Вёска Ізабелін — гэта такі злепак беларускай гісторыі. У цэнтры побач стаяць тры храмы — сінагога, праваслаўная царква, якая раней была ўніяцкай, і каталіцкі касцёл, які будаваўся як кальвінскі. А яшчэ там ёсць моцна занядбаныя старыя іудзейскія і нямецкія могілкі. Спецыялісты хочуць, каб іх прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасцю або мемарыяльнымі могілкамі. Першы крок ужо зроблены: валанцёры расчысцілі могілкі і прыбралі лішнюю расліннасць.

Могілкі - адзіны напамін пра некалі вялікія яўрэйскую і нямецкую супольнасці Ізабеліна.

[aesop_parallax height="500px" img="https://hrodna.life/wp-content/uploads/2019/08/podorosk-9.jpg" parallaxbg="fixed" captionposition="bottom-left" lightbox="off" floater="off" floaterposition="left" floaterdirection="none" overlay_revealfx="off"]

Іх гісторыя скончылася трагічна. Яўрэяў у 1942 годзе растралялі ў Ваўкавыску. У нямецкай супольнасці падчас Другой сусветнай вайны адбыўся раскол. Частка пайшла на службу да нацыстаў, частка выехала ў Германію, а частка засталася лаяльнай савецкай уладзе. Гэта прывяло да варажнечы ў супольнасці і яе практычна поўнага знікнення. Нагадваюць пра колішнія супольнасці некалькі небеларускіх прозвішчаў у вёсцы і старыя могілкі.

[aesop_parallax height="500px" img="https://hrodna.life/wp-content/uploads/2019/08/podorosk-64.jpg" parallaxbg="fixed" captionposition="bottom-left" lightbox="off" floater="off" floaterposition="left" floaterdirection="none" overlay_revealfx="off"]

Аднаўляць могілкі ўзяліся Студэнцкая Рада і Таварыства аховы помнікаў. Моладзевы летнік праходзіў з 27 ліпеня па 5 жніўня: людзі прыязджалі і ад’язджалі, але каля 25 удзельнікаў кожны дзень працавалі на могілках. Па-вечарах — культурная праграма. Свежае паветра, лазня, маёнтак і беларуская глыбінка — чым не адпачынак?

«Няўдзячная справа»

Першыя валанцёрскія прыборкі адбыліся яшчэ мінулай восенню. Сёлета прайшлі яшчэ два летнікі.

[aesop_character img="https://hrodna.life/wp-content/uploads/2019/08/podorosk-43-e1565597159680.jpg" caption="Юрый Меляшкевіч" align="left" width="200px" force_circle="off" revealfx="off"]

«Мы робім гэта, каб вярнуць у гэтае асяроддзе тыя краявіды, тыя культурныя ландшафты, якія тут існавалі стагоддзямі. Мясцовыя часта ўжо забылі пра карані, якія ёсць у іх, у гэтага мястэчка. Гэта памяць пра малую радзіму, якая вельмі важная для фармавання патрыятызму, пачуцця мінулага», — расказвае Юрый Меляшкевіч з «Таварыства аховы помнікаў».

[aesop_character img="https://hrodna.life/wp-content/uploads/2019/08/podorosk-44-e1565596924243.jpg" caption="Алесь Крот" align="right" width="200px" force_circle="off" revealfx="off"]

«Гэта адна з самых няўдзячных справаў - займацца могілкамі, — кажа Алесь Крот са „Студэнцкай Рады“. — Гэта не так весела, як, напрыклад, адбудоўваць замак, дзе адчуваецца веліч. Ты прыходзіш на могілкі - яны ўсе парослыя. Некаторыя здзіўляюцца: тут і могілак няма — тры пліты стаіць і ўсё. Большасць не ўяўляе, што асноўны пласт знаходзіцца пад зямлёй».

