РУП аўтамабільных дарог «Гроднааўтадар» збіраецца закупляць 3196 дарожных знакаў і плёнкавых святлоадбівальных матэрыялаў. На гэта пойдзе 363 тысячы рублёў з уласных сродкаў прадпрыемства, звярнуў увагу канал Urban Hrodna.

Усяго прадпрыемству патрэбна:

  • 2046 дарожных знакаў,
  • 240 масак дарожных знакаў (самаклейныя лісты святлоадбівальнай плёнкі з выявай знака),
  • 860 кв. м знакаў індывідуальнага праектавання,
  • 50 кв. м святлоадбівальнай інжынернай і высокаінтэнсіўных плёнкі.

Тэрмін пастаўкі - з 10 красавіка па 1 траўня. Знакі мусяць адпавядаць патрабаванням дзяржаўных стандартаў і іншым тэхнічным нарматыўным прававым актам.

«Гроднааўтадар» мае шэсць філіялаў. Яны размешчаныя ў Гродне, Ваўкавыску, Слоніме, Лідзе, Навагрудку і Ашмянах. Арганізацыя адказвае за ўтрыманне дарог і выконвае асноўную частку працаў па іх бягучым рамонце і штучных збудаванняў на іх.

Чытайце таксама: Тралейбусы на Усходнім мосце, новая дарога на Альшанку і яшчэ адзін мікрараён: што пра развіццё Гродна расказаў Уладзімір Каранік