Работы па акарыцыднай апрацоўцы ў зонах адпачынку Гродна будуць праводзіць з 1 чэрвеня па 30 верасня. Усяго апрацуюць 81 гектар. Знішчаць насякомых будуць метадам абкурвання (фумігацыі).

Дзе правядуць апрацоўку:

  • урочышча «Пышкі», у тым ліку лесапалосы ад вул. Каліноўскага ўздоўж вул. Вясенняй;
  • лесапарк «Румлёва»;
  • урочышча «Ласосна»;
  • лясны масіў вул. Томіна;
  • лясны масіў вул. Кабяка;
  • Каложскі парк;
  • Парк Жылібера;
  • зона адпачынку Альшанка;
  • возера Юбілейнае;
  • лясны масіў вул. Волкава;
  • лясны масіў паблізу мікрараёна Паўднёвы.

Пакуль Гродзенская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка праводзіць запыт цэнавых прапаноў. Апрацоўка будзе каштаваць 25 952 рублі з гарадскога бюджэту.

Укусаў кляшчоў стала больш

За 4 месяцы 2023 года да лекараў з прысмоктваннем кляшчоў звярнулася ў тры разы больш людзей, чым за аналагічны перыяд 2022 года.

Кляшчы ў Беларусі могуць быць заражаныя дзевяццю ўзбуджальнікамі інфекцыйных захворванняў. Штогод медыкі рэгіструюць два асноўных захворвання: Лайм-барэліёз і клешчавы энцэфаліт.

«Па дадзеных статыстыкі, за 2022 год у нас адбыўся рост клешчавых інфекцый у 2,1 разы па клешчавому энцэфаліту і 2,4 па Лайм-барэліёзу і гэта нас насцярожвае. Што тычыцца бягучага сезона — захворванне знаходзіцца ў межах лічбаў аналагічнага перыяду мінулага года. На дадзены момант зарэгістравана два выпадкі клешчавога энцэфаліту і больш за 200 выпадкаў Лайм-барэліёзу, але ў гэтых выпадках само заражэнне адбылося яшчэ ў мінулым годзе», — распавяла на прэс-канферэнцыі энтамолаг Рэспубліканскага цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Святлана Яшкова.

Прышчэпка ад клешчавога энцэфаліту

Ад клешчавога энцэфаліту можна прышчапіцца. У Беларусі для платнай вакцынацыі даступныя вакцыны «Энцэвір, «Клеш-Э-Вак» (Расія), «ЦікаВак» і «ЦікаВак Джуніёр» (Бельгія). Вакцынацыя дзяцей магчымая з года.

Для выпрацоўкі імунітэту вакцына ўводзіцца двойчы з інтэрвалам 1−7 месяцаў. Вакцынацыю можна праводзіць на працягу ўсяго года, але не пазней, чым за два тыдні да наведвання «прыроднага ачага». Ёсць і экстранныя схемы вакцынацыі, калі інтэрвал паміж прышчэпкамі складае ўсяго два тыдні. Гэты варыянт пасуе тым, хто спазніўся зрабіць прышчэпкі своечасова.

Прышчапіцца ад клешчавога энцэфаліту можна ў паліклініцы па месцы жыхарства ў прышчэпачным кабінеце. Пра гэта трэба паведаміць ўчастковаму лекару, які ўключыць пацыента ў ліст чакання.

UPD 13 чэрвеня. Тэрміны апрацоўкі зрушыліся на 26 чэрвеня. Папярэдні аўкцыён не адбыўся — улады абвясцілі новы. Сума выдзелена тая ж — 25 952 рублёў.

З пачатку года па медыцынскую дапамогу з-за прысмоктвання кляшчоў звярнуліся ўжо 497 чалавек.