Блізкія непакояцца пра стан здароўя палітвязня Уладзіміра Гароха, распавёў Hrodna.life яго сын Уладзімір. Ён моцна схуднеў у зняволенні. Паводле інфармацыі людзей, якія адбывалі з ім пакаранне, ён настолькі знясіліўся, што перасоўваўся, трымаючыся за сцены.

Уладзіміра моцна турбуе артроза-артрыт каленных суставаў. Таксама пачалі моцна выпадаць зубы — на верхняй сківіцы засталося ўсяго шэсць зубоў. Да калоніі ў яго з зубамі было ўсё ў парадку.

Сын звязвае гэта з дрэнным харчаваннем і адсутнасцю вітамінаў. Сам Гарох не скардзіцца на стан здароўе — пра яго распавядалі асуджаныя, якія выходзілі з калоніі. Усю зіму, па словах сына, Уладзімір правёў у ШІЗА. За апошнія паўгода яму ўдалося перадаць усяго адну перадачу.

Апошні раз палітвязня блізкія бачылі на судзе. Спатканні пераносіліся — некалькі разоў адміністрацыя калоніі блытала даты, у якія ягоная жонка магла б прыехаць. Аднойчы яна прыехала і сутыкнулася з зачыненымі дзвярыма.

Лісты палітвязню даходзяць дрэнна. Ліст ад сына з Польшчы парвалі, пра што паведамілі Уладзіміру. Хоць яно было напісана пад дыктоўку іншым чалавекам і адпраўлена з Беларусі — без польскіх марак.

Хто такі Уладзімір Гарох?

Уладзімір Гарох — палітвязень з Наваградка. Яго асудзілі да сямі гадоў калоніі за нібыта падрыхтоўку да масавых беспарадкаў і абразу Аляксандра Лукашэнкі. Прысуд паводле ч. 1 арт.13, ч. 1 арт. 293, ч. 1 арт. 368 КК вынеслі ў Навагрудскім раённым судзе ў канцы 2020 года.

Улетку 2020 года ён нібыта наўмысна рыхтаваўся да масавых беспарадкаў у Наваградку і некаторых іншых населеных пунктах і спрабаваў прыцягнуць да іх вялікую колькасць людзей. Для гэтага ён, паводле абвінавачання, планаваў і праводзіў сустрэчы з людзьмі ў Наваградку і Карэлічах. Паводле афіцыйнай версіі, Гарох падчас сустрэч казаў, што 10 жніўня плануе падпальваць будынкі, супраціўляцца ўладам і блакаваць дарогі спілаванымі дрэвамі. Аднак ён не паспеў нічога зрабіць, бо 7 жніўня яго дзейнасць «выкрылі і спынілі» праваахоўнікі.

Уладзіміру — 50 гадоў. 28 чэрвеня 2022 года КДБ унёс Уладзіміра ў спіс асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». У шклоўскай калоніі палітвязень сістэматычна падвяргаўся збіццю і прадузятаму стаўленню з боку адміністрацыі калоніі. Яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА і ПКТ, паведамляе «Вясна».

28 красавіка 2023 суд Шклоўскага раёна прыняў рашэнне аб замене Уладзіміру рэжыму на турэмны. Цяпер палітвязень знаходзіцца ў магілёўскай турме № 4, прычым яго адразу адправілі ў штрафны ізалятар.

Блізкія пакінулі Беларусь

Жонцы Уладзіміра Гароха таксама давялося пакінуць Беларусь. У красавіку 2023 года сілавікі прыйшлі да яе дадому. Верагодна, пакуль яна знаходзілася ў ІЧУ, правялі агляд — пасля рэчы былі не на сваіх месцах, а ключ ад кватэры прымусова выняты ў момант затрымання. Жанчына правяла трое сутак у ізалятары і выйшла са штрафам па арт.19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць». Уладзімір баяўся, што на яе рыхтуюць крымінальную справу — яна пакінула Беларусь і праз некалькі краін змагла прыехаць у Польшчу.

Сын Уладзіміра — таксама Уладзімір — пакінуў Беларусь пасля затрымання яшчэ ў жніўні 2020 года. У ноч на 18 жніўня 2020 года яму ўдалося пакінуць краіну. Днём таго ж дня затрымалі яго бацьку, які быў у ваколіцах Ліды.

 — У нас у краіне больш за 1500 палітвязняў. Большасць сваякоў гэтых людзей таксама падвяргаюцца пераследу і вымушаныя пакінуць краіну, каб захаваць сваю свабоду. Такая сітуацыя можа змяніцца толькі ў выпадку ўсеагульнай мабілізацыі сваіх сіл і жаданняў. Я вельмі хачу абняць свайго бацьку і нарэшце пагаварыць з ім за кубкам кавы, але пакуль толькі вымушаны марыць пра гэта, і рыхтавацца да новай главы ў гісторыі нашай краіны. Я веру, што перамога недалёка і яшчэ многія людзі перажывуць шчаслівыя моманты вяртання сваіх блізкіх і родных не толькі з турмаў, але таксама з іншых краін, каб разам будаваць моцную і свабодную Беларусь! — лічыць Уладзімір.

Просьба аб дапамозе

Сын Уладзіміра просіць аб дапамозе ў сродках на адваката і перадачы. Пасля пераезду жонкі палітвязня ў Польшчу стала складаней з перадачамі - фінансава і арганізацыйна.

Калі вы хочаце дапамагчы, звяжыцеся з ім па нумары +48 576 356 895 (Польшча). Або напішыце ў рэдакцыю — мы звяжам вас.