзён трымаў сухую галадоўку. З 17 чэрвеня 2021 года ён адбываў пакаранне ў ВУАТ № 9. 17 снежня ён выйшаў на волю. У жніўні 2022 — адседзеў яшчэ 45 сутак паводле адміністрацыйнага артыкула.

Пра сябе

Я апошні рок-н-рольшчык на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а пасля таго, што адбываецца ў Расіі і Украіне — можа быць і ў былым «саўку».

У мяне ўсё жыццё — як праца. Мяне часам самога палохае — я гляджу на нейкія свае моманты ў жыцці як на тое, што будзе потым прыгожа ў сцэнары глядзецца. Я гару дарэшты, ужо не першы год.

игорь банцер
Ігар Банцар хоча напісаць аўтабіяграфію да 50 гадоў. Скрыншот з інтэрв'ю праекту «Мы вернемся»

Пра планаванне

У тым раскладзе, які мы цяпер маем, на жаль, планаваць далей, чым на нейкі тыдзень, ну максімум месяц — немагчыма.

Цяпер планы такія — патусавацца ў Польшчы, паехаць у родную Беларусь, паглядзець, што там, зрабіць рамонт у кватэры, пагутарыць з бацькамі. А дальнатэрміновага планавання ўжо няма, на жаль, даўно. Думаю, гэта знаёма ўсім беларусам сёння, і расіянам у тым ліку, ужо пра ўкраінцаў і казаць не будзем, у іх сітуацыя самая трагічная.

У Гродне сядзець класна

Зараз, у жніўні гэтага года, я сядзеў тры разы па 15 сутак адміністрацыйнага на Валадарцы. Гродзенская турма раднейшая! Чыста псіхалагічны фактар: тут родныя вуліцы за сцяной, і там дзесьці ходзяць твае блізкія, знаёмыя. На самрэч, калі ты сядзіш, аднолькава нязручна, непрыемна і мала кайфу ў тым, каб там знаходзіцца. У камеры на чатыры чалавекі - чалавек дваццаць мы сядзелі - дзесьці 16, дзесьці 26. Такія рэаліі: пасадзілі пакутаваць, значыць, пакутуем.

У Гродне вельмі класна сядзець: калі лета, там амаль заўсёды адчыненыя вокны. Ёсць такія класныя камеры, дзе можна прама з другога паверха ўбачыць вежу касцёла, флюгер з анёлам, гадзіннікі нашы гістарычныя. Валадарка таксама ў цэнтры Менска, але там усё так запакавана, што ў цябе няма магчымасці пачуць, як ідуць і смяюцца людзі на вуліцы проста пад акном, як машыны падгазоўваюць, як увечары нейкія варушнякі адбываюцца ў барах у цэнтры горада. Гродна — вельмі класны горад, нават турма ў нас класная.

Пра развіццё

Вельмі крута бачыць, як развіваецца Польшча, як з постсавецкай, посткамуністычнай краіны ператвараецца ў рэальна еўрапейскую краіну. Я думаю, у Беларусі таксама калі-небудзь будзе так. Але для таго, каб у Беларусі было, як у Польшчы, трэба ў Беларусі варушэнне наводзіць, а не ўцякаць.

Я не палітык. Я за музычныя, лайфстайловые тэмы, якія прасоўваюць нас як грамадства наперад, дазваляюць рассоўваць межы талерантнасці, паказаць нейкія часткі спектру палітычнага, якія можа быць для звычайнага абывацеля схаваныя.

Пра рэвалюцыю

«Калі я не магу танцаваць — гэта не мая рэвалюцыя», — гэта Эма Гольдман. Мы рабілі свае андэграўндныя, нізавыя рухі пад такім лозунгам, сустракаліся, абмяркоўвалі бягучую сітуацыю, парадак у краіне ў 2020-м годзе, у жніўні.

Игорь Банцер
На сквоце ў Варшаве. На сцяне — цытата Эмы Гольдман. Скрыншот з інтэрв'ю

Мы цяпер не крычым пра рэвалюцыю ў плане, што зараз пойдзем кагосьці рэзаць, забіваць. Я кажу пра мірную, негвалтоўную рэвалюцыю, змены ў ментальнасці, у свядомасці людзей шляхам таго, што ты паказваеш — мы хочам рухацца наперад, не ў Сярэднявечча вяртацца, а развівацца як цывілізацыя.

