Навіны

Сем судоў за распаўсюд экстрэмізму, звальненні, ваенныя зборы. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

За распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў асудзілі сем чалавек у Гродзенскай вобласці. На «Ашмянскіх электрычных сетках» — палітычныя звальненні. У Гродзенскай вобласці абвясцілі зборы. За няяўку могуць асудзіць — ёсць прэцэдэнты. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці c 3 па 9 красавіка.

Затрымалі 54-гадовага лідчаніна Андрэя Раўчакова

Да яго прыйшлі дадому ўвечары 5 красавіка і забралі ў аддзел РАУС. Яму ставяць у віну арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць», паведамляе Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде».

Андрэй працуе ў вытворчасці водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі Лідскага ЖКГ.

7 красавіка ў Андрэя прайшоў дзень нараджэння — 55 гадоў. Затрыманага Андрэя Раўчакова асудзілі на 10 сутак.

Андрэй Раўчакоў. Фота: Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде».

Суды за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў

  • 3 красавіка ў судзе Ленінскага раёна Гродна судзілі Віктара Ламеку — прадпрымальніка з Зэльвы. Некалькі гадоў ён абараняў прадпрымальнікаў з Гродзенскай вобласці і бараніў свае правы ў судах;
  • 5 красавіка ў судзе Кастрычніцкага раёна судзілі гродзенку Наталлю Цярэшку;
  • Іосіфа Ацьмана судзілі 6 красавіка ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна;
  • 7 красавіка Сяргея Кохара судзілі ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна;
  • 7 красавіка затрыманага раней Андрэя Раўчакова падвергнулі 10 сутак адміністрацыйнага арышту ў судзе Лідскага раёна;
  • 7 красавіка ў Лідзе асудзілі былога супрацоўніка МНС Алега Пазняка. Паводле ч. 2 арт. 19.11 КК яму прызначылі пяць сутак арышту;
  • Мігдалёнак Уладзіслаў Леанідавіч з Ваўкавыска аштрафаваны на 15 базавых велічынь (555 рублёў);
  • Сяргея Кохана судзяць у судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 10 красавіка.

Звальненні на «Ашмянскіх электрычных сетках»

Больш за дзясятак супрацоўнікаў «Ашмянскіх электрычных сетак» (філіяла «Гроднаэнерга») працуюць апошні месяц і сыходзяць з 1 траўня. Пра гэта «Зеркало» распавялі некалькі не звязаных паміж сабой крыніц.

Інфармацыя аб колькасці людзей, якія звальняюцца, у суразмоўцаў выдання розная: ад 15 да 30 чалавек. Верагодна, запланавана звольніць больш за 50 чалавек. Усе гэтыя людзі ў той ці іншай ступені ўдзельнічалі ў мітынгах 2020 года — прыйшла папера са спісам на звальненне.

У спісах на звальненне многія — рэдкія спецыялісты, якіх будзе складана замяніць: начальнік аднаго з аддзелаў, кіраўнік лабараторыі, бухгалтар, а таксама шэраг інжынераў.

У інстанцыі звальнення адмаўляюць.

Новыя «экстрэмісты»

Ярашэвіч Аляксей Сяргеевіч з Ваўкавыска, Дзюба Аляксандр Міхайлавіч, Мазуркевіч Людміла Аляксандраўна, Антонава Наталля Паўлаўна з Гродна, Краснік Андрэй Часлававіч з Ліды, Ваўчок Дзяніс Вайцяховіч са Слоніма, Піменаў Дзяніс Аляксандравіч з а\г Жыровічы 7 красавіка папоўнілі «спіс экстрэмістаў».

У Гродне асудзілі трох чалавек за эвакуацыю з Беларусі і супрацоўніцтва з «Дапамогай»

У Гродзенскім абласным судзе 5 красавіка вынеслі прысуд былому мытніку Мікалаю Куляшову, двойчы палітвязняволенай Аніце Бакуновіч і студэнту Ягору Курзіну. Іх абвінавацілі ў «замаху на незаконнае перасячэнне мяжы», «удзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні — арганізацыі «Дапамога», а таксама па шэрагу іншых артыкулах Крымінальнага кодэкса, паведамляе «Вясна».

Суддзя Віктар Сянько прызначыў Мікалаю Куляшову пяць гадоў калоніі, Аніце Бакуновіч — тры з паловай гады зняволення, а Ягору Курзіну — тры гады калоніі.

