Сучасны гандлёва-адміністрацыйны аб’ект з’явіцца ў бліжэйшыя гады на вуліцы Будзёнага, 44 на пустцы каля польскага Генконсульства. Цяпер праект будучага цэнтра пад гандаль і офісы праходзіць стадыю грамадскіх абмеркаванняў, піша «Вечерний Гродно».

Нагадаем, участак, на якім размесціцца будынак плошчай у 8 сотак, быў прададзены ў мінулым годзе на адкрытым аўкцыёне. Участак пад новы аб’ект мае абмежаванні: там знаходзяцца электрычныя сеткі, а сама зямля адносіцца да зоны аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей. Пачатковы кошт зямлі тады складаў 67,5 тысяч рублёў. Уладальнікам участка стала СТАА «Неманстройинвест».

Як распавёў прадстаўнік кампаніі-заказчыка Алег Калетынскі, там з’явіцца двухпавярховы будынак прамавугольнай формы з эксплуатаванай мансардай і падвалам. Функцыянальна будынак будзе падзелены на гандлёвае памяшканне і зону пад офісы. Пасля таго, як цэнтр будзе здадзены ў эксплуатацыю, плошчы будуць распрададзеныя, а не аддадзены ў арэнду. Таму сказаць, якая крама там адкрыецца, пакуль немагчыма.

Наперадзе ў праекта некалькі узгадненняў і экспертыз, і калі яны пройдуць удала, то фірма плануе пачаць будаўніцтва ўжо ў гэтым годзе. Падрадчыкам выступіць ААТ «Гроднажылбуд».

Заўвагі датычна новага гандлёвага аб’екта можна накіроўваць у Гродзенскі гарвыканкам да 25 лютага 2019 года.

Даведка

«Неманстройинвест» — гэта камерцыйная арганізацыя, якая створана па прыватнай ініцыятыве, грунтуецца на пагадненні чатырох удзельнікаў, беларускіх і расійскіх: найбуйнейшай у Гродна будаўнічай арганізацыі ААТ «Гроднажылбуд», гродзенскага ПСО «Свидравина», маскоўскага ЗАТ «Будаўнічая кампанія Рэмікс» і грамадзяніна Расійскай Федэрацыі. Статутнай фонд таварыства склаў больш за 30 тыс. долараў ЗША, сярод якіх доля замежных інвестыцый складае 65%.