З навучэнцамі Гродзенскага электратэхнічнага каледжа імя Івана Шчаснага правялі стрым з ПК № 11 Ваўкавыска. Са студэнтамі пагаварылі трое зняволеных. Двое з іх адбываюць пакаранне па «наркатычных» артыкулах, яшчэ адзін — за хуліганства.

Па версіі міліцыі, з асуджанымі вялі «адкрыты дыялог», а яны распавядалі свае «няпростыя гісторыі» — як здзейснілі злачынства, пра што шкадуюць.

«Ім няма яшчэ і 30, а лёсы ўжо пайшлі пад адхон. Адзін пазбаўлены волі на 6 гадоў, другі — на цэлых 13», — паведамілі ў міліцыі.

Раней пракуратура выявіла шэраг парушэнняў міліцыі пры працы з судзімымі. У прыватнасці, тыя:

  • не дапамагалі з аднаўленнем дакументаў,
  • не кантралявалі бронь райвыканкамам для прыёму на працу асуджаных — яны не здольныя на роўных умовах канкураваць на рынку працы,
  • недастаткова займаліся пытаннямі бытавога ўладкавання бяздомных судзімых.

Актывіст з Гродна Станіслаў Цыбінскі, які дапамагаў адбываючым пакаранне і судзімым, быў вымушаны з’ехаць з Беларусі праз пераслед. Яго некалькі разоў збівалі невядомыя. Таксама яго пераследвалі праз удзел у пратэстах.

Чытайце таксама: Гродзенскі актывіст з’ехаў з Беларусі праз пераслед. Ён дапамагаў былым зняволеным

«Вельмі кранулі гэтыя гісторыі, шкада дзецюкоў… Хацелі зарабіць, а страцілі ўсё», — выказваліся студэнты.

Сустрэчу арганізавала ўпраўленне аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Гродзенскага аблвыканкама ў канферэнц-зале навучальнай установы. Падобныя стрымы плануюць правесці і ў іншых гродзенскіх каледжах.