Да трох з паловай гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму Аніту Бакуновіч асудзілі паводле ч. 3 арт. 361−1 КК «Удзел у экстрэмісцкім фармаванні» і ч.1 арт. 14 і ч. 3 арт. 371 «Замах на незаконнае перасячэнне мяжы».

Былога мытніка і актывіста Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Мікалая Куляшова судзілі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 14 і ч. 3 арт. 371 (замах на наўмыснае незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы, здзейсненае арганізаванай групай), ч. 3 арт. 361−1 КК (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні), арт. 378 (крадзеж асабістых дакументаў) і ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 380 (замах на падробку і выраб або збыт падробленых).

За «замах на незаконнае перасячэнне мяжы» паводле ч.1 арт. 14 і ч. 3 арт. 371 і «ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу» паводле ч. 1 арт. 435 КК асудзілі 21-гадовага Ягора Курзіна.

Асуджаныя. Фота: «Вясна»

Гродзенскія чаты: затрыманне ў офісным будынку «Маро»

Сілавікі ў экіпіроўцы з аўтаматамі 5 красавіка прыйшлі ў бізнес-цэнтр «Маро» на вул. Гаспадарчай. З яго выцягнулі супрацоўніка. Верагодна, хлопца затрымалі, пішуць у чаце «Гародня 97%».

Уладальнікі кватэры, у якой ліквідавалі гродзенскага «тэрарыста», на волі

Аляксандр і Алена Касцевічы, уладальнікі кватэры па вул. Курчатава, 5 былі затрыманыя і дапытаныя КДБ. Па справе дапыталі 14 чалавек, якія размаўлялі з «тэрарыстам», з іх пяць змясцілі ў ізалятар. Хто гэта і што з імі, невядома, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».

Затрыманыя ўладальнікі кватэры. Калаж Hrodna.life

Новыя палітвязні

Дзмітрый Анчукоў прызнаны палітвязнем. Мужчыну асудзілі на год «хіміі» паводле арт. 341 КК за пратэстныя надпісы. Ён пачаў адбываць пакаранне.

У Беларусі — новы камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Уладзімір Белы

Яго прадставіў міністр абароны Віктар Хрэнін. Да гэтага Белы быў начальнікам факультэта Генеральнага штаба Узброеных Сіл — намеснікам начальніка Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.

Ён паведаміў, што яму дастаўся «зладжаны магутны калектыў». Ён гатовы падзяліцца «новым крэатыўным вопытам».

Уладзімір Белы. Фота: «Гродна Плюс»

Гродзенца асудзілі на паўтара года калоніі за рэпосты

14 сакавіка 2023 года ў судзе Ленінскага раёна Гродна вынеслі прысуд Аляксандру Дзюбе. Яго асудзілі на паўтара года калоніі агульнага рэжыму паводле арт. 368 КК «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» і арт.369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады», паведамляе «Вясна».

Да прысуду мужчына ўтрымліваўся пад вартай. Таксама ён павінен выплаціць штраф у памеры 100 базавых велічынь (3700 рублёў). Акрамя таго, абвінавачаны павінен выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды пацярпелым — 6000 рублёў (па 1000 рублёў кожнаму) і 666 рублёў дзяржпошліны.

Прысуд вынесла суддзя Наталля Горбач. Паводле абвінавачання, Дзюба зрабіў публікацыі, якія абразілі гонар і годнасць Лукашэнкі і змяшчаюць «ненарматыўную форму моўнага выказвання» ў дачыненні да яго. Таксама ён размясціў у сацсетках публікацыі з фотаздымкамі міліцыянтаў, суправадзіў іх тэкстам з негатыўнай ацэнкай. Сярод іх былі выявы супрацоўнікаў ізалятараў часовага ўтрымання са свастыкай, Лукашэнкі з імправізаванай шыбеніцай. Мужчына прызнаў віну цалкам.

Новыя экстрэмісцкія матэрыялы

Telegram-каналы «Гордые Слонимчане» і «Слоним. НОВОСТИ» прызнаныя экстрэмісцкімі па рашэнні суда Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці ад 29 сакавіка 2023 года.

