Ігар Банцэр выклаў у Facebook фота, дзе адзначыў геалакацыю ў псіхіятрычным шпіталі Варшавы. “Нарэшце я знаходжуся ў месцы, дзе атрымаю 100% прафесійную дапамогу і клопат”, — падпісаў ён здымак.

Таксама музыка адзначыў, што яму дадуць веганскае харчаванне.

“Гэта было не маё рашэнне: копы ў цэнтры горада, нападаюць, апранаюць кайданкі <…> Кайданкі, два паліцыянты ў машыне хуткай дапамогі”, – напісаў ён у каментарах. < > Копы змясцілі мяне ў псіхіятрычную лякарню праз “небяспечныя паводзіны пад уздзеяннем наркотыкаў”.

За што адправілі ў бальніцу?

Адзін з яго прыяцеляў распавёў пра прычыну змяшчэння ў бальніцу.

“Банцэр быў у офісе для людзей з інваліднасцю, каб дапамагчы аднаму са сваіх сяброў (палітычнаму ўцекачу з Беларусі) вырашыць некаторыя дзелавыя пытанні. Але з-за гучнага голасу Банцэра, злоснага погляду, татуіровак (і нават з-за таго, што яго пазногці выфарбаваныя ў чорны колер!!!) была выкліканая паліцыя. Банцэра абвінавацілі ў агрэсіўных, вульгарных і небяспечных паводзінах. У паліцэйскіх актах напісана, што ён кідаў крэслы ўнутры офіса”, – патлумачыў карыстальнік.

З ягоных слоў, паліцыя жорстка арыштавала Ігара, надзела на яго кайданкі і адвезла ў псіхіятрычную лякарню праз ягоныя «зменлівыя паводзіны пад уздзеяннем наркотыкаў». У псіхіятрычным шпіталі лекары, па словах прыяцеля, пагражалі Банцэру “як жывёле” з-за яго знешнасці і ўсходнееўрапейскага акцэнту.

Разбіральніцтва ў судзе

Пасля выпіскі Банцэра з псіхіятрычнай бальніцы праз 7-10 дзён ён збіраецца звярнуцца па гэтым пытанні ў суд. “І гэта будзе адна з найбуйнейшых спраў у найноўшай гісторыі Польшчы”, – мяркуе ён.

Ігар Банцэр – палітвязень і музыка, вакаліст Mister X. У верасні 2020 года Ігар станцаваў без штаноў перад міліцэйскай машынай. За гэта яго асудзілі на 1,5 года «хіміі». У СІЗА ён 16 дзён трымаў “сухую” галадоўку. 17 снежня 2021 года выйшаў на волю. У жніўні 2022 – адседзеў 45 сутак па адміністрацыйным артыкуле, пасля чаго з’ехаў з Беларусі.

Чытайце таксама: Гродзенская турма раднейшая: «Апошні рок-н-рольшчык Беларусі» Ігар Банцар — пра Варшаву, вяртанне дадому і адбітак безвыходнасці