На месцы першай гродзенскай электрастанцыі могуць пабудаваць гандлёвы цэнтр альбо гатэль. Участак на вуліцы Будзёнага выставілі на аўкцыён.

Паміж Будзёнага і Студэнцкай могуць пабудаваць гандлёвы цэнтр. Раней казалі пра офісы, гасцініцу і інтэрнат
Участак на вуліцы Будзённага 42−44. Крыніца: gcn.by

Надзел плошчай 45 сотак паспрабуюць прадаць за больш чым за 123 тыс. рублёў (больш за € 35 тыс.). Дакладная дата аўкцыёна пакуль невядома. Верагодна, ён адбудзецца ў кастрычніку-лістападзе 2023 года.

Участак гэта пустыр паміж вуліцамі Будзёнага і Студэнцкай. Там павінен з’явіцца будынак грамадскага, адміністрацыйнага альбо адміністрацыйна-гандлёвага прызначэння. Будынак не можа быць вышэйшым за трохпавярховы інтэрнат, які размяшчаецца побач.

Забудаваць участак плануюць шмат гадоў

У 2016−2017 гадах тагачасны старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой казаў, што на гэтым участку неўзабаве пабудуюць гатэль Ibis французскай кампаніі Accor hotels. Але праект так і не рэалізавалі. У лютым 2019 года адбываліся грамадскія абмеркаванні: на ўчастку планавалі пабудаваць офісны цэнтр, а ў перспектыве разглядалі будаўніцтва гасцініцы і студэнцкага інтэрната.

Таксама ў апошнія гады адкрылі праход з вуліцы Студэнцкай да вуліцы Будзёнага, які быў закрыты больш за 70 гадоў. Гэта значыць, што да будучай пабудовы можна будзе падысці і пад’ехаць з абедзвюх вуліц.

На гэтым месцы размяшчалася першая ў Гродне электрастанцыя

На гэтым участку у 1912 годзе пачала працаваць першая гродзенская электрастанцыя. Станцыя магла забяспечваць энергіяй не менш за 120 вулічных ліхтароў і восем тысяч лямпачак ва ўсім горадзе. Да нашага часу яна не захавалася, бо яе зруйнавалі ў 2009 годзе.