Сядзіба Чачотаў-Бохвіцаў у Падароску магла б застацца адной з руін, якіх шмат у Беларусі. Некалі тут была музычная школа і ўпраўленне калгаса, а потым яе беспаспяхова прадавалі з аўкцыёну. У 2013 годзе яе выкупіў расійскі бізнесмен беларускага паходжання Павел Падкарытаў. Турыстычны комплекс, адкрыццё якога ўсё бліжэй, можа прыцягнуць у мястэчка новых жыхароў і выратаваць яго ад вымірання. Сядзіба на беразе сажалкі бярэ гісторыю з пачатку 16 стагоддзя. Цягам вякоў тут змяняліся гаспадары: Клочкі, Дольскія, аж у канцы 19 стагоддзя сядзіба перайшла да фаміліі Бохвіцаў - выхадцаў з Польшчы. Яны тут жылі да 1939 года, пакуль Чырвоная Армія не арыштавала апошняга гаспадара маёнтка — Отана Бохвіца. Дзе ён загінуў - невядома. Магчыма, у Гродне, Ваўкавыску, або ў мінскіх Курапатах. Пасля вайны тут была музычная школа. У 70-х — упраўленне калгаса. У канцы 80-х сядзіба ўжо стаяла пустой, яе разрабавалі. Толькі ў 2010-х пачаліся спробы продажу. Новы гаспадар з’явіўся ў 2013 годзе.

«Бязглузда адкрываць музей, калі людзям няма дзе папіць гарбаты»

Павел узгадвае, як даведаўся пра сядзібу: прачытаў артыкул у яшчэ папяровай «Нашай Ніве». Сядзіба яму адразу спадабалася. Ён прыехаў, паглядзець і на наступным аукцыёне купіў. Аднаўленне ідзе шосты год. Працы ішлі марудна, бо не было дакументаў, інжынерных схемаў, планаў. Два гады сышлі на распрацоўку тэхдакументацыі і ўзгаднення праекта ў Мінкульце.

"Тут ёсць геній месца". Як расійскі бізнесмен з беларускімі каранямі ажыўляе мястэчка Падароск
Павел Падкарытаў, уладальнік маёнтка
Сядзіба не мела электрычнасці, каналізацыі, газу. У бліжэйшы час гэтыя пытанні вырашацца. У мястэчку адкрыюцца кавярня, сувенірная крама, а ў дадатак да аграсядзібы — яшчэ дзве гасцініцы. Рэканструкцыя чакае і палац. Там трэба зрабіць новыя перакрыцці, правесці камунікацыі. А пакуль у ім адкрыецца часовы музей. Палац рамантуюць у апошнюю чаргу, бо «бязглузда адкрываць музей, калі людзям няма дзе папіць гарбаты». Будзе ўся інфраструктура: ад аўтобуснай стаянкі да гасцініц і аграсядзібы.
"Тут ёсць геній месца". Як расійскі бізнесмен з беларускімі каранямі ажыўляе мястэчка Падароск
Аграсядзіба ў Падароску
- Мы хочам, каб музей расказваў пра беларускую шляхту. Бо ўсе маюць стэрэатып, што шляхта ў нас была або летувіская, або польская, а беларусы былі ўвесь час нейкімі прыгнечанымі сялянамі. Насамрэч гэта не так, — кажа Павел і пералічвае беларускія фаміліі, якія валодалі мясцовымі землямі. — Мы хочам паказаць гісторыю нашай шляхты, паказаць, што гэта азначала — быць шляхціцам, і зрабіць гэта часткай нашай гісторыі, каб мы ўсе гэта ведалі і ганарыліся, — расказвае Павел.

«Нічога няма? Так усё ў зямлі!»

Дырэктар праекта Андрэй Колас працуе на месцы. Кажа, што яго праца творчая: прыдумваеш адзін дзень, а робіш два месяцы. Але гэты адзін дзень дае сілы. Зараз ён кантралюе будаўніцтва і займаецца распрацоўкай кампазіцыі. Працы ідуць трошкі павольна з-за недахопу досведу ў каманды і камунікацыі з дзяржавай. Андрэй кажа, лепш зрабіць не так хутка, але якасна.

