У інтэрнэце з’явіўся партал «Базар Гарадзенскі». Сайт мае каталог і стужку навін. Даменам валодае дзяржгазета “Гродзенская праўда”, а прынцып працы партала нагадвае ліквідаваны прыватны сайт Grodno.in. 

«Базар Гарадзенскі» стварылі ў жніўні 2025, але яго запаўненнем заняліся не так даўно. Каталогі арганізацый паступова запаўняюць. Усяго на сайце прадугледжана 20 катэгорый, самыя папулярныя з якіх – крамы (ужо дадалося 308 арганізацый), аўтамабілі і аўтасэрвісы (200), турызм і сэрвіс (198), а таксама забаўкі (168).

Менш за ўсё арганізацый у катэгорыях паляванне і рыбалка (11), сад і агарод (10), а таксама праца – усяго дзве арганізацыі. Апісанне некаторых арганізацый ідэнтычна таму, што было ў Grodno.in.

На сайце таксама публікуюць навіны арганізацый – праўда, іх усяго чатыры. Анонс выставак “Белагра” і “Нафта і Газ Узбекістана”, стажыроўка вадзіцеляў у аўтапарках Гродзенскай вобласці, а таксама вынікі конкурсу, на якіх ваўкавыскі мясакамбінат стаў пераможцам прэміі.

Ёсць і навіны Гродна — іх крыху больш. Першую, апублікаваную ў сярэдзіне чэрвеня, прысвяцілі Фестывалю нацыянальных культур.

Прынцып працы сайта “Базар Гарадзенскі” нагадвае ліквідаваны ўладамі Grodno.io. У снежні 2024 года партал і яго сацсеткі прызналі экстрэмісцкімі. Цяпер сайт недаступны.

Яго аналаг, верагодна, распрацоўвалі на замову ўладаў, таму што даменам «Базару Гарадзенскага» валодае дзяржаўная газета «Гродзенская праўда». Рэгістравала сайт дзяржкампанія “Облачные технологии”.

Чытайце таксама: Галоўрэд “Гродзенскай праўды” ў асабістым акаўнце змагаецца з “натаўскімі наймітамі”, а публічна – будуе масты з Польшчай