На Дзень Незалежнасці ў Гродне плануюць выдаткаваць не менш за 39 000 рублёў. Даражэй за ўсё абыйдзецца феерверк — 15 000. Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры пачаў рыхтуецца да свята і абвясціў дзяржзакупкі. Рэдакцыя Hrodna.life прааналізавала іх.

Абслугоўванне мабільнага сцэнічнага комплексу з трапам на плошчы Леніна будзе каштаваць 8 000 рублёў. Гэта ў 20 разоў менш, чым каштавала сцэна на Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур. Неабходны комплекс, які складаецца з асноўнай сцэнічнай скрынкі з элеватарам і сцэнічным подыумам памерам не менш 10 на 12 метраў і вышынёй подыўма не менш за 1.2 метра.

На светлавое абсталяванне выдаткуюць 4000 рублёў, гукавое — 4500 рублёў, LED-экран — 7500 рублёў.

Феерверк

На святочны феерверк на Дзень Незалежнасці 3 ліпеня выдаткуюць 15 000 рублёў з гарадскога бюджэту. Феерверк запусцяць з даху будынка Гродзенскага гарвыканкама. Ён будзе доўжыцца сем хвілін. Феерверк пройдзе «з улікам кампазіцыйнай высокамастацкай і эстэтычнай пастаноўкі святочных мерапрыемстваў па ўзгадненні з заказчыкам».

Гэта шмат?

Напрыклад, на Дзень горада ў 2021 годзе выдаткавалі 42 500 рублёў, а на Новы год — 17 000. На трохдзённы Фестываль нацыянальных культур — не менш за 179 тысяч рублёў, з якіх у 160 000 абышлася сцэна.

Праграмы на Дзень Незалежнасці, які адзначаць 3 ліпеня, пакуль няма.

Чытайце таксама: Канцэрт на Леніна і мядзведзь у парку. Як прайшоў Дзень Незалежнасці ў Гродне