Telegram-канал «безЛУКА», Telegram-чат «безЛУКА комментарии», суполка «Вконтакте» «безЛука», старонка ў Twitter «БезЛука», суполка ў «Одноклассники» «безЛУКА», суполка ў Facebook «БезЛука», Youtube-канал «БЕЗ ЛУКА», акаунт «bezlukamedia» у TikTok і лагатып «БЕЗ ЛУКА» — малюнак у выглядзе цыбуліны на фіялетавым фоне прызнаны экстрэмісцкімі па рашэнні суда Ленінскага раёна Гродна ад 23 сакавіка 2023 года.

У Гродне прайшлі ператрусы ў рэпетытарскім цэнтры «100 балаў»

У гродзенскім філіяле адукацыйнага цэнтра «100 балаў» прайшлі ператрусы. Цэнтр абвінавачваюць у нявыплаце падаткаў і страхавых узносаў. Яго заснавальнікі былі затрыманыя раней паводле палітычнага артыкула.

У Гродне затрымалі праваабаронцу Віктара Сазонава

Каля 10.00 7 красавіка ў Гродне сілавікі затрымалі Віктара Сазонава, калі ён пад’ехаў да свайго дома на машыне. Віктара Сазонава затрымлівалі сілавікі ў экіпіроўцы. З якой прычыны яго затрымалі, пакуль невядома.

Праваабаронца Віктар Сазонаў. Фота: Hrodna.life

Фанаты хакейнага «Нёмана» выйшлі на волю і нават паспелі на матч

Затрыманых фанатаў хакейнага клуба «Нёман» вызвалілі з-пад варты. Апошні з іх выйшаў 5 красавіка 2023 года. Фанаты пад падпіскай аб неразгалошванні, а прычына затрымання дасюль невядомая.

Фанаты клуба ў сярэднім знаходзіліся ў зняволенні 15 сутак. Абвінавачванне ім не прад’явілі. Некаторыя з іх паспелі наведаць хакейны матч 4 красавіка паміж «Нёманам» і мінскім «Юнацтвам».

Святар Георгій Рой пакінуў Беларусь і сышоў з РПЦ ва Усяленскі патрыярхат

Гродзенскі святар Георгій Рой пакінуў Беларусь. Яго разам з мінскім іерэем Аляксандрам Кухтай прынялі ва Усяленскі патрыярхат — галоўны патрыярхат праваслаўнай царквы, які размяшчаецца ў Стамбуле. Рой даў інтэрв'ю Hrodna.life.

Георгій Рой. Фота: Hrodna.life

У старадаўнім будынку УУС у Гродне правядуць рамонт. Праводку і выключальнікі зробяць у стылі рэтра

Некалькі памяшканняў адміністрацыйнага будынка УУС Гродзенскага аблвыканкама па вул. Чырвонаармейская, 11 адрамантуюць. Рамонт будзе доўжыцца з 10 траўня па 23 чэрвеня 2023 года. Будынак — былыя царскія казармы канца XIX стагоддзя, але ён не ўключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Чырвонаармейская, 11 у Гродне. Фота: Яндекс.Карты

Што класці ў перадачу і якія зараз умовы для «палітычных» у ІЧУ Гродна

У гродзенскім ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) «палітычным» забаронена перадаваць ежу ці цыгарэты. Матрацаў па-ранейшаму не даюць, а на чытанне вылучаюць 30 хвілін на дзень. Праўда, камеры не такія перанаселеныя, як у сумнавядомым ізалятары Акрэсціна ў Мінску. Пра актуальныя ўмовы ўтрымання для затрыманых паводле адміністрацыйных артыкулаў у ІЧУ на Гая, 4 гродзенка Кацярына Шуст расказала ў сваім Facebook.

Дальнабойшчыка з Ліды асудзілі за здраду дзяржаве

Палітвязня Валерыя Троцкага асудзілі за 12 гадоў калоніі за здраду дзяржаве (арт.356 ч. 1 КК). Пра гэта паведамляе Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде». Іншых падрабязнасцяў пра справу невядома — разгляд праходзіў у закрытым рэжыме.

Троцкі Валерый Генадзевіч. Фота: Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде»

Грамадскае аб’яднанне «Экаманіторынг» ліквідуюць у Гродне

Пасяджэнне аб ліквідацыі арганізацыі запланавана на 26 красавіка ў Гродзенскім абласным судзе. Заяўнік — Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама, суддзя — Сяргей Піпко. Аб’яднанне зарэгістравана з 2017 года. Сябры арганізацыі прыбіралі смецце ў прыродных месцах, паведамлялі аб грамадскіх абмеркаваннях і актыўна ўдзельнічалі ў іх, заклікалі карміць бяздомных жывёл зімой.

