Музыкант з Гродна і лідар гурта Dzieciuki Алесь Дзянісаў хацеў выступіць у беластоцкім бары Beer4U. Дзянісаву адмовілі нібыта праз тое, што ён «экстрэміст». Яго выступ мог пашкодзіць саўладальніку бара, які мае бізнес у Беларусі. Сітуацыю музыкант апісаў у двух пастах у Facebook — разам яны сабралі больш за дзве сотні каментароў на абед 29 жніўня. Прадстаўнікі бара патлумачылі сваю пазіцыю.

Алесь Дзянісаў - музыкант, вакаліст гурта Dzieciuki, відэааператар-фрылансер. Яго судзілі паводле арт. 22.9 КаАП «Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі» (у рэдакцыі 2003 года — Hrodna.life). У 2018 годзе яго судзілі за рэпост са старонкі, прызнанай экстрэмісцкі. У жніўні 2020 года яго жорстка затрымалі, пасля чаго Алесь трапіў у бальніцу. Адміністрацыйную справу пасля спынілі. У сакавіку 2021 года ў яго дома прайшоў агляд, а Дзянісава дапыталі па справе аб нібыта фінансаванні пратэстаў. Алесь з’ехаў за мяжу.

«Ёсць вядомы паб, у якім ладзяцца даўно беларускія імпрэзы. Добры варыянт! І тут раптам высвятляеца, што мая сціплая асоба з’яўляецца ў гэтым пабе персонай нон-гратэ! Нібыта рэвалюцыянер, экстрэміст ды наўогул, страшэнна таксічная асоба! <…> Адзін з саўладальнікаў гэтага паба мае бізнэс і ў РБ, і ў РП. Швэндаецца туды-сюды па маршруце: „Беласток-Гародня-Беласток“, і выступ „непажаданай асобы“ можа выклікаць праблемы ў „вышэйадзначанай асобы“ на мяжы, і ў горадзе Гродна», — напісаў Алесь.

На пытанне Hrodna.life, адкуль у яго такая інфармацыя пра ўласнікаў бара, музыкант адказаў: «Так мне сказалі».

Алесь палічыў пазіцыю бара самацэнзурай. Некаторыя з яго сяброў пагадзіліся з саўладальнікам бара, што абурыла музыку. Таксама яго нібыта абвінавацілі ў тым, што ён разбурае беларускія сувязі.

«Няхай такія разбураюца)) Бо калі я 100 разоў маўчаў у РБ, калі мне казалі „ну-ты-сам-усё -разумееш“ — то я маўчаў. Не прымаў. Але спрабаваў зразумець. І маўчаў. Не спяваў нейкіх песен. Маўчаў, калі забаранялі канцы. Але тут не магу маўчаць. Долбанная цэнзура прыехала разам з цэнзуршчыкамі? Да пабачэння!»

Алесь удакладніў у наступным пасце, што размова ішла не пра канцэрт гурта Dzieciuki, а пра акустычны фармат. Таму адмовіць яму па прычыне «нефармату» бара не маглі.

“Бульбасрач” у Беластоку: музыка-эмігрант паскардзіўся на "цэнзуру" ў беларускім бары, дзе яму нібыта не дазволілі зайграць
Адзін з канцэртаў гурта Dzieciuki. Фота: Hrodna.life

Цэнзура ці не?

Карыстальнікі сацсеткі і сябры Дзянісава адрэагавалі на яго допіс. Журналіст Алесь Пілецкі абяцаў пры нагодзе «зачэкініцца» ў бары і напісаць водгук. Севярын Квяткоўскі і яшчэ не менш за пяць чалавек — не заходзіць у бар наогул. Падчас абмеркавання рэйтынг бара ў Facebook сябры Дзянісава сваімі каментарамі панізілі з 4,5 да 3,5. 29 жніўня ён «падрос» да 4,1, бо прыйшлі ўжо прыхільнікі пляцоўкі і пачалі пісаць станоўчыя каментарыі.

