Кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці 16 чэрвеня вырашыла, што ў Аляксандра Бірылава «недастатковая кваліфікацыя». Раней на працягу 1,5 гадоў Бірылаў тры разы атрымліваў адтэрміноўку атэстацыі нібыта з-за таго, што ён «не поўнасцю адпавядае патрабаванням заканадаўства» і паказаў «недастатковы ўзровень ведаў заканадаўства». Пра гэта паведаміў канал аб палітычным пераследзе ў Гродне «Право имеют» .

Хто такі адвакат Аляксандр Бірылаў?

Бірылаў адпрацаваў адвакатам 26 гадоў. Спецыялізацыя — грамадзянскае і крымінальнае права. Апошнія гады ён працаваў у юрыдычнай кансультацыі Кастрычніцкага раёна Гродна.

У 2020−2023 гадах ён абараняў:

  • журналіста і актывіста Саюза палякаў Анджэя Пачобута,
  • журналіста і грамадскага дзеяча Паўла Мажэйку,
  • журналіста-расследавальніка Дзяніса Івашына,
  • музыку Ігара Банцэра,
  • палітвязня Сяргея Рымшу,
  • абвінавачаных па справе Мікалая Аўтуховіча,
  • рэдактара Hrodna.life Аляксея Шоту і іншых.

Але ён займаўся палітычнымі справамі і да 2020 году. «Радыё Свабода» згадвае, што ён бараніў:

  • супрацоўнікаў недзяржаўнай газеты «Пагоня» Міколу Маркевіча і Паўла Мажэйку па адной з першых палітычных справаў у Беларусі яшчэ ў 2001−2002 гадах,
  • лідара страйкама прадпрымальнікаў у пачатку 2000-х Валерыя Леванеўскага,
  • журналіста Анджэя Пачобута падчас першага яго крымінальнага працэсу ў 2011−2012 гадах.