У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унеслі Telegram-канал «Беларускi праваслаўны прыход у Вiльнi». Гэта канал прыхода, які арганізавалі ў эміграцыі святары Георгій Рой і Аляксандр Кухта.

Яго прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» 20 кастрычніка суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы. Таксама суды розных раёнаў Беларусі цягам 19−20 кастрычніка прызналі экстрэмісцкімі:

  • сайт і сацсеткі Палка Каліноўскага, «візуальны матэрыял, тэкст „Polk Kalinouskaha“, „Полк Каліноўскага“, у тым ліку з якімі-небудзь надпісамі»;
  • Telegram-каналы і чаты «Раковское Шоссе», «Столін ТуТ», «Беларускі Дабраахвотніцкі Корпус», «Кiрылюк Notes Жыве Беларусь», «EX-PRESS.LІVE»;
  • Instagram-старонка «volnyjaa „Вольныя Iнiцыятыва дапамогi вольным палiтвязням Беларусi“»;
  • Facebook-старонка «Святлана Ціханоўская»;
  • Сайт, старонкі ў сацсетках і Viber праекту «Рогачев Online»;
  • TikTok-старонкі «Беларуска з пад Магілёва», «АндрейGhost».

Святары прыхода: «Тое, што мы робім, гаворым і пішам — важна настолькі, што гэтага вельмі баяцца беларускія ўлады»

Святары Георгій Рой і Аляксандр Кухта адрэагавалі на прызнанне паведамленнем у канале:

1. Пасля падзей 2020 года паняцце «экстрэміст» у нашай краіне памяняла сваё значэнне на абсалютна супрацьлеглае. Быць «экстрэмістам» у Беларусі - гэта значыць НЕ падтрымліваць гвалт і рэпрэсіі.
2. Тое, што мы робім, гаворым і пішам — важна настолькі, што гэтага вельмі баяцца беларускія ўлады. І зараз у нас ёсць таму дакументальнае пацверджанне.
3. Сам прыход пакуль што экстрэмісцкай арганізацыяй не прызнаны. Толькі канал у тэлеге. Гэта значыць, што калі вы жывяце ў Беларусі, то будзьце вееееееельмі асцярожны, чытаючы нашы навіны. Бо на роўным месцы можна атрымаць крымінальную справу. Але калі вы будзеце праездам у Вільні, то калі ласка ў госці!

Чытайце таксама: «Імідж для царквы важны, але яго ствараюць для рэжыму». Як рэпрэсуюць святароў і што гэта значыць для вернікаў

Святары Георгій Рой з Гродна і Аляксандр Кухта з Мінска пакінулі Беларусь у красавіку 2023 і пераехалі ў Літву ў сувязі з пераследам з-за іх грамадзянскай пазіцыі. Яны патлумачылі, што сумленне не дазваляла знаходзіцца ім у юрысдыкцыі Маскоўскага Патрыярхата. Іх прынялі ва Усяленскі патрыярхат — галоўны патрыярхат праваслаўнай царквы, які размяшчаецца ў Стамбуле. Ім кіруе Патрыярх Канстанцінопальскі Варфаламей.

Праваслаўны святар Георгій Рой у Гродне. Цяпер ён працуе ў Беларусі праваслаўны прыход у Вільні
Георгій Рой у Гродне. Фота з архіву Hrodna.life

Георгій Рой быў раней настаяцелем Пакроўскага сабора ў Гродне. Яго ў ліпені 2021 года знялі з гэтай пасады і накіравалі служыць у храм у вёсцы Квасоўка побач з Гроднам. Рой быў адным з некалькіх праваслаўных святароў, якіх знялі з пасадаў пасля прымусовай адпраўкі на пенсію архіепіскапа Арцемія, які меў імідж прадэмакратычнага іерарха. У красавіку 2022 года Георгій Рой падпісаў зварот святароў РПЦ з заклікам да прымірэння і сканчэння вайны ва Украіне.