Дарожныя знакі ў Гродзенскай вобласці вырабляюць на КУП «Гроднадарожнік». Вялікі попыт на іх бывае летам, расказалі ў рэпартажы на ТРК «Гродна». Бывае, што вырабляюцца партыі ў 100−150 штук, і за месяц дарожным арганізацыям вобласці адпраўляюць больш за 1000 адзінак.

Цэх дарожных знакаў і нестандартызаванага абсталявання КУП «Гроднадарожнік» выпускае больш за дзесяць найменняў прадукцыі, запатрабаванай яго філіяламі і дарожнымі арганізацыямі. У цэху робяць бункеры на асфальтабетонны завод, канвееры, парэнчы для дарог, стойкі дарожных знакаў, аўтобусныя прыпынкі і нават сметніцы. Над усім гэтым працуюць дзевяць чалавек: токары, слесары, маляры, паклейшчыкі і майстар.

У вытворчасці дарожных знакаў выкарыстоўваецца і ручная праца, і тэхналогіі, якія патрабуюць адпаведнай падрыхтоўкі. Форму, аблямоўку, літары для населеных пунктаў выразаюць на плотары, пасля лепяць іх на нарыхтоўкі для знакаў з ацынкаванай сталі.

Знакі вырабляюць строга паводле дзяржстандарту, адступленні магчымыя на міліметр. Хібаў пры іх вытворчасці практычна няма. На кожным этапе ўсе дэталі і надпісы строга кантралююць.

У Правілах дарожнага руху каля 250 знакаў. Ларыса Літкоўская, паклейшчыца цэха дарожных знакаў і нестандартызаванага абсталявання КУП «Гроднадарожнік», штодня выпускае іх штук па 50. «Тое, чым я займаюся, мне як кіроўцы карысна: ляплю знакі і паўтараю правілы дарожнага руху», — жартуе яна.

Чытайце таксама: Зима — время сбора урожая. Как в Гродненской области выращивают шишки для всей Беларуси