Палітвязня журналіста і культурнага менеджара Паўла Мажэйку пачнуць судзіць 10 ліпеня ў 14.30 у Гродзенскім абласным судзе. Яго будуць судзіць паводле арт. 361−4 КК «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Абставіны справы невядомыя — адвакат і блізкія былі пад падпіскай аб неразгалошванні. Доўгі час не разгалошвалі нават артыкул, у рамках якога мужчына затрыманы.

Паўла Мажэйку затрымалі пасля вяртання з Польшчы 30 чэрвеня 2022 года і змясцілі пад варту. Крымінальную справу перадалі ў суд у канцы траўня 2023. 25 траўня Мажэйка адзначыў 45-годдзе ў СІЗА Гродна. За час зняволення ён трапляў у ШІЗА і пачаў насіць акуляры.

За час следства Павел страціў адваката. Кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці 16 чэрвеня вырашыла, што ў Аляксандра Бірылава «недастатковая кваліфікацыя». Зараз адвакат Паўла — Святлана Бірылава.

Павел Мажэйка быў журналістам першай незалежнай гродзенскай газеты «Пагоня» і адным з першых палітвязняў у Беларусі ў 2001−2003 гадах. Пазней займаўся выдавецкай дзейнасцю і адкрыў у Гродне культурную пляцоўку «Цэнтр гарадскога жыцця».

Чытайце таксама: Павел Мажэйка абвінавачваецца ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці

Хто судзіць Мажэйку?

Судзіць Паўла будзе вядомы па палітычных прысудах суддзя Максім Філатаў. Менавіта ён асудзіў памерлага ў калоніі Вітольда Ашурка, будучы суддзёй і намеснікам старшыні суда Лідскага раёна. Ён трапіў у чацвёрты пакет санкцый Еўрасаюза. У лідскай спартзале, дзе ён займаўся, яму ў заплечнік паклалі экскрыменты — праз гэта распачалі крымінальную справу, паведамляў адзін Telegram-канал.

Пазней Філатаў пайшоў на павышэнне — стаў суддзёй Гродзенскага абласнога суда. Тут ён судзіў Мікалая Аўтуховіча і чэмпіёна Беларусі па кікбоксінгу Паўла Абознага.

Чытайце таксама: Суддзя, які вынес прысуд Вітольду Ашурку, трапіў пад санкцыі