Кіраўніцу непрызнанага беларускай уладай Саюзу палякаў Анжаліку Борыс, меркавана, вызвалілі з-пад хатняга арышту, пад якім яна знаходзілася апошні год. Яе выклікалі ў Менск разам з маці, даведаўся «Белсат». Там Борыс далі дакумент аб спыненні справы «ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства». Польшча выказала спадзяванні, што гэта сігнал пра гатоўнасць беларускіх уладаў да канструктыўнага дыялогу.

Таксама Анжаліцы Борыс паабяцалі вярнуць усе рэчы, вынятыя ў час следства.

Журналіста і палітвязня Анджэя Пачобута асудзілі на восем гадоў паводле той жа справы. «Гэта ставіць Саюз палякаў у Беларусі і яго эмігранцкіх актывістаў у цяжкае становішча і дазваляе разгуляць гэтую карту», праментавала дырэктарка тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Рэакцыя польскага боку

Інфармацыя пра вызваленне ад абвінавачванняў старшыні Саюза палякаў Беларусі - першая пазітыўная навіна з Мінска за доўгі час, заявілі ў Міністэрстве замежных спраў Польшчы. Ведамства павітала апраўданне Анжалікі Борыс ад абвінавачванняў, падкрэсліўшы, што яны былі ілжывыя.

«Мы спадзяемся, што гэта сігнал аб змене стаўлення ўладаў у Менску да палякаў у Беларусі і гатоўнасці да канструктыўнага дыялогу», — адзначыў прэс-сакратар МЗС Польшчы Лукаш Ясіна. Таксама ён выказаў надзею, што неўзабаве Борыс зможа наведаць Польшчу.

У Міністэрстве зноў заклікалі да вызвалення Анджэя Пачобута і зняцця з яго ўсіх абвінавачванняў. «Гэтае пытанне мае для нас найвышэйшы прыярытэт», — падкрэслілі ў МЗС.

За што Борыс сядзела ў турме

Старшыню непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анжаліку Борыс затрымалі ў Гродне 23 сакавіка 2021 года па так званай «справе палякаў». Яна і Пачобут праходзілі па крымінальнай справе паводле ч. 3 арт. 130 КК (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні).

Праз год, 25 сакавіка 2022 года, Борыс выпусцілі з турмы. З просьбай вызваліць дачку да Лукашэнкі звярнулася маці Анжалікі Борыс. Палітвязынцы змянілі меру ўтрымання і вывезлі пад Адэльск да яе маці. Праўладны палітык Юрый Васкрасенскі тады заяўляў, што гэта вынік «эфектыўнага ўзаемадзеяння дыпламатаў дзвюх краін». Борыс забаранілі камунікаваць. Вядома, што ў зняволенні ў яе моцна пагоршылася здароўе. У публічнай прасторы яна з таго часу не з’яўлялася.

Трох іншых фігурантак «польскага справы» вывезлі ў Польшчу ў канцы траўня 2021 года. Гэта Ганна Панішава і прадстаўніцы грамадскіх польскіх школ у Лідзе і Ваўкавыску Ірэна Бярнацкая і Марына Цішкоўская. Перад гэтым ім далі падпісаць дакументы аб змене меры затрымання. Праз гэта яны не могуць легальна вярнуцца ў Беларусь.

«Мая палячка»

У час штогадовага звароту «да народу і Нацыянальнага сходу» Лукашэнка заявіў, што Анжаліку Борыс «мы ім не аддамо».

«Гэта чалавек, які разумее, што адбываецца, дарослая жанчына. Яе мама калісьці прасіла за яе, вы ведаеце, што я яе амніставаў, памілаваў. Мы яе не збіраемся нікому аддаваць і не абмяжоўваем у перасоўваннях. Яна нядаўна паехала ў Польшчу, і нават аперацыю нейкую перанесла. Захацела ў Грузію — калі ласка, мы не супраць, мяне інфармуюць з гэтай нагоды».

«Я ведаю, яна дакладна вызначылася — буду жыць у Беларусі. Яна палячка, але мая палячка, нашы палякі. У нас жа яўрэі, татары і палякі — але гэта мае яўрэі і татары, яны жывуць у маёй Беларусі, дзе я прэзідэнт», — заявіў Лукашэнка. Анджэя Пачобута ён прапанаваў абмяняць на палітыка Паўла Латушку і «ўсю групу».