Чэрвень лічаць часам найбольшай біялагічнай актыўнасці іксодавых кляшчоў. У Гродне іх знайшлі амаль ва ўсіх лясах на краі горада, а лясы васьмі з чатырнаццаці сельсаветаў Гродзенскага раёна эпідэміёлагі палічылі тэрыторыямі рызыкі.
Пасля абследавання паркаў, сквераў, зялёных зонаў і лясоў на пачатак чэрвеня іксодавых кляшчоў адшукалі ў лясах на краі горада, якія пераходзяць у прыгарад. Гэта:
- урочышча Пышкі,
- урочышча Ласосна,
- мікрараён Фолюш,
- Грандзічы,
- Баранавічы,
- Вішнявец,
- Альшанка.
У гэтых месцах, а таксама ў лесапарку Румлёва і на Юбілейным возеры (урочышча Чэхаўшчызна) фіксавалі і найбольшую колькасць укусаў кляшчоў. У Баранавічах кусалі менш.
У скверах і парках з коратка стрыжанымі газонамі і рэдкімі дрэвамі кляшчоў не знайшлі.
«Тэрыторыі рызыкі» ў Гродзенскім раёне, як і летась, аказаліся лясныя масівы сельскіх саветаў:
- Капцеўскі,
- Падлабенскі,
- Сапоцкінскі,
- Азёрскі,
- Парэцкі,
- Гожскі,
- Квасоўскі,
- Скідзельскі.
Перад пачаткам сезону ад кляшчоў апрацавалі ўсе аздараўленчыя лагеры на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна.
Колькі людзей пакусалі і колькі з іх захварэла
З пачатку года па медыцынскую дапамогу праз прысмоктванне кляшчоў звярнуліся 497 чалавек. Гэта прыблізна столькі ж, колькі было ў адпаведны перыяд мінулага 2022 года (477 чалавек).
У 2023 годзе ўдзельная вага людзей, якія пацярпелі ад укусаў кляшчоў у лясах Гродна або блізкіх ад горада, склала 63% (2022 — 43%). На тэрыторыі лясоў Гродзенскага раёна — 14,7% (у 2022 было 12,5%), на тэрыторыі іншых раёнаў Гродзенскай вобласці і абласцей Рэспублікі Беларусь — 29,2% (у 2022 — 14,4%). Пры гэтым 37,1% кажуць пра тое, што «падчапілі» кляшчоў на лецішчах, прысядзібных участках і прыватных домаўладаннях горада і раёна (у 2022 — 34,4%),
Клешчавымі інфекцыямі за 5 месяцаў 2023 года захварэла 26 жыхароў горада і раёна. З іх у большасці (22 чалавекі) быў лайм-барэліёз, у чацвярых — вірусны энцэфаліт. У 2022 годзе хворых было 8 і 4 адпаведна. 92% з тых, хто захварэў, кляшчы ўкусілі менавіта ў лесе.
Як і ў 2022 годзе, не рэгістравалі выпадкаў захворвання клешчавымі інфекцыямі сярод людзей з групы прафесійнай рызыкі. Не было і тых, хто заразіўся клешчавым энцэфалітам праз некіпячонае малако козаў і прадукты з яго, якія не прайшлі тэрмічную апрацоўку (у 2022 годзе такім шляхам заразілася трое).
Як абараніцца ад кляшчоў
Знаходзячыся на прыродзе, трэба:
- максімальна прыкрываць цела, апранаць светлае адзенне (на ім лепш бачныя кляшчы) з доўгімі рукавамі і капюшонам, штаны запраўляць у шкарпэткі;
- кожныя дзве гадзіны (а можна і часцей) правяраць сябе і тых, хто з вамі, на кляшчоў. Асабліва ўважліва трэба аглядаць шыю, падпахі, пахвінную вобласць, вушныя ракавіны — у гэтых месцах скура асабліва пяшчотная і тонкая, кляшчы часцей за ўсё прысмоктваюцца там. Варта правяраць таксама жывёл і букеты з лясных і палявых кветак;
- выкарыстоўваць інсекта-акарыцыдные сродкі. Не забывайце чытаць інструкцыю.
Не варта ўжываць сырое казінае малако і прадукты з яго (тварог, сыр, смятану), якія не прайшлі тэрмічнай апрацоўкі.
Што рабіць, калі ўжо ўкусілі
Як выдаліць кляшча:
- Ніткай. Завяжыце яе вузлом, як мага бліжэй да хабатка. Закручваючы канцы ніткі кругавымі рухамі, выміце кляшча, паволі падцягваючы яго ўверх. Нельга цягнуць рэзка, каб не адарваць хабаток — ён будзе запаляцца.
- Пінцэтам. Кляшча захапіце як мага бліжэй да хабатка і акуратна выцягніце, круцячы вакол сваёй восі ў зручны бок. Звычайна кляшча можна дастаць цалкам праз пару абаротаў. Выдзіраць, зноў жа, нельга.
Нельга выкарыстоўваць алей і тлустыя крэмы, якія закаркоўваюць дыхальныя адтуліны кляшча. Так можна справакаваць дадатковы выкід узбуджальнікаў хвароб у кроў.
Пасля здабывання кляшча апрацуйце скуру настойкай ёду або спіртам. У першыя 72 гадзіны варта звярнуцца да ўчастковага тэрапеўта (педыятра) або інфекцыяніста, які прызначыць прафілактычнае лячэнне супраць клешчавых інфекцый і прызначыць назіранне. Гэта максімальны тэрмін, у які хіміяпрафілактыка дасягне максімальнага эфекту.
Эфектыўнымі метадамі зніжэння колькасці кляшчоў застаюцца супрацьклешчавыя апрацоўкі тэрыторый, санітарныя высечкі, выдаленне сухастою і ламачча, прарэджванне хмызняку, кашэнне і знішчэнне бытавых сметнікаў. Апрацоўка дзесяці сотак прысядзібнага ўчастка каштуе каля 25 рублёў. Паслугу аказваюць спецыялісты дэзінфекцыйнага аддзялення Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.