"Тут ёсць геній месца". Як расійскі бізнесмен з беларускімі каранямі ажыўляе мястэчка Падароск
Андрэй Колас
- Крыўдна, калі кажуць «вось ужо шосты год, а нічога няма». А ў мяне 118 толькі аднаразовых дамоваў! Людзі не бачыць гэтай працы. Мы ўжо прабілі дзве свідравіны ў гэтым годзе агульнай даўжынёй 184 метры. Іх не відно пад зямлёй. Вырашаем бягучыя праблемы, але праца рухаецца, хоць не так хутка, але на гэта ёсць пэўныя акалічнасці. Тэрыторыя маёнтка змяшчае чатыры будынкі: палац, флігель, кузня і альтанка з калонамі, якую разабралі. Усе яны будуць выкарыстоўвацца. Руіны стайні закансервавалі, зрабілі над імі навес, а ўнутры зрабілі павільёны, дзе будзе крама і кавярня. Атрымаўся такі «домік у доміку». Падрыхтоўка ідзе: закуплена барная стойка і патрэбнае абсталяванне. А пад навесам плануюць зрабіць летнюю тэрасу. Зараз шукаюць спецыяліста, які б зрабіў вонкавы і ўнутраны дызайн. Да адкрыцця адрэстаўруюць галоўную браму цэглай 19 стагоддзя. Цэглу возьмуць з агароджы і разабранай альтанкі. Увогуле, у маёнтак было пяць заездаў. Галоўным карыстаўся толькі гаспадар і ганаровыя госці.
"Тут ёсць геній месца". Як расійскі бізнесмен з беларускімі каранямі ажыўляе мястэчка Падароск
Галоўная брама
Палац спачатку быў драўляным. У час паўстання 1830 года яго спалілі. Новыя гаспадары зрабілі палац мураваным. Будавалі паводле аднатыпнага праекту, які быў характэрны для Польшчы, Літвы і Украіны. Але новыя гаспадары дабудавалі другі паверх і па два пакоі з бакоў. Дзякуючы гэтаму палац атрымаў другую катэгорыю гісторыка-культурнай спадчыны як асобны архітэктурны праект, хоць і на базе тыповага. Унутры палаца — 17 залаў. Гістарычныя інтэр'еры не захаваліся — іх разрабавалі. Знаходзяцца толькі рэдкія экспанаты — крэсла, карціны. Сустракаць перад часовай экспазіцыяй наведвальнікаў будзе вялікі пясочны гадзіннік. Непарадак у пакоі, раскіданыя дакументы, рэчы, валіза будуць сімвалізаваць катастрофу маёнтка і пакажуць апошні дзень яго гаспадароў. Сама экспазіцыя пакажа жыццё шляхты як класа ад нараджэння да смерці на прыкладзе адной асобы — звычайнага хлопчыка ці дзяўчынкі, якія нарадзіліся шляхцічамі.

«Сінагога ў нас там ёсць… Купіце!»

— Гэты праект як ланцужок — усё чапляецца адно за адно, — расказваюць гаспадары. — Мы купілі маёнтак, сталі працаваць. Але ж людзі прыязджаюць — трэба прымаць. Зрабілі аграсядзібу. Сталі прыходзіць улады мясцовыя: «Ну вось сінагога ў нас там ёсць… Райспажыўсаюза. Купіце незадорага». Купілі. Сінагога сапраўды каштоўная — канца 18 стагоддзя. Знаходзіцца ў суседняй вёсцы Ізабелін. Падчас падрыхтоўкі Дажынак яе маглі зруйнаваць. Цяпер уладальнікі шукаюць для стварэння праекта партнёраў, якім цікава яўрэйская спадчына. Таксама ў іх з’явіўся бровар каля Нізянаў - адна з 14 манафактур, якія тут былі ў 19 стагоддзі. Яго закансервавалі і чакаюць ідэй і партнёраў.

Увогуле, кажа Андрэй Колас, дзяржава не такая страшная, як яе малююць. За пяць гадоў сітуацыя марудна, але змянілася да лепшага: перасталі шмат штрафаваць, зменшылася колькасць праверак. Лягчэй стала, калі ўбачылі, што праца ў маёнтку ідзе. Сам маёнтак купілі на аукцыёне з паніжэннем цаны. Зараз на міні-аўкцыёне плануюць прыкупіць будынак былой пажарнай часткі. Ён адносіцца да комплекса будынкаў, проста яго не ўключылі тады ў гісторыка-культурную каштоўнасць. У далёкіх планах — узяць у арэнду сажалку, калі ўвесь комплекс будзе гатовы. І ўпарадкаваць яе. — Мы разумеем, што калі тут будзе шмат цікавых аб’ектаў, то і да нас больш людзей прыедзе. У Еўропе прынята развіваць не турыстычныя пункты, а дэстынацыі - рэгіёны. Спадзяюся, што і ў нас да гэтага прыйдзе і мы будзем перадаваць турыстаў адно аднаму, — кажа Павел. Таму ж ён падтрымліваў летам праект «Лютэранская спадчына», які мае на мэце аднаўленне старых лютэранскіх і іудзейскіх могілак у Ізабеліне.