Журналістка Вольга Быкоўская прапанавала іншыя месцы для выступа ў Беластоку — калега Руслан Кулевіч паабяцаў дапамагчы дамовіцца. У выніку выкладчыца Святлана Куль-Сільвестрава знайшла іншую залу на 100 чалавек. Сам Алесь сказаў Hrodna.life, што больш ніякіх канцэртаў у Беластоку праводзіць не будзе — ні сольных, ні з гуртом.

«Я б на месцы наведнікаў пабу ў такой сітуацыі задумаўся, які яшчэ можа быць фармат негалоснай „платы“ за магчымасць мець бізнэс і там і тут», — задаўся пытаннем карыстальнік сацсеткі.

“Бульбасрач” у Беластоку: музыка-эмігрант паскардзіўся на "цэнзуру" ў беларускім бары, дзе яму нібыта не дазволілі зайграць
Бар Beer4u. Фота: m*******a.io

«Ну, это его частный бизнес. Частное заведение. Бизнесмены бывают мудаками как люди, да. Но что тут поделать. Он имеет право и на такую позицию „хатаскрайщика“ в своем заведении. Выбери другой бар», — раіць іншы карыстальнік.

«И все-таки, отказать тебе в выступлении в частном кабаке в Польше, это НЕ цензура. Это можно назвать малодушием, человеческим фактором, обозвать хозяина кабака плохим человеком или просто принять то, что ты там неформат. Но точно не цензура, потому что хозяину польского кабака никто не звонил из исполкома, в Польше нет „черных списков“ музыкантов. Но хозяин кабака имеет полное право приглашать или отказывать музыкантам, потому что он имеет на это право. Так же как нет телефонного права заставить хозяина приглашать каких-то придворных/лояльных музыкантов», — лічыць іншы карыстальнік.

«Калі чалавек робіць бізнэс ў Польшчы, але пры гэтым ня хоча рваць сувязі з Беларуссю, не хоча, каб яго на мяжы затрымалі пры чарговай паездцы дамоў і г. д., і на гэтай падставе „не высоўваецца“ і не хоча рабіць у сваім бары мерапрыемстваў, якія прыцягнуць да яго ўвагу беларускіх уладаў - то я яго цалкам разумею, а ваш пост у такім выпадку выглядае вельмі мярзотна. Маўляў „я ўсё страціў, хай і гэты таксама страціць“. Калі чалавек працуе „двайным агентам“ і супрацоўнічае з беларускімі ўладамі ў абмен на тое, што ягоны беларускі бізнэс не чапаюць — то так, вы маеце рацыю, пра такое трэ распавядаць. Але ж, я так разумею, доказаў чагосьці падобнага ў вас няма?» — запытаўся сябар.

Некаторыя каментатары лічаць, што прычына такой пазіцыі - прызвычайванне да негатыву і бездапаможнасці, і што беларусам патрэбны сістэмныя змены.

«Беларускі цэнтр свабоды»?

«Прычынай адмовы не было тое, што я дрэнна спяваю, ці таму што саўладальнік мае іншы мастацкі густ. Справа ў тым, што месца сябе пазіцыянуе, як беларускі цэнтар свабоды», — заключыў Дзянісаў.

«Рабяты, а давайце я вам пакажу, як выглядае той самы «лукашэнкаўскі-ябацькаўскі» бар, пра які вы тут разважаеце. Вось фота — зусім нядаўна там выступаў Уладзімір Арлоў з эсэ «Незалежнасць — гэта…» Раней там выступалі іншыя паважаныя гісторыі і даследчыкі: Волкаў, Якубаў, Сурскі, Кулевіч ды інш. Гэта адзіны (!) паб у Беластоку, дзе рэгулярна ладзяцца беларускія мерапрыемствы — раз на тыдзень. Той паб, каторы вы зараз хэйціце, пішаце пагрозы ды іншае лайно і смела, з лёгкай рукі аднаго музыкі, запісваеце ў «лукашысцкі»… <…> - напісаў Алесь Кіркевіч, які ў Beer4U ладзіць гістарычныя вечары Beer&History. — Вось пераязджае чалавек у вольны свет і не разумее падставаў гэтага свету. Напрыклад, што ніхто нічога нікому не абавязаны. І калі нехта не гарыць жаданнем зрабіць табе бясплатна на сваёй пляцоўцы канцэрт, гэта не ‘цэнзура' і не жлобства. Проста ‘не хачу'. <…>

