Навіны

Прысуд за спробу ўступіць у полк Каліноўскага, праверка тэлефонаў, адмова ад карт паляка. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

Жыхара Астравецкага раёна асудзілі на два гады калоніі за спробу ўступіць у полк Каліноўскага. Тэлефоны супрацоўнікаў ва ўсіх ВНУ, каледжах і ліцэях будуць рандомна правяраць. Беларускія памежнікі на мяжы прымушаюць беларусаў «добраахвотна» адмаўляцца ад «карт паляка» — інакш пагражаюць суткамі. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці c 3 па 9 ліпеня.

Былому палітвязню Рамуальду Улану прызначылі сем сутак арышту. Ён ужо на волі

Суд Смаргонскага раёна 3 ліпеня, на Дзень незалежнасці, вынес пастанову аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці былога палітвязня Рамуальда Улана. Яго затрымалі яшчэ 30 чэрвеня і трое сутак пратрымалі ў ІЧУ, паведамляе «Вясна».

«Пасля сямі сутак ізалятара… На той жа падставе, як і раней (пасты, фоткі за 2021 і 2020 год!!!) — я зноў на „волі“… І ў пятніцу 7 ліпеня гатовы Вас бачыць на працы з 14.00 — калі якія ёсць справы па маёй частцы…», — напісаў былы палітвязень у Facebook.

Ён паведаміў, што закрыў свае сацсеткі — «каб зноў чагосьці не знайшлі тады яшчэ дазволенага, а цяпер забароненага».

Рамуальд Улан. Фота: Facebook героя

У Лідскім раёне ноччу сілавікі ўварваліся ў дом да асуджанага па палітычным артыкуле, але ён там даўно не жыве

У доме жывуць яго былая жонка і 10-гадовы сын, які пасля начнога візіту 2 ліпеня моцна спалоханы.

Валерый Будрык у 2020 годзе ў сацсетцы «Аднакласнікі» назваў лідскіх міліцыянтаў Прозарава і Квача фашыстамі. «Гэта было адразу пасля выбараў, я бачыў, як яны збіваюць людзей, вось на эмоцыях і напісаў», — распавёў «Белсат» Валерый.

Яго асудзілі на паўтара года хатняй «хіміі» і аштрафавалі на 1000 рублёў. За чатыры месяцы да заканчэння тэрміну збіраліся рэальна пазбавіць волі. Будрык вымушаны быў бегчы ў Літву, падчас таго, як пералазіў плот, зламаў нагу. З такой нагой каля кіламетра поўз да літоўскіх памежнікаў. Але і пасля ўцёкаў з Беларусі сілавікі тэлефанавалі яму ў Viber і пагражалі «дастаць» яго 80-гадовую маці.

«Потым каля года была цішыня, а ўчора вось прыйшлі. Моцна стукалі ў вокны, дзверы, потым увайшлі ў хату і пачалі пытацца, дзе я. Хоць ведаюць, што мяне даўно няма ў Беларусі. У канцы сказалі былой жонцы, што будуць прыходзіць рэгулярна. Магчыма, палохаць майго сына. Дом аформлены на мяне па дароўнай, то сказалі былой жонцы, што забяруць яго».

Да 2020 года Валерый Будрык працаваў токарам на ТАА «Тэхмаш» у Лідзе.

Жыхара Астравецкага раёна асудзілі на два гады калоніі за спробу ўступіць у полк Каліноўскага

23-гадовага жыхара Астравецкага раёна асудзілі за падрыхтоўку да ўдзелу ва ўзброеным фарміраванні на тэрыторыі замежнай дзяржавы. Паводле ч. 1 арт. 361−3 КК у Гродзенскім абласным судзе яму прызначылі два гады калоніі агульнага рэжыму.

Абвінавачаны з красавіка па лістапад 2022 года хацеў уступіць у адно з падраздзяленняў палка Кастуся Каліноўскага. Для гэтага ён падаў свае персанальныя дадзеныя для прыёму і шукаў, дзе можна купіць ваенную амуніцыю, абмундзіраванне і экіпіроўку для баявых дзеянняў.