Пра Савецкі Саюз

Мяне захапляюць людзі, якія 150 гадоў таму думалі пра тое, як наша грамадства будзе выглядаць праз 50, 100, 150 гадоў. Я такіх людзей паважаю, такія людзі ёсць і ў нашай Беларусі, сённяшняй. Пасля 2020-га года такіх паменш стала. Хачу верыць, што ўсе ва ўнутранай эміграцыі, з дуляй у кішэні, спрабуюць неяк выжываць. Савецкі саюз таксама існаваў не адзін год. (…) Але калі твае бацькі былі з Савецкага саюза і ты іх паважаеш — значыць усё ж такі магчыма было захаваць яснасць, цвярозасць розуму, нават разумеючы, што мы жывем у няслушных умовах, рухацца ў слушным кірунку.

Пра вайну і Дзень нараджэння

Пра вайну я даведаўся вельмі весела. 24 лютага — гэта мой дзень нараджэння. Прачынаюся раніцай, радасна адкрываю фэйсбучак, думаю, зараз мне прыляціць шмат розных віншаванак ад фанатаў, сяброў, знаёмых з усяго свету, адкрываю, а там… першая рэакцыя — нічога сабе, гэта ўсё адбываецца ў мой дзень нараджэння. Сяджу збянтэжаны, думаю — як добра, што, а 12 гадзіне ночы фэйсбук пачаў рэмайндэры рассылаць, і хоць хтосьці мяне павіншуе.

Калі ў 21-м годзе я сядзеў, выйшаў з карцэра 20 лютага, толькі пачаў адыходзіць ад яго, мяне пасадзілі ў самую паганую камеру гродзенскага цэнтрала, у склепе, зацёклая, з цвіллю, страшная. (…) Сяджу, думаю — самы дрэнны дзень нараджэння, які можна сабе ўявіць. Прайшоў год, і аказалася, што можа быць яшчэ горш.

игорь банцер
Ігар Банцар: «Вайна пачалася на мой дзень нараджэння». Скрыншот з інтэрв'ю праекту «Мы вернемся»

Пра выбар

У прынцыпе сядзець складана, нікому не рэкамендую. Ніколі не хацеў сядзець.

Калі чалавек бачыць сябе часткай еўрапейскага грамадства і разумее, што на дадзеным этапе ў Беларусі ён не зможа сябе рэалізаваць, ён збіраецца і з’язджае. Гэта абсалютна ўпэўненае рашэнне. Але ў мяне ёсць прыяцелі, якія засталіся, якія свядома пайшлі сядзець. Я сядзеў, выходжу, мне кажуць — Паўла Мажэйку арыштавалі, найвядомага журналіста. (…) Я не магу яго не паважаць за яго пазіцыю. Ён сказаў, што калі я нічога не парушаю, з’яўляюся часткай беларускага грамадства, окей, давайце будзем гуляць па вашых правілах, паглядзім, што з гэтага атрымаецца.

А я сустракаюся з такімі думкамі - што ён быў няправы, хі-хі, ха-ха. Гэтыя людзі проста не разумеюць, што цяпер адбываецца. Мы ўсё частка аднаго грамадства. Калі ты не можаш на гэты момант быць у Беларусі - выязджаеш, робіш нешта добрае за мяжой. А хтосьці ідзе ў турму. Трэба займацца сваім, не парушаць закон, і паглядзім, як гэта будзе. Мне здаецца, усё будзе добра. Пытанне — калі.

Чытайце таксама: Вместо Парижа поедет на «химию». Гродненский айтишник Глеб Койпиш рассказал, чему научился в тюрьме и зачем там нужен конференц-зал

Пра танец і міліцыю

Трэба разумець кантэкст. А 3 гадзіне ночы, на паркоўцы, дзе бегае п’яная, распаленая моладзь (…) відавочна было — адкуль тут узяцца цвярозаму чалавеку?

Я абсалютна згодны з супрацоўнікам міліцыі, які падумаў, што я быў бухі. Калі б ён расцаніў гэта як акт сучаснага мастацтва, трэба было б прызнаць, што ён не на сваім месцы, магчыма, яму трэба ў крытыкі.

Я ўжо папрасіў прабачэння перад ім неаднаразова. (…) Пісаў у Следчы камітэт, што гатовы папрасіць прабачэння, гатовы выступіць ва ўсіх дзяржаўных СМІ на тэму таго, што супрацоўнікаў міліцыі крыўдзіць нельга, як сябе я паводзіў — так сябе паводзіць нельга, гэтыя паводзіны цынічныя, амаральныя, я гэта прызнаю. Але мне не далі слова.

