Заснавальніка этнамагазіну «Цудоўня» Андрэя Несцяровіча асудзілі на мінулым тыдні ў судзе Ленінскага раёна Гродна. Яму вынеслі прысуд, не звязаны з пазбаўленнем волі. Паводле інфармацыі Hrodna.life, яго асудзілі на год «хатняй хіміі» альбо на пакаранне з адтэрміноўкай выканання.
Калі асуджаны, у дачыненні да якога выкананне пакарання адтэрмінавана, не выконвае ўскладзеныя на яго судом абавязкі альбо неаднаразова парушыў грамадскі парадак, альбо здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне, суд можа адмяніць адтэрміноўку выканання пакарання і накіраваць асуджанага для адбыцця пакарання, прызначанага прысудам.
Мужчыну судзілі паводле арт. 295 ч.2 КК «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў». Абставіны справы невядомыя.
Андрэя Несцяровіча затрымалі 14 красавіка і арыштавалі на 10 сутак паводле арт.19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць». Пазней яго чакаў арышт на трое сутак па крымінальным артыкуле — па якім, не ўдакладнялі. Потым ён выйшаў на волю.
Гродзенскі этнамагазін «Цудоўня» заснавалі ў 2015 годзе. Пасля выбараў 2020 года краму аштрафавалі і пазбавілі памяшкання. Андрэй Несцяровіч застаецца ў Беларусі, каб развіваць культуру і рамесніцтва.