“Бульбасрач” у Беластоку: музыка-эмігрант паскардзіўся на "цэнзуру" ў беларускім бары, дзе яму нібыта не дазволілі зайграць
Пісьменнік Уладзімір Арлоў на сустрэчы ў бары. Фота: Алесь Кіркевіч

Некаторыя каментатары цікавіліся, ці не знікне Beer&History праз канфлікт. Пакуль інфармацыі пра лёс гістарычнага клубу няма.

Бар: «Саўладальнік бізнеса не быў у Беларусі з часоў першай пандэміі і бізнесаў там не мае»

«Адзін вядомы музыкант вырашыў, што ён з’яўляецца „персонай нон-грата“ ў нашым пабе і зрабіў з гэтага свае далёка ідучыя высновы, якімі вырашыў падзяліцца з чытачамі», — адказалі прадстаўнікі бара на сваёй старонцы ў Facebook. Рэдакцыя Hrodna.life прыводзіць адказ з невялікімі скарачэннямі.

«Факт першы: ніхто з нас ніколі не баніў гэтага чалавека. Мы можам перастаць абслугоўваць каго-небудзь за агіднае паводзіны або жульніцтва ва ўстанове. Але канкрэтна гэты чалавек у нас нават ніколі не бываў. Ва ўсякім выпадку, мы не можам ўзгадаць. Г. зн. няма ні адной прычыны забараняць яму ў нас бываць.

Факт другі: мы ніколі асабіста не абмяркоўвалі з ім не тое што яго бан або канцэрт, а ў прынцыпе наогул нічога (Алесь Дзянісаў сапраўды ўдакладніў у пасце, што з барам дамаўляўся не ён, а чалавек, якому ён давярае — Hrodna.life).

Факт трэці: саўладальнік «з бізнесам у Беларусі» не бываў у Беларусі з часоў першай пандэміі і ніякіх бізнесаў там не мае і не меў. Госці, якія часта бываюць у нас, рэгулярна могуць назіраць гэтага саўладальніка за барнай стойкай".

Такім чынам, інфармацыя ад Алеся Дзянісава — гэта паклёп, лічаць у бары. Яны адзначылі, што заўсёды адкрытыя да размовы.

На пытанні рэдакцыі Hrodna.life у бары пакуль не адказалі. На пытанне пра магчымыя абвінавачанні ў паклёпе музыка адказаў: «Фантастычна! Мяне не пасадзілі ў РБ. Пасадзяць у Польшчы».

UPD 30 жніўня. Алесь Дзянісаў выбачыўся перад барам Beer4U

«Не разабраўшыся да канца ў сітуацыі, не паразмаўляўшы з іншымі прадстаўнікамі бара, я кінуў цень на паб, супраць якога (я раней пісаў пра гэтае ў каментарах) не маю нічога асабістага», — напісаў ён у сваім Facebook.

Дзянісаў зазначыў, што ў бары праводзіцца шмат добрых імпрэзаў, важных для беларусаў Беластока.

Памяняць меркаванне Алесю дапамагла размова «з нейтральнымі людзьмі».

«Сама сітуацыя самацэнзуры для мяне як чырвоная хустка для быка. Эмоцыі захліснулі. Трэба прызнаваць свае памылкі. Я прашу прабачэння», — напісаў ён.