Анархіста Сяргея Раманава асудзілі за непадпарадкаванне адміністрацыі ваўкавыскай калоніі. «Мацеж школьную» ў Гродне купілі за $ 500 тысяч. 70-гадовага пенсіянера-«тэрарыста» Васіля Дземідовіча будуць судзіць трэці раз. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 20 па 26 сакавіка.
Затрыманні
- 38-гадовую гродзенку Юлію Галавач затрымалі за распаўсюд інфармацыі ў «экстрэмісцкіх Telegram-чатах». Раней інфармацыю пра дзяўчыну размяшчалі ў праўладным Telegram-канале «Поступи по совести». На яе склалі пратакол.
- Адразу двух гродзенцаў на працы затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. На іх склалі пратакол і адправілі ў ІЧУ.
- У Гродне затрымалі прадаўца аднаго з пунктаў у ГЦ — за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і заклікі да блакавання дарог. Забралі яго проста з працоўнага месца.
- Гродзенца затрымалі за тое, што ён з 2020 года знаходзіўся ў «экстрэмісцкіх чатах», дзе пісаў каментары. У тым ліку яны абражалі Аляксандра Лукашэнку і супрацоўнікаў МУС. Хлопец выдаліў акаўнт у Telegram.
Новыя палітвязні
Ірына Савашынская і Максім Сеннік з Гродна прызнаны палітзняволенымі.
Новыя «экстрэмісты»
Антон Навумаў, Яўген Стральчэнь, Руслан Красаў з Гродна і Іна Філінава з Ваўкавыска папоўнілі «спіс экстрэмістаў».
Палітвязень Максім Плятнёў выйшаў на волю
З магілёўскай ВК-15 на волю выйшаў жыхар Гродна Максім Плятнёў. Ён цалкам адбыў свой тэрмін.
Яго асудзілі 19 жніўня 2022 года ў судзе Ленінскага раёна Гродна. Тады Плятнёва прызналі вінаватым у апаганенні збудаванняў і псаванні маёмасці (арт.341 КК). Ён нанёс сем надпісаў на кіёск, электрападстанцыі, Будынкі цепласетак і шматпавярхоўкі, паведамляе MAYDAY.TEAM.
70-гадовага пенсіянера-«тэрарыста» Васіля Дземідовіча будуць судзіць трэці раз
У судзе Драгічынскага раёна 23 сакавіка пачнуць разглядаць справу палітвязня пенсіянера Васіля Дземідовіча. Яму інкрымінуюць арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады». Працэс будзе весці суддзя Лявонцій Станкевіч, паведамляе «Вясна».
Раней Дземідовіча прысудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі, абвінаваціўшы яго ў абразах прадстаўніка ўлады, суддзі, Аляксандра Лукашэнкі і ў арганізацыі масавых беспарадках. Пазней Васілю дадалі яшчэ паўгода зняволення паводле новай справы — гэтым разам яго абвінавацілі паводле арт. 369 КК.
Праверкі на мяжы
21 сакавіка 2023 у тых, хто выязджае з Беларусі ў Польшчу на аўтобусах праз пункт пропуску «Брэст — Цярэспаль» выбарачна правяралі тэлефоны, паведамляе брэсцкая «Вясна». У тэлефонах сілавікоў цікавіць:
- спіс усталяваных прыкладанняў;
- спіс аддаленых прыкладанняў;
- бібліятэка ў Youtube;
- праверка перапіскі ў Telegram;
- галерэя фотаздымкаў, а таксама сметніца галерэі;
- лайкі, каментары, гісторыя сторыс ў Instagram;
- праверка перапісак у астатніх мэсанджарах.
Акрамя таго, па словах відавочцаў, для ўязджаюць таксама праводзіцца праверка змесціва тэлефона.
Дэпутатка нямецкага Бундэстага Лаўра Крафт стала «хроснай» адвакаткі Юліі Юргілевіч
«Я рашуча асуджаю затрыманне Юліі Юргілевіч і патрабую яе неадкладнага вызвалення. Як адвакат, яна адстойвала нашы асноўныя дэмакратычныя каштоўнасці і змагалася за свабоду, дэмакратыю і вяршэнства закона ў сваёй краіне. Я зраблю ўсё магчымае, каб Юлія Юргілевіч была вызваленая з незаконнага зняволення».
