Ваўкавыскі раённы суд па позве Ваўкавыскага аддзела культуры да Паўла Падкарытава 4 верасня скасаваў дамову 2013 году па набыцці маёнтка Падароск. Суд вырашыў скасаваць дамову нібы «з-за невыканання умовы па ўводзе аб’ектаў ў гаспадарчы абарот», расказаў Павел. Суд пачаўся ў жніўні 2023 года.
«Лічу рашэнне незаконным па шэрагу абставінаў:
— справа непадсудна раённаму суду і адпаведна дамове павінна была разглядацца Эканамічным судом Гарадзенскай вобласці;
— тэрмін даўніны па позве прапушчаны шмат гадоў таму;
— аб'ект уведзены ў гаспадарчы абарот у 2014 годзе шляхом стварэння турыстычнага прадпрыемства, перадачы яму аб’ектаў нерухомасці і вядзення прадпрыемствам гаспадарчай дзейнасці - арганізацыі экскурсыйнага абслугоўвання турыстаў на маёнтку цягам 2014−2023 гадоў;
— суду былі прадстаўленыя ўсе доказы ўводу аб’ектаў у гаспадарчы абарот і вядзення прадпрыемствам гаспадарчай дзейнасці з выкарыстаннем набытых па дамове аб’ектаў;
— патрабаваных законам абставін, дастатковых для скасавання дамовы, няма ў наяўнасці", — напісаў Павел.
Рашэнне не ўступіла ў законную сілу і будзе абскарджанае ў вышэйшыя суды.
Павел Падкарытаў выкупіў сядзібу ў 2013 годзе. Ён збіраўся прыцягнуць у гарадок новых жыхароў і выратаваць яго ад вымірання. Камандзе прыйшлося ствараць першасную дакументацыю па маёнтку зноўку і праводзіць нятанныя навуковыя даследаванні. Скончыць праект планавалі ў пачатку 2023 года. Далей у планах было атрыманне заключэння дзяржэкспертызы, запуск кафэ, крамы і часовай экспазіцыі.
У кастрычніку 2022 года на прадпрыемстве «Маёнтак Падароск» Ваўкавыскага раёна затрымалі трох супрацоўнікаў, уключаючы кіраўніка Юрыя Меляшкевіча. Стала вядома, што распачатая крымінальная справа паводле арт.243 КК «Ухіленне ад выплаты падаткаў». Праз некаторы час затрыманыя выйшлі на волю.
Чытайце таксама: