У Гродне з’явіцца новы жылы мікрараён «Паўднёвы-1» каля Альшанкі. У ім разлічваюць пасяліць 22 282 чалавекі. Па планах, у мікрараёне з’явяцца тры школы, чатыры дзіцячыя садкі, паліклініка, забаўляльны цэнтр з кінатэатрам і гасцініца і аздараўленчы комплекс з басейнам. З 12 траўня пачнуцца грамадскія абмеркаванні праекта забудовы, магістральных інжынерных сетак і вуліц.
UPD. Пачаць будоўлю плануюць пасля 2028 года. Першым з’явіцца квартал, размешчаны паміж Фабрычным і скрыжаваннем вуліц Вялікая Альшанка і Садакова.
Будучы жылы раён «Паўднёвы-1» размешчаны ў паўднёвай частцы горада. Менавіта гэты кірунак называюць пераважным для далейшага будаўніцтва і развіцця Гродна. З поўдня ён абмежаваны вул. Вялікая Альшанка і вул. Верхняй, з захаду — вул. 8 Сакавіка, з поўначы — чыгуначнымі шляхамі каля завода «Хімвалакно», з усходу — раёнам сядзібнай забудовы Малахавічы.
Мікрараён трапляе ў санітарна-ахоўную зону Гродзенскай птушкафабрыкі. Яе вынас за рысу горада запланаваны да 2025 года. Таксама будучы «Паўднёвы-1» захоплівае зону санітарнай аховы крыніцы цэнтралізаваных сістэм пітнога водазабеспячэння (трэці пояс водазабору «Чэхаўшчызна»).
Новы мікрараён зойме 138,67 га. Зараз на гэтым месцы палі і невялікае возера. Абраны ўчастак — з роўным рэльефам, раўнамерна паніжаецца ў паўночна-ўсходняй частцы. Самая высокая кропка мікрараёна будзе ў яго паўднёва-заходняй частцы.
Праект распрацоўвае інстытут «Гроднаграмадзянпраект».
Раён з шасці кварталаў
Гэта будзе жылы раён з шасці кварталаў з гмахамі і грамадскай забудовай. Асобна выдзелена тэрыторыя пад шмат’ярусныя стаянкі. Плануецца некалькі зялёных зонаў агульнага карыстання — адна з іх размесціцца вакол возера, якое адновяць і павялічаць.
Частку кварталаў (на плане адзначана сінім) забудуюць ужо пасля вынасу птушкафабрыкі.
Жылая забудова ўздоўж вуліц складаецца з комплексу дамоў зменнай паверхавасці. Іх збіраюцца размяшчаць групамі: буйнапанэльныя шматсекцыйныя дамы серыі 90 М на 8−10 паверхаў.
Чатыры вышынныя 19-павярховыя жылыя дамы размесцяць у квартале № 1 — з боку магістральных вуліц Вялікая Альшанка і 8 Сакавіка. Гмахі размяшчаюць на ўзвышшах. Яны будуць акцэнтнымі дамінантамі мікрараёна на магістральных вуліцах. Група з двух вышынных жылых будынкаў размесціцца на скрыжаванні вуліц Вялікая Альшанка і Айчынная, адзін гмах — уздоўж вуліцы Вялікая Альшанка ў яе верхняй частцы, паблізу перасячэння з 8 Сакавіка, яшчэ адзін — паблізу перасячэння вуліцы Айчынная і завулка Фабрычны.
Двары праектуюць паўзамкнёнымі і закрытымі для асабістага транспарту, з «прахаднымі» ўваходнымі групамі і пад’ездамі з вонкавага боку.
Агулам у квартале павінна з’явіцца 9089 кватэр, разлічаных на 22 282 чалавекі. Іх агульная плошча — 632 757 кв. м. Для параўнання, у Альшанцы жыве 60−65 тысяч чалавек.
Чытайце таксама: Грандзічы будуць пашыраць: запланавана будаўніцтва яшчэ двух мікрараёнаў
Басейн, гасцініца і кінатэатр: што будзе ў новым мікрараёне
Склад і ўмяшчальнасць аб’ектаў абслугоўвання ў новым мікрараёне вызначалі, зыходзячы з патрэбы будучых жыхароў і з улікам патэнцыялу прылеглых да яго кварталаў.