«Вярнуць мястэчку карані». Як валанцёры аднаўляюць старыя іудзейскія і лютэранскія могілкі


«Усе хочуць працаваць прыбіральшчыкамі»

У камандзе пакуль пяць чалавек. У верасні іх стане 15. А калі ўсё запрацуе напоўніцу, будзе працаваць 60. Уладальнікі супраць аддаленай працы і кажуць, што ім патрэбны спецыялісты на месцы. Праца знойдзецца, кажуць яны. — Мясцовыя прыходзяць ледзь не кожны тыдзень. Усе хочуць вартаваць. Я кажу: «Вартаўнікі не патрэбныя» — «То тады прыбіральшчыкам». Ніхто не хоча быць турагентам, экскурсаводам, прадаваць гамбургеры, — кажа Андрэй. Ён разумее, што спецыяліста цяжка прыцягнуць у вёску. «Трэба плаціць зарплату большую, чым у горадзе, разы ў паўтары. Ці забяспечваць транспартам, бо Падароск — мяжа двух абласцей, Гродна і Брэст роўнааддалены. Ніхто не паедзе працаваць за 400 рублёў». Гаспадары супрацоўнічаюць са школай і далучаюць навучэнцаў да праекта. Андрэй яшчэ выкладае ў Ваўкавыскім каледжы маркетынг, менеджмент і эканоміку для студэнтаў. Там ён таксама прыгледжвае кадры. Студэнты будуць турагентамі, прадаўцамі, афіцыянтамі, бармэнамі. Пры тым Андрэй хоча іх зацікавіць, каб пасля адпрацоўкі яны не ўцяклі ў горад. Яму самаму падабаецца вясковае жыццё. "Тут ёсць геній месца". Як расійскі бізнесмен з беларускімі каранямі ажыўляе мястэчка Падароск — Я жыву тры гады ў Падароску і проста шчаслівы! Як мае сябры жывуць у Гродне, у Мінску: дом-праца. А ў мяне дом-праца-грыбы, дом-праца-рыбалка. Можна жыць і на хутары, абы быў добры інтэрнэт, — кажа Андрэй. Пры тым жыццё тут таннейшае. Калі прадаць кватэру ў Мінску ці Гродне, можна пад’езд сабе купіць у Падароску, жартуе Андрэй. Таму налятайце: шукаюць турагентаў, экскурсаводаў, прадаўцоў, повараў, персанал ад пакаёўкі да загадчыцы гасцініцы.  — Гэта, канешне, будзе дадатковая кропка прыцягнення для людзей, гэта ажывіць сам Падароск і навакольныя нейкія месцы. Будуць прыязджаць турысты. Будуць зарабляць людзі, не толькі мы. Павысіцца актыўнасць мясцовых людзей і, можа быць, Падароск пазбегне такога лёсу, каб проста знікнуць, як знікае шмат мястэчак. Спадзяемся, што гэта будзе цікавае месца, — кажа Павел.

Геній месца

Павел Падкарытаў нарадзіўся на Урале у Екацерынбургу. Але бабуля яго з Віцебскай вобласці. Яна вышла замуж і пераехала на Урал. У Беларусь ён прыехаў толькі ў 2010 годзе. Вывучыў беларускую мову — кажа, нескладана. Фінансаваў культурніцкія і не толькі праекты. Сядзіба — адзін такі праект, яшчэ нейкую пацягнуць нерэальна. — Тут адчуваецца геній месца. Тут вельмі ўдала ўсё спалучылася. Шмат сядзібаў, якія ёсць у Беларусі, у горшым стане. Тут захаваўся і сам палац у тым выглядзе, у якім быў. Парк не знішчылі, агароджа засталася гістарычная. Тэрыторыя сядзібы захавалася такой, як была. Можна аўтэнтычна паказаць гэтае месца, — тлумачыць Павел, чаму выбраў менавіта Падароск.

- У кожнага свой пункцік. Хтосьці набывае яхты маторныя. А мне хочацца, каб тут было такое месца. Я шмат паездзіў і бачыў, як да гэтага ставяцца ў іншых краінах — нават у суседніх Літве, Польшчы, Эстоніі. Мне проста крыўдна, што ў Беларусі такога няма. Што доўгі час пазіцыянавалася, што ў краіне з такім багатым культурным і гістарычным патэнцыялам нічога цікавага няма. Пакуль можна яшчэ адрадзіць, думаю, што гэта будзе цікава і карысна тым, хто жыве ў Беларусі. Тут я проста ўбачыў магчымасць зрабіць унёсак, каб гэта засталася надоўга і не знікла, як знікаюць маёнткі - груда цэглы застаецца, — расказвае Павел. Запуск праекта плануецца ў лістападзе, афіцыйнае адкрыццё — у сакавіку. А ў гаспадароў ужо новыя мары. Яны ўжо плануюць, як будуць ладзіць фэсты і мерапрыемствы. Ці завядуць коней, цяцерачак і перапёлак.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life