Яго затрымалі.

«Вясна» сцвярджае, што асуджаны — Васіль Якімаў. Да затрымання хлопец працаваў кіроўцам фуры, раней скончыў ПТВ у Ашмянах. Справу разглядаў суддзя Васіль Скок. Судовы працэс пачаўся 19 чэрвеня.

Васіль Якімаў. Фота: «Вясна»

Сяргей Луферэнка прызнаны палітвязнем

Ён асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі паводле артыкулаў:

  • 367 ч. 2 — Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
  • 370 — Здзек з дзяржаўных сімвалаў;
  • 367 ч. 1 — Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
  • 368 ч. 1 — Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
  • 369 — Абраза прадстаўніка ўлады.

Грамадскае аб’яднанне «Асацыяцыя аматараў авіяцыі» знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі

Такое рашэнне прыняў Гродзенскі абласны суд 9 чэрвеня. Арганізацыя працавала 30 гадоў і праводзіла авіяфестываль, якія хваліла дзяржпрэса. Сродкаў і маёмасці ў арганізацыі было на 40 000 рублёў. Там быў работнік, якому плацілі заробак. У арганізацыі было 34 чалавекі, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».

Жанчыну асудзілі на 3,5 года «хатняй хіміі» за абразу начальніка Карэліцкага РАУС і абразу і паклёп на Лукашэнку

У судзе Карэліцкага раёна 13 чэрвеня асудзілі Вікторыю Качан паводле ч. 1 арт.368, ч. 2 арт. 367, арт. 369 КК. Судзіла Вікторыю Ірына Каско, паведамляе «Вясна».

Жанчыну затрымалі 1 сакавіка 2023 года. Праз трое сутак яе адпусцілі пад хатні арышт. Яе абвінавацілі ў тым, што Вікторыя з 2020 па 2022 год пакідала абразлівыя і паклёпніцкія каментары ў Telegram-чаце «Карэлічы 97%». Жанчына абразіла начальніка Карэліцкага РАУС Аляксея Гаўраша і абвінаваціла Лукашэнку ў забойстве людзей.

З Вікторыі спагналі на карысць Аляксея Гаўраша 1000 рублёў маральнай шкоды.

Жанчына цалкам прызнала віну і раскаялася ў зробленым. Вікторыя Качан з 2014 па ліпень 2022 года пражывала ў Расіі. Працавала ў прыватным гандлёвым прадпрыемстве. Мае на ўтрыманні дваіх непаўналетніх дзяцей.

Ад Вольгі Маёравай паўтара месяца няма вестак

«Апошні ліст быў у сярэдзіне траўня, як прывезлі ў гомельскую калонію. Але потым — як адрэзала. Не выключана, што змясцілі ў ШІЗА. А за што і на які тэрмін, невядома, і даведацца немагчыма. З фінансавых меркаванняў адвакат да яе не ездзіць», — паведаміў «Свабодзе» сваяк Маёравай на ўмовах ананімнасці.

Сваякі спрабавалі падтрымаць Вольгу Маёраву невялікім грашовым пераводам, але і гэта аказалася немагчымым.

«На пошце спачатку запатрабавалі шмат дадатковай інфармацыі, якой раней не патрабавалі, а потым сказалі, што ім спускаюць „спісы ўдзельнікаў тэрарыстычнай дзейнасці“. Вольга знаходзіцца ў такім спісе, таму перавод для яе прыняць адмовіліся», — распавёў сваяк палітвязня.

Былая актывістка АГП Вольга Маёрава — фігурантка «справы аб тэрарызме», у якой таксама праходзіць Мікалай Аўтуховіч. Вользе Маёравай прысудзілі 20 гадоў зняволення, у тым ліку за «ўдзел у злачыннай арганізацыі» і «заклікі да санкцый».

Вольга Маёрава. Фота: «Вясна»

Адваката Аляксандра Бірылава выключылі з Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў

«Сёння я выключаны з Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў, што азначае спыненне маёй адвакацкай дзейнасці», — напісаў адвакат.