Анархіста Сяргея Раманава асудзілі за непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі
Анархіста Сяргея Раманава асудзілі паводле арт. 411 КК «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі» на 11 месяцаў калоніі, паведамляе dissidentBY.
Раней Сяргею прызначылі 20 гадоў калоніі строгага рэжыму за нібыта акт тэрарызму. Ён адбывае пакаранне ў Ваўкавыскай калоніі № 11. Адміністрацыя аказвае ціск на анархістаў. Іх рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА або ПКТ. Акрамя таго, з дазволу адміністрацыі адбываюцца правакацыі, якія пагражаюць жыццю і здароўю зняволеных. Лісты да іх не прапускаюць нават ад сваякоў.
Мужчыну ў Астраўцы асудзілі на паўтара года калоніі за каментар у працоўным чаце
У судзе Астравецкага раёна 16 сакавіка асудзілі Паўла Дубава паводле арт. 370 КК «Здзек з дзяржаўных сімвалаў». Суддзя Дзмітрый Багдановіч прызначыў Паўлу адзін год і шэсць месяцаў калоніі агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».
Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён у карпаратыўнай супольнасці кампаніі грузаперавозак напісаў каментар на беларускай мове, у якім патлумачыў, што «наш сцяг бел-чырвона-белы», а існуючы назваў «узыход сонца над балотам». Павел напісаў каментар, калі знаходзіўся ў Заходняй Еўропе падчас рэйса, пасля якога вярнуўся ў Беларусь.
Павел Дубаў з Мінска, жанаты, мае дзіця да 3 гадоў. Мужчына падаў у аблсуд апеляцыйную скаргу на вынесены прысуд.
У пункце пропуску «Казловічы» дапытваюць кіроўцаў. На мяжы працуе КДБ
На беларуска-польскай мяжы ў пункце пропуску «Казловічы» 20 сакавіка зладзілі «шмон». Кіроўцаў з чаргі выклікаюць у кабінет, апытваюць і правяраюць тэлефон. Паводле версіі кіроўцаў, разам з памежнікамі на мяжы працуе КДБ.
Лідчаніна будуць судзіць за ўступленне ў полк Каліноўскага
У дачыненні да ўдзельніка палка Каліноўскага з Гродзенскай вобласці распачалі крымінальную справу за ўдзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні (арт.361−3 КК і арт. 361−4 КК). Мужчыне пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі. Яго чакае завочны суд.
У Гродне ліквідавалі «Байцоўскі клуб». Яго стварыў чэмпіён свету і майстар спорту
Моладзевае грамадскае аб’яднанне «Байцоўскі клуб Варац Цім» знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі. Такое рашэнне прыняў Гродзенскі абласны суд 24 лютага. Арганізацыю зарэгістравалі ў 2012 годзе. На 1 студзеня 2022 года ў ёй было 10 чалавек. Аб’яднанне арганізуе лігі адзінаборстваў.
Гродзенка Аляксандра Ханевіч у 70 гадоў завяла YouTube-канал: расказвае пра новае жыццё ў Польшчы
Гродзенка і палітуцякачка Аляксандра Ханевіч у 71 год завяла ўласны YouTube-канал. Там яна расказвае гісторыю свайго затрымання пасля выбараў у 2020 годзе і ўцёкаў з Беларусі ў Польшчу. Жанчына абяцае дзяліцца падрабязнасцямі - як гэта, пасля 70 пачынаць новае жыццё за мяжой.
Будынак «Мацежы школьнай» ў Гродне купілі за $ 500 тысяч
Былы будынак адной з найбуйнейшых польскіх грамадскіх школ у свеце «Польска Мацеж школьна» прадалі на электронных таргах 23 сакавіка. На аўкцыён заявіўся адзін удзельнік. Ён і набыў будынак за 1 454 тысяч рублёў.
