Затрыманых фанатаў хакейнага клуба «Нёман» вызвалілі з-пад варты. Апошні з іх выйшаў 5 красавіка 2023 года. Фанаты пад падпіскай аб неразгалошванні, а прычына затрымання дасюль невядомая, паведаміў MOST.

Фанаты хакейнага “Нёмана” выйшлі на волю і нават паспелі на матч
Фанаты ХК «Нёман». Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: hcneman.by

Фанаты клуба ў сярэднім знаходзіліся ў зняволенні 15 сутак. Абвінавачванне ім не прад’явілі. Некаторыя з іх паспелі наведаць хакейны матч 4 красавіка паміж «Нёманам» і мінскім «Юнацтвам».

«Пры такой падтрымцы мы абавязаныя былі выйграць. Некалькі разоў за гульню па целе мурашкі прабягалі. У мяне пачуццё, што я да гэтага часу ў гульні, гэта пачуццё зараджанасці, эмоцыі, яны перадаліся камандзе, і хлопцы згулялі, можна сказаць, на адным дыханні, біліся адзін за аднаго — гэта дапамагло дасягнуць выніку», — сказаў пасля матчу галоўны трэнер «Нёмана» Яўген Летаў.

Калі пачалі зачыстку фанатаў

«Нёман» застаўся без фанацкага сектара пасля 9 сакавіка 2023 года. Тады лідара руху Сяргея Емяльянава і яшчэ каля 10 актыўных заўзятараў пачалі затрымліваць. Емяльянава затрымалі, калі ён выходзіў з дома. Іншых затрымоўвалі на працоўных месцах, на вуліцы і на хакейным матчы «Нёмана» супраць наваполацкага «Хіміка».

Чытайце таксама: В Гродно идет зачистка фанатов хоккейного «Немана»

Фанаты спынілі байкот пасля жніўня 2020 года

Пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года фанаты вырашылі байкатаваць матчы. Фанаты хакейнага «Нёмана» вернуліся на трыбуны ў кастрычніку 2022 года. Фанаты футбольнага клуба «Нёман» байкатуюць матчы з 1 красавіка 2020 года.