Транслітараваць назвы беларускіх геаграфічных аб’ектаў на беларускую лацінку зараз нельга. Адпаведную пастанову “Аб перадачы назваў геаграфічных аб’ектаў з беларускай і рускай моў на іншыя мовы” апублікавалі 4 красавіка 2023 года.

Як цяпер правільна напісаць лацінскімі літарамі “Шчучыншчына”?
Пры напісанні геаграфічных назваў зараз нельга будзе выкарыстоўваць літары беларускага лацінскага алфавіта. Транслітарацыя павінна адбывацца згодна з табліцай транслітарацыі літар беларускага алфавіта.
Зараз літары “ч”, “ш”, “ў”, “ж”, г” будуць перадаваць як “ch”, “sh”, “w”, “zh”, “g”. Раней для іх выкарыстоўвалі літары “č”, “š”, “ŭ”, “ž” і “h”.
Напрыклад:
- Плошча Савецкая – было Płošča Savieckaja – стала Ploshcha Savieckaja
- Плошча Леніна – было Płošča Lienina – стала Ploshcha Lienina
- вуліца Дзяржынскага – было vulica Dziaržynskaha – стала vulica Dziarzhynskaga
- вуліца Дзяржынскага – было vulica Haradničanskaja – стала vulica Garadnichanskaja
- Шчучыншчына – было Ščučynšnčyna – стала Shchuchynshchyna
Згодна з новай пастановай геаграфічныя назвы можна будзе транслітараваць таксама з рускай мовы. Раней транслітарацыя адбывалася толькі з беларускай.
Адкуль узяліся папярэднія правілы
Інструкцыю па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіту зацвердзілі пастановай Дзяржаўнага камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі ў 2000 годзе. Яе прынялі як агульнаабавязковую на дзяржаўным узроўні.
У 2007 годзе яе скарэктавалі з улікам асаблівасцяў беларускай мовы. Нормы транслітарацыі распрацавала Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Выдалі і адмысловыя даведнікі – «Назвы населеных пунктаў», у якіх замацавана правільнае напісанне назваў вёсак, мястэчак, гарадоў.
У лютым 2013 года інструкцыю рэкамендавала Арганізацыя Аб’яднаных Нацый для прыняцця ў якасці міжнароднай сістэмы раманізацыі беларускіх геаграфічных назваў.
Прычына зменаў – прарасійскія актывісты?
У жніўні 2022 года прарасійская актывістка Вольга Бондарава запрашала ахвотных падтрымаць ініцыятыаву аб прыбранні з указальнікаў дублявання гарадскіх назваў лацінкай. “Разам абаронім краіну ад калабарацыяналістаў!” – пісала яна тады.
Чытайце таксама: Гродзенская актывістка Бондарава хоча прыбраць з указальнікаў дубляванне гарадскіх назваў лацінкай
У студзені 2023 года ў сеціва трапіў дакумент, які сведчыў пра рашэнне беларускіх уладаў адмовіцца ад лацінкі ў транслітарацыі геаграфічных назваў. Прычынай тады назвалі неабходнасць умацавання гістарычна-культурнай супольнасці беларускага народа і недапушчэнне прасоўвання чужых пісьмовых традыцый і культурных каштоўнасцяў.
Колькі алфавітаў ёсць у беларускай мове
У беларускай мове існуе тры алфавіты. Першы – беларускі кірылічны алфавіт, якому вучаць у беларускіх школах. Другі – лацінскі алфавіт. На ім выдавалі першую газету на беларускай мове “Мужыцкую праўду”, таксама на гэтым алфавіце з 1906 па 1915 год выходзіла газета “Наша Ніва”.
Акрамя гэтага, існуе беларускі арабскі алфавіт. Ім карысталіся беларуска-літоўскія татары, якія жылі ў Вялікім княстве літоўскім. З часам яны перасталі выкарыстоўваць сваю мову і перайшлі на беларускую, якую запісвалі арабскім алфавітам.