У «Паўднёвым-1» плануюць пабудаваць:
- тры агульнаадукацыйныя школы: дзве на 1020 вучняў з басейнам і адну школа на 946 месцаў з басейнам;
- чатыры дзіцячыя садкі: тры на 350 месцаў і адзін на 331 месца;
- паліклініку на 602 наведванні за змену;
- тры крамы харчовых і нехарчовых тавараў плошчай 800 кв. м з кафэ на 50 пасадачных месцаў і грамадскімі прыбіральнямі;
- вялікая крама харчовых і нехарчовых тавараў на 8500 кв. м з кафэ на 203 пасадачныя месцы, комплексны прыёмны пункт, майстэрні, грамадская прыбіральня;
- крама на 2720 кв. м гандлёвай плошчы з кафэ на 150 пасадачных месцаў;
- фізкультурна-аздараўленчы комплекс з спартзалай 1000 кв. м з басейнам 360 кв. м плошчы вады і кафэ на 50 пасадачных месцаў;
- гасцініца на 134 месцы з лазнева-аздараўленчым комплексам на 50 месцаў, басейнам і кафэ на 50 пасадачных месцаў;
- забаўляльны цэнтр з кінатэатрам на 300 месцаў і кафэ на 200 пасадачных месцаў;
- клуб са спартзалай 540 кв. м на 300 наведвальнікаў з кафэ на 50 пасадачных месцаў;
- ЖЭС;
- два аддзяленні сувязі, сем філіялаў аддзяленняў банкаў, цырульні, убудаваныя офісы.
Добраўпарадкаванне двароў і прылеглых тэрыторый прадугледжвае пляцоўкі рознага функцыянальнага прызначэння: для гульняў дзяцей, адпачынку дарослых, для чысткі хатніх рэчаў, для збору смецця і захоўвання ровараў. Прадугледжана безбар’ернае асяроддзе.
Пакрыццё праездаў і парковак будзе бетоннае, ходнікі і пляцоўкі выбрукуюць пліткай.
Чытайце таксама:
- Одна станет расчетным центром, другая — мясным магазином. Что будет с амбулаториями в Ольшанке
- Новый торговый центр возле Old City начнут строить уже в этом году. Как он будет выглядеть?
Паркоўкі
Максімальная колькасць парковачных месцаў вынесена ўздоўж магістральных вуліц Вялікая Альшанка, Айчынная і праектаваная № 35.
У мікрараёне запланавана восем крытых паркінгаў для 60% патрэбных машынамесцаў: сем на 684 машынамесцы і адзін на 456. Пяць з іх прадугледжаны ў камунальнай зоне ў паўночнай частцы мікрараёна. Яшчэ тры хочуць пабудаваць замест птушкафабрыкі. Іх плануюць з разліку радыюсу пешай даступнасці 800 м для кожнага квартала. Таксама будзе адкрытая стаянка.
Парковачныя месцы размесцяць і ва ўсіх грамадскіх аб’ектаў і аб’ектаў абслугоўвання. Для парковак каля аб’ектаў грамадскага прызначэння прадугледжана падвойнае выкарыстанне ў розны час сутак.
У межах жылой забудовы запраектавана 3635 парковачных месцаў.
Дзе і калі можна паглядзець праект
Грамадскія абмеркаванні праекта пройдуць з 12 па 26 траўня. У гэты ж час праект вывесяць у вестыбюлі ўпраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама на плошчы Тызенгаўза, 3. Будынак адкрыты з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00 па буднях.
Прэзентацыя праекта пройдзе 23 траўня ў 15.00 у кабінеце № 1 на першым паверсе ўпраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва.
Заўвагі і прапановы ад гараджан прымаюць з 12 па 26 траўня ў пісьмовай або электроннай форме з пазнакай «Грамадскае абмеркаванне»:
- Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт, плошча Леніна, 2/1, 230 023, г. Гродна. Электронная пошта: gorisp@gorod.grodno.by.
- Упраўленне будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама, паштовы адрас: пл. Антонія Тызенгаўза, 3, 230 023, г. Гродна. Электронная пошта: arhitektura@gorod.grodno.by.
- У пісьмовым выглядзе ў часопісе ўліку наведвальнікаў экспазіцыі.