Не менш за сем чалавек затрымалі ў Гродзенскай вобласці. Telegram-канал сілавікоў «ПуЛьС Гродно» даў справаздачу аб «адпрацоўцы» Гродзенскага рэгіёна.

Затрымалі ад «рабацягі да начальніка», адзначылі сілавікі. Па іх словах, затрыманыя панеслі пакаранне ад папярэджання да крымінальнага артыкула. Відэа сілавікоў падпісанае як «частка 1». Верагодна, гэта не апошнія затрыманні.

За што затрыманыя жыхары Гродзенскай вобласці:

  • за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і нацысцкай сімволікі;
  • за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і негатыўныя выказванні на адрас расійскіх вайскоўцаў у сувязі з вайной;
    за падпіскі на каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі;
  • за БЧБ-сцяг у аўтамабілі;
  • за падпіску на Instagram-акаўнт «Радыё Свабода»;
  • за распаўсюд інфармацыі, якая пазней была прызнаная экстрэмісцкай;
  • за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

На відэа рэдакцыя Hrodna.life апазнала былога бубнача гурта Dzieciuki Аляксандра «Сыра» Сыраежка, прадпрымальніка з Зэльвы Віктара Ламеку і мадэль, заснавальніка фітнес-клуба «Тытан» і атлета Давіда Ацьмана.

UPD. Затрыманая гродзенка — Лізавета Белятка.

UPD 2. Былы бубнач Dzieciuki Аляксандр «Сыр» Сыраежка быў затрыманы 21 красавіка. Праз трое сутак яго адпусцілі. 24 траўня чакаецца суд.

UPD 3. 28 красавіка стала вядома яшчэ пра сем затрыманняў.

  • навучэнца каледжа бізнесу і права затрымалі за паведамленні ў «дэструктыўныя чаты» ў 2020 годзе;
  • за падпіску на каналы і чаты «экстрэмісцкага толку», адпраўку інфармацыю з іх сябрам;
  • уладальніка «Цудоўні» Андрэя Несцяровіча — за экстрэмісцкія матэрыялы на яго старонцы;
  • гродзенку — за падпіску на Nexta;
  • за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і тое, што знаходзіўся ў ініцыятыўнай групе Святланы Ціханоўскай і быў адміністратарам канала «Страна для жизни»;
  • праваабаронцу Віктара Сазонава — за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў;
  • за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і рэгістрацыю ў чат-боце «План Перамога».

Сазонаў і Несцяровіч адказвалі на пытанні сілавікоў па-беларуску. Некаторыя затрыманні адбыліся ў пачатку красавіка.