Раней ён не прайшоў атэстацыю — кваліфікацыйная камісія вырашыла, што ў яго «недастатковая кваліфікацыя».

Аляксандр Бірылаў. Фота героя

Дзяніса Салагуба асудзілі на два гады калоніі за каментары ў інтэрнэце

27 чэрвеня ў судзе Ленінскага раёна Гродна вынеслі прысуд Салагубу Дзянісу за каментары ў Telegram, пакінутыя ў 2020 годзе, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область». Яго абвінавацілі па:

  • арт. 368 ч. 1 КК — Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
  • арт. 369 КК — Абраза прадстаўніка ўлады;
  • арт. 342 ч.1 КК — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

Суддзя Козел Наталля прызначыла Дзянісу два гады калоніі агульнага рэжыму, штраф 100 базавых велічынь (3700 рублёў) і кампенсацыю маральнай шкоды пацярпелым — 4500 рублёў.

У Іўеўскім РАУС новы кіраўнік аддзела ўнутраных спраў

Ім стаў Аляксандр Біль, які да гэтага працаваў начальнікам Дзятлаўскага РАУС.

Ён — ураджэнец Іўеўскага раёна, працаваў у органах унутраных спраў Лідскага, Воранаўскага, Дзятлаўскага раёнаў. У тым ліку, участковым інспектарам, начальнікам участка міліцыі грамадскай бяспекі, начальнікам штаба, оперупаўнаважаным аддзела крымінальнага вышуку, начальнікам аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі, першым намеснікам начальніка Воранаўскага РАУС і начальнікам Дзятлаўскага РАУС.

Аляксандр Біль. Фота ivyenews.by

Беларускія памежнікі на мяжы прымушаюць беларусаў «добраахвотна» адмаўляцца ад «карт паляка» — інакш пагражаюць суткамі

Уладальнікаў «карт паляка» пры праходжанні беларускай мяжы адпраўляюць «на размову» з супрацоўнікамі КДБ. Памежнікі бачаць на візе «мэту выдачы 24», што сведчыць пра тое, што яе атрымалі на падставе гэтага дакумента, паведамляе «Вясна».

Вядома пра выпадкі, калі КДБшнікі прапануюць «добраахвотна» адмовіцца ад «карткі паляка» і проста на мяжы напісаць заяву консулу. Калі чалавек адмаўляецца гэта рабіць — яму пагражаюць суткамі.

Вядома пра як мінімум дзясятку такіх выпадкаў.

Лідчаніна асудзілі за ўхіленне ад прызыву

28-гадовага лідчаніна асудзілі на паўгода калоніі агульнага рэжыму ў судзе Лідскага раёна паводле ч.1 арт. 435 КК.

Ён з 2021 года ўхіляўся ад прызыву на вайсковую службу. Тады 26-гадоваму хлопцу ўручылі позву ў ваенкамаце. Але ён з’ехаў у Расію, дзе яго затрымалі ў студзені 2023 года. Яго выдалі расійскія ўлады.

Тэлефоны супрацоўнікаў ва ўсіх ВНУ, каледжах і ліцэях будуць рандомна правяраць

«Нашай Ніве» стала вядома, што па беларускіх установах адукацыі распаўсюджваюць пісьмовы загад аб недапушчальнасці падпісак на «экстрэмісцкія рэсурсы» сярод супрацоўнікаў ВНУ, каледжаў і ліцэяў.

Суразмоўцы паведамілі, што для выканання гэтага загаду падключылі штатных гэбістаў, якія працуюць у адміністрацыях навучальных устаноў.

З некалькіх навучальных устаноў распавялі, што прарэктары або намеснікі дырэктараў па бяспецы або выхаваўчай працы правяраюць тэлефоны супрацоўнікаў на прадмет наяўнасці забароненага.