Іудзейскія могілкі памерам у шэсць гектараў, пратэстанскія — чатыры з невялікім. Валанцёры расчышчалі расліннасці і фіксавалі надмагіллі, якія можна было сфатаграфаваць. Спецыялісты стваралі неабходныя дакументы. Напрыклад, азімутальны план могілак. Усе працы выконваліся ўручную, каб не нашкодзіць аб’екту. Даследаванні могуць працягнуцца пад наглядам адпаведных спецыялістаў. Таксама трэба знайсці архіўныя бібліяграфічныя звесткі і абгрунтаваць гістарычную значнасць аб’екта.

Як могілкі плануюць зрабіць турыстычным месцам

Канчатковая мэта — надаць могілкам статус гісторыка-культурнай каштоўнасці мясцовага ўзроўню або мемарыяльных могілак. Тады мясцовыя ўлады змогуць вылучаць сродкі на падтрыманне парадку. Тым больш, у Беларусі ёсць Закон аб пахавальнай справе, які прадугледжвае інвентарызацыю і пастаноўку на ўлік занядбаных могілак.

У ідэале будзе зроблены праект упарадкавання, які прадугледжвае аднаўленне гістарычнай брамы, экспанаванне надмагілляў, якія маюць прыкметы мастацкіх твораў. Спецыялісты звяжуць спісы жыхароў вёскі за 18−20 стагоддзя з надпісамі на надмагіллях і зоймуцца пошукам нашчадкаў.

Таксама арганізатары кажуць пра ўключэнне могілак у сацыяльна-культурны кантэкст рэгіёна і арганізацыю супольнасці, якая будзе захоўваць спадчыну. У будучым яе можна будзе прэзентаваць турыстам — у тым ліку замежнікам, якія прыязджаюць з мэтай сентыментальнага турызма.

[aesop_parallax height="500px" img="https://hrodna.life/wp-content/uploads/2019/08/podorosk-56.jpg" parallaxbg="fixed" captionposition="bottom-left" lightbox="off" floater="off" floaterposition="left" floaterdirection="none" overlay_revealfx="off"]

 — Цудоўна было б, каб яны прыехалі і ўбачылі дагледжаную агароджу, адрэстаўраваную браму, экспанаваныя надмагіллі, ля которых выкошваецца трава. Ёсць магчымасць падыйсці да могілак і не трэба ісці па разбітай дарозе або па полі. Гэта зусім іншы ўзровень актыўнасці і тут важная і роля мясцовых органаў улады, і мясцовай супольнасці, — кажуць арганізатары.

Тым больш, рэгіён у стане прыцягнуць наведвальнікаў. Побач маёнтак «Падароск», які аднаўляе бізнесмэн Павел Падкарытаў. У Падароску паўстануць некалькі гасцініц, аграсядзіба, кафэ, сувенірная крама.

— Плануем гэты аб’ект выкарыстоўваць як частку турыстычнай дэстынацыі, — кажа бізнесмэн пра могілкі. Ён падтрымаў летнік, прадаставіўшы ўдзельнікам жыллё ў сваёй аграсядзібе. — Чым больш такіх аб’ектаў будзе вакол нашага маёнтка, тым цікавей людзям будзе прыехаць, бо можна паглядзець і маёнтак, і нейкія культавыя будынкі - тую ж сінагогу, і могілкі старажытныя.

Могілкі як сельскагаспадарчыя ўгоддзі?

Юрый Меляшкевіч кажа, што мясцовыя ўлады досыць зацікаўленыя ў аднаўленні могілак. Яны і самі дапамагалі парадкаваць тэрыторыю. Добрыя адносіны і з уласнікам тэрыторый — сяльгаспрадпрыемствам «Мацвееўцы». Яны далі сваю згоду на працу і нават прывозілі абеды на летнік. У прадпрыемства гэтыя тэрыторыі праходзяць як сельскагаспадарныя ўгоддзі, але тут ніколі не займаліся гаспадарчай дзейнасцю.

«У беларускіх умовах, нягледзячы на тое, што яны [могілкі] ўваходзяць у тэрыторыю гаспадарчых угодзяў, іх пад ноль не закаталі. Па-мойму, гэта вельмі крута», — кажа Алесь Крот.