игорь банцер
Ігар Банцар: «Мне не далі слова». Скрыншот з інтэрв'ю праекту «Мы вернемся»

Пра галадоўку

Новы год я сустрэў у дурцы. З’ездзіў у Навінкі, выявілася, што я не псіх — 10 старонак экспертнага заключэння. Я чакаў, што мяне выпусцяць, пісаў лісты адвакату. Але аказалася, што я настолькі небяспечны, мой танец — я не ведаю, што гэта была за тэрарыстычная атака на гэтую сістэму, да гэтага часу не разумею. Мяне не выпускалі.

Адзіны легальны метад, які я бачыў, паказаць, што я не згодны з тым, што са мной адбываецца — гэта галадоўка.

Гэта было вельмі радыкальна, я ўяўляў сабе, што гэта [галадоўка] скончыцца для мяне вельмі дрэнна. Я галоўнаму псіхолагу турмы, і начальніку папрасіў перадаць — адбываецца нешта няправільнае, што вы мяне трымаеце тут за гэты няшчасны танец банальны, які ў лепшым выпадку цягне на адміністрацыйнае правапарушэнне, на штраф, 15 сутак. Але не на тое, што мяне там трымалі месяцамі і ўсё ж такі далі потым паўтара года. Праблемы са здароўем [пасля галадоўкі] ёсць дагэтуль.

Чытайце таксама: «Юридический казус». Игорь Банцер заплатит за коммуналку витебской «химии», хотя не жил там

Пра сваё месца і адбітак безвыходнасці

Цяпер у Беларусі плюралізм як такі адсутнічае, калі мы кажам пра палітычны спектр. Я са сваімі левымі поглядамі туды наогул не ўпісваюся. Усе гэтыя размовы вельмі засмучаюць — з супрацоўнікамі міліцыі, ГУБАЗіК — калі мне прамым тэкстам кажуць, што ты не падыходзіш, у нашай рэальнасці ты лішні элемент. Гэта вельмі цяжка — ехаць у Беларусь з усведамленнем таго, што ты там нікому не патрэбны, акрамя самых блізкіх людзей.

Калі я прыязджаю ў Варшаву — два гады не быў - то тут больш знаёмых, больш сяброў, і я сябе тут адчуваю больш камфортна, на жаль. Гэта прыходзіцца прызнаваць.

Гэты адбітак безвыходнасці на мне, можа быць, ляжыць. Але ў Беларусі цяпер гэта нармальна! Гэтая пячатка, туга паўсюдная, — мне здаецца, цяпер гэта ў кожнага грамадзяніна Беларусі, можна пазнаць адзін аднаго.

Пра нізавы актывізм

Я 20 гадоў у нізавым актывізме — музычным, лайвстайловым. (…) Гэта мае свае плюсы: калі ты ўсё жыццё катаешся па канцэртах, спіш на падлозе, то калі цябе садзяць у камеру, дзе няма месца, табе ўсё роўна, дзе ты — на падлозе, на нарах. І на стале, і на лавачцы, і на тумбачцы ўжо паспаў, усюды.

Игорь Банцер
Ігар Банцар фарбуе сцены сквота у цэнтры Варшаве. Скрыншот інтэрв'ю

Адзіночка, крымінальнікі і татуіроўкі

Мяне заўсёды трымалі ў адзіночцы, тыпу я псіх, думалі. Нават калі я вярнуўся з Мінска з экспертызай.

З крымінальнікамі ж размова простая. Калі сядзеў у жніўні, там былі розныя персанажы. Але там усе разумеюць, што мы з’яўляемся ў сістэме тымі, каго сістэма гнабіць, таму ніякіх сур’ёзных праблем не было. Хтосьці цікавіўся «за татуіроўкі», але я заўсёды казаў, што ў мяне яны чыста па лайфстайле, па рок-н-ролу, і тэма на гэтым зачынялася. Больш пытанняў было з боку супрацоўнікаў, сістэмы. Хтосьці не ўнікаў і казалі - гэй, ты сіні, ты крымінальнік.

Гродзенская турма раднейшая: "Апошні рок-н-рольшчык Беларусі" Ігар Банцар - пра Варшаву, вяртанне дадому і адбітак безвыходнасці
Ігар Банцар: «Татуіроўка — гэта сучаснае мастацтва». Скрыншот з інтэрв'ю праекту «Мы вернемся»

Хтосьці хоча думаць, што татуіраваныя людзі - сінія крымінальнікі, але яшчэ гадоў 10−15, і мы памяняем гэта. Гэта цікавая ніва, на якой я працую — даносіць да людзей, што татуіроўка — гэта сучаснае мастацтва, а не проста нейкае таўро, што ты пасядзеў на зоне. (…) Нават у супрацоўнікаў міліцыі заўважаю татуіроўкі, і гэта мяне невымоўна радуе — відаць, што ім хочацца нейкага нармальнага жыцця, глядзець на нейкія больш прасунутыя тэмы, а не проста глынаць гэтую прапаганду і быць шрубкай сістэмы, якая бяздумна выконвае загады.