Затрыманы раней спартыўны дырэктар ФК «Нёман» пакінуў клуб

Экс-футбаліст і спартыўны дырэктар футбольнага клуба «Нёман» Дзмітрый Кавалёнак пакінуў сваё месца працы. Пра затрыманне Кавалёнка стала вядома 28 чэрвеня. Сілавікі сцвярджаюць, што ён удзельнічаў у незаконных маршах і распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы. Паводле версіі сілавікоў, на яго данеслі футбалісты. Ужо 29 чэрвеня сілавікі паведамілі, што мужчына на волі. «Трыбуна» сцвярджала, што яго адпусцілі дзякуючы званкам галоўнага трэнера «Нёмана» Ігара Кавалевіча. Як мяркуецца — Юрыю Караеву, памочніку прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектару па Гродзенскай вобласці.

Дзмітрый Кавалёнак. Фота: football.by

Футбалісты «Нёмана» дапамагалі аднаклубнікам, якія засталіся без грошай. Прычына — «чорныя спісы»

Гульцы гродзенскага футбольнага клуба «Нёман» дапамагалі сваім калегам грошамі са свайго заробка. Прычына дапамогі - адсутнасць кантрактаў і заробкаў у футбалістаў з-за так званых «чорных спісаў». Некаторыя гульцы паехалі граць у іншыя краіны.

Прызначылі пасяджэнне па справе Паўла Мажэйкі і Юліі Юргілевіч

Палітвязняў пачалі судзіць 10 ліпеня, а 14.30 у Гродзенскім абласным судзе паводле арт.361−4 КК «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Суддзя — Максім Філатаў, які асудзіў памерлага ў калоніі Вітольда Ашурка і трапіў пад санкцыі ЕЗ.

Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч. Фота: БелТА

Музыка Ігар Банцэр зноў трапіў у псіхлячэбніцу — праз канфлікт з перавозчыкам FlixBus

Ігар Банцэр 8 чэрвеня ехаў у Гамбург на аўтобусе перавозчыка FlixBus. Па дарозе ў яго здарыўся канфлікт з кіроўцамі, які перарос у бойку з імі і паліцыяй. У выніку музыканта адправілі ў псіхіятрычную бальніцу ў Франкфурце-на-Одэры «з-за псіхозу і наркатычнага ап’янення». Пра сітуацыю музыка праз месяц распавёў на старонцы ў Facebook.

Ігар Банцэр. Фота з профіля героя

У Гродне асудзілі ўладальніка этнакрамы «Цудоўня»

Заснавальніка этнамагазіну «Цудоўня» Андрэя Несцяровіча асудзілі на мінулым тыдні ў судзе Ленінскага раёна Гродна. Яму вынеслі прысуд, не звязаны з пазбаўленнем волі. Паводле інфармацыі Hrodna.life, яго асудзілі на год «хатняй хіміі» альбо на пакаранне з адтэрміноўкай выканання.

Андрэй Несцяровіч. Фота racyja.com

Палітвязень Уладзімір Гарох у турме моцна страціў у вазе і працягвае губляць зубы

Блізкія непакояцца пра стан здароўя палітвязня Уладзіміра Гароха, распавёў Hrodna.life яго сын Уладзімір. Ён моцна схуднеў у зняволенні. Паводле інфармацыі людзей, якія адбывалі з ім пакаранне, ён настолькі знясіліўся, што перасоўваўся, трымаючыся за сцены.

Уладзімір Гарох у судзе. Фота: TUT.BY

Гродзенская міліцыя арганізавала для студэнтаў стрым з калоніі

З навучэнцамі Гродзенскага электратэхнічнага каледжа імя Івана Шчаснага правялі стрым з ПК № 11 Ваўкавыска. Са студэнтамі пагаварылі трое зняволеных. Двое з іх адбываюць пакаранне па «наркатычных» артыкулах, яшчэ адзін — за хуліганства. Па версіі міліцыі, з асуджанымі вялі «адкрыты дыялог», а яны распавядалі свае «няпростыя гісторыі» — як здзейснілі злачынства, пра што шкадуюць.

Стрым з калоніі. Фота: grodno.mvd.gov.by
Падзяліцца

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024