Мясцовы лясгас ажыццяўляў нагляд за летнікам і дапамагаў з выдаленнем расліннасці. Наогул, каб атрымаць усе дазволы, давялося арганізаваць некалькі візітаў, кажа Юрый Меляшкевіч.

— З жыдоўскімі і лютэранскімі могілкамі мясцовая супольнасць не мае нічога агульнага, бо там, хутчэй за ўсё, не пахаваныя іх родныя. Таму яны такія занядбаныя, таму гэта для іх не з’яўляецца такой вялікай каштоўнасцю. Магчыма, я памыляюся, — кажа Алесь Крот.

Юрый Меляшкевіч мае больш аптымізму. Кажа, што ўсё залежыць ад лідара. Напрыклад, у Ізабеліне актыўная хрысціянская парафія. Ксёндз Генадзь зматываваў мясцовую моладзь пайсці на абодва летнікі. Ёсць кантакт і з праваслаўным святаром айцом Сяргеем па іншых занядбаных культурніцкіх аб’ектах, якімі насычаны ваколіцы.

«Калі я прыбяру чужую, хтосьці прыбярэ маю»

Сярод удзельнікаў нямала мясцовых. Напрыклад, 14-гадовы Арцём з Ваўкавыска.

 — Проста стала цікава, што тут адбываецца. Вырашыў дапамагчы, так сказаць, радзіме і самаму пазнаёміцца з іншымі людзьмі. Гэта гучала цікава. Я яшчэ не вызначыўся, якую абяру прафесію. Але зараз мяне прываблівае гісторыя, я ўдзельнічаў у алімпіядах, а гэта яшчэ адзін спосаб даведацца пра ўсялякія гістарычныя факты, падзеі, якія тут адбываліся, — расказвае хлопец. Кажа, бацькі нармальна адпусцілі.

Студэнтка Лена вучыцца на менеджара ў эканамічным універсітэце ў Мінску. Кажа, хацела зрабіць нешта карыснае за лета і атрымаць новыя знаёмствы. З такой жа матывацыяй прыехала з Мінску і мастачка Вольга.

 — Па-першае, я лічу, што чалавечыя пахаванні павінны даглядаць. Магчыма, так здарыцца, што маіх родных альбо мая магіла можа апынуцца ў такім жа стане. Калі я прыбяру чужую закінутую магілу, таксама людзі староннія прыйдуць і прывядуць маю ў парадак, — кажа псіхолаг Надзея, найстарэйшая ўдзельніца. — Па-другое, мне было важна пазнаёміцца ​​з людзьмі. Я знайшла тут вельмі добрых сяброў. Гэта было для мяне нечакана, таму што я не вельмі хутка сыходжуся з людзьмі, але тут мне было камфортна і я выдатна правяла час. А яшчэ свежае паветра. Таму я і прывезла дзіця сюды, каб яно дыхала свежым паветрам.

«А ў якім стане нашыя могілкі?»

 — Калі ты забываеш пра свае карані, пра магілы памерлых людзей, то ты страчваеш пэўную сваю чалавечую сутнасць, частку сябе. Мы арганізавалі гэтыя летнікі і даглядаем могілкі людзей тых супольнасцей, якія зніклі. А як тады свае забыць? А ў якім стане нашыя могілкі? Ці мы памятаем нашых бацькоў, дзядоў, родных, якія сышлі? — разважае Юрый.

Ён кажа, што ў гэтым ёсць пэўны выхаваўчы і дысцыплінуючы момант. А далей — больш. У тэорыі аховы спадчыны ёсць такі панятак як «прысваенне» гістарычнай спадчыны. Спачатку мы «прысвайваем» могілкі, потым — стары будынак сінагогі. І так адбываюцца наступныя крокі, якія павышаюць індывідуальную і агульную культуру.

 — Калі планамерна працаваць, то з кожным годам занядбаных могілак стане менш. Я ў гэта шчыра веру, — кажа Юрый.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life