Сілавікі апублікавалі відэа з затрыманнем пяці жыхароў Гродна і вобласці. Сярод іх – супрацоўнік банка і жыхар Скідзеля. Прычынай затрымання сталі экстрэмісцкія матэрыялы і каментары пра беларускіх сілавікоў і расійскіх вайскоўцаў.

Гродзенцы затрыманыя за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, у тым ліку — у сацсетках і «Аднакласніках», за абразлівыя і пагрозлівыя каментары, напісаныя ў пачатку вайны, каментары на Youtube, якія змяшчаюць пагрозы сілавікам і расійскім вайскоўцам, а таксама заклікі рыхтаваць кактэйлі Молатава.

Верагодна, адзін з затрыманых – Сяргей Юдзін. Праваабаронцы апазналі аднаго з затрыманых – гэта Аляксей Бондар, у якога 26 траўня прайшоў суд паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць» у Гродзенскім раённым судзе.

26 траўня таксама стала вядома пра затрыманне васьмі жыхароў Ліды.