Грамадства разнароднае, ёсць і левыя, і правыя, і крайнія левыя і крайнія правыя. Але ці мы ўсё ж такі неяк дамаўляемся і знаходзім гэты кансэнсус агульнанацыянальны, грамадскую дамову, ці будуць нейкія незразумелыя падзеі.

«Радыё Банцэр»

Я прапаноўваў [арганізаваць выступ як музыка], але ў гродзенскай турме няма памяшкання, няма магчымасці. А перформансы былі, розныя.

У турме, у адзіночцы — чым заняцца? Ажыццяўляў межкамерную сувязь, па трубе меў стасаванне, калі здымаеш сіфон і маеш камунікуеш. Тады я пачаў паказваць «Радыё Банцэр» — выходзіў з нейкімі навінамі, нейкія гісторыі распавядаў, забаўляў тым самым іншых «пастаяльцаў».

Гродзенская турма раднейшая: "Апошні рок-н-рольшчык Беларусі" Ігар Банцар - пра Варшаву, вяртанне дадому і адбітак безвыходнасці
Ігар Банцэр. Скрыншот з інтэрв'ю праекту «Мы вернемся»

Пра падтрымку і пазітыўную энергію

Падтрымка звонку абмежаваная, калі ты ў турме. Мне пашанцавала, што на пачатковым этапе лісты праходзілі, вельмі вялікім аб’ёмам. На дзень нараджэння, які я адзначаў у 21-м годзе ў турме, мне прыйшло больш за 100 паштовак і лістоў.

Вельмі крута, што была гэтая падтрымка, гэта прыемна па-чалавечы, значыць, я нездарма ўсе гэтыя гады займаўся актывізмам, значыць, для кагосьці мая творчасць важная. Мне ў першую чаргу важная пазітыўная энергія, сам факт разумення таго, што дзесьці ёсць чалавек, які пра цябе добра думае.

Я веру ў калектыўны розум, што калі вялікая колькасць людзей пасылае пазітыўную энергію ў космас — гэта не сыходзіць у пустэчу. Калі сядзіш у карцэры, у адзіночцы, і табе цяжка, нейкія моманты слабасці… калі ледзь не слёзы на вачах і ты думаеш — а навошта гэта ўсё? І потым раптам сонца з’яўляецца, і ты адчуваеш такі магутны струмень энергіі, што па-іншаму расцэньваць гэтую сілу калектыўнага розуму, энергію людзей, якія цябе падтрымліваюць, немагчыма. Я на сабе гэта адчуў, і таксама практыкую — думаю пра людзей у турме, пасылаю ім сваю энергію, промні святла.

Як выжыць у турме, калі лісты не даходзяць

Мой досвед — ты мусіш адшукваць у сябе нейкія ўнутраныя рэсурсы. Калі ты асоба больш шматгранная, не вузкалобая (…) — у цябе атрымаецца. Калі ты не зусім гатовы да такіх выпрабаванняў, тады варта прызнаць, што для цябе гэта ўсё, быць можа, скончыцца нейкімі непрыемнымі момантамі. Я таксама такое сустракаў - і эмацыйныя зрывы, і паводзілі сябе вельмі некарэктна.

игорь банцер
Ігар Банцэр: «Можаце называць мяне ідыётам, але я хачу верыць толькі ў найлепшае». Скрыншот з інтэрв'ю праекту «Мы вернемся»

Асабіста мне дапамагло, што ў мяне заўсёды нейкія канцэпцыі, думаў пра мінулае, пра будучыню, пра сяброў, пра тое, што зроблена, што не зроблена, былі планы на творчасць, кар’еру. Калі б гэтага не было, думаю, я б загнуўся, звар’яцеў.

Чытайце таксама: «Нам не патрэбныя фанаты, нам патрэбныя аднадумцы». Гродзенскі панк-гурт «Mister X» выпусціў у Нямеччыне «The best» на вініле

Мы рухаемся наперад

Трэба развівацца, гэта дапамагае ў любой сітуацыі - у турме, на волі. Калі ты цэласная асоба, гэта бачна, гэта класна, і дапамагае грамадству рухацца наперад.

Я веру, што мы ўсё ж рухаемся наперад, а не да атамнай вайны, і ніхто мяне не пераканае. Нягледзячы на тое, што тут адбываецца, я застаюся ультрааптымістам.

Чытайце таксама: «Жартаваць трэба». Беларускія стэндап-комікі пра гумар у час вайны і рэпрэсій