У Гродзенскай вобласці абвясцілі зборы. За няяўку могуць асудзіць — ёсць прэцэдэнты

Планавая праверка баявой гатоўнасці Узброеных Сіл Беларусі пачалася 3 красавіка па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі. Па Гродзенскай вобласці збіраюцца прызваць 1000 чалавек. За няяўку пагражае крымінальная адказнасць.

Пісаць «Ščučynščyna» ўжо нельга: у Беларусі адмянілі беларускую лацінку ў геаграфічных назвах

Транслітараваць назвы беларускіх геаграфічных аб’ектаў на беларускую лацінку зараз нельга. Адпаведную пастанову «Аб перадачы назваў геаграфічных аб’ектаў з беларускай і рускай моў на іншыя мовы» апублікавалі 4 красавіка 2023 года.

КДБ: у Гродне хацелі падарваць дзве нафтабазы, ваенкамат і генконсульства Расіі

Тэракты ў Гродне нібыта планавалі грамадзяне Беларусі і Расіі пад кіраўніцтвам супрацоўніка спецслужбаў Украіны. Пра гэта распавялі ў тізеры «фільма-расследавання» тэлеканала АНТ. Мэтай былі адразу некалькі аб’ектаў, у тым ліку і генконсульства Расіі.

Кадры аператыўнай працы. Скрыншот з АНТ

Справу супраць Анжалікі Борыс спынілі - за два гады не знайшлі складу злачынства

Кіраўніцу непрызнанага беларускай уладай Саюзу палякаў Анжаліку Борыс, меркавана, вызвалілі з-пад хатняга арышту, пад якім яна знаходзілася апошні год. Яе выклікалі ў Менск разам з маці. Там Борыс далі дакумент аб спыненні справы «ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства». Польшча выказала спадзяванні, што гэта сігнал пра гатоўнасць беларускіх уладаў да канструктыўнага дыялогу.

Анжаліка Борыс, старшыня непрызнанага ўладамі Саюза Палякаў Беларусі

У Гродне прызначылі новага пракурора горада. Што здарылася са старым?

Анатоль Іванюк стаў новым пракурорам Гродна. Раней ён быў намеснікам пракурора Гродзенскай вобласці. Былы ж пракурор горада Уладзімір Клішын заняў месца Іванюка. Фактычна, пракуроры памяняліся месцамі.

Анатоль Іванюк. Крыніца: grodnonews.by

Падзяліцца

Апошнія запісы

Прарэктара з Гродна аштрафавалі за прусакоў у інтэрнаце

На кухні двух інтэрнатаў навучальнай установы ў Гродне знайшлі прусакоў. Іх выявілі пры правядзенні кантролю…

16 мая 2024

У Гродна новы горад-пабрацім. Чым ён вядомы?

Гродна і азербайджанскі горад Габала сталі гарадамі-пабрацімамі. Дамоўленасць пра гэта павінна вывесці супрацоўніцтва на новы…

16 мая 2024

У Гродне ўпершыню пройдзе гарадскі выпускны: калі і дзе?

Гарадскі выпускны ў Гродне ўпершыню пройдзе 14 чэрвеня. Месцам святкавання выбралі Савецкую плошчу. Падчас свята…

16 мая 2024

У Слоніме загарэўся разметачны аўтамабіль дарожнікаў - працоўны загінуў

У Слоніме памёр 26-гадовы працоўны, які пацярпеў пры пажары дарожна-разметачнай машыны. Яго адзенне загарэлася ад…

16 мая 2024

Дыджэй з Гродна выступіць на дабрачынным фэсце ў Варшаве — каб дапамагчы дзецям палітвязняў

Дыджэй з Гродна Schmoltz выступіць на дабрачынным фестывалі Belarus Outside Sound System. Там будуць збіраць…

16 мая 2024

Нерухомасць тыдня: кампактная двухпакаёўка з відэапраектарам ля «Баторыі»

Двухпакаёвая кватэра па вул. Стэфана Баторыя, 10 прадаецца ў Гродне. Фішка кватэры - відэапраектар з…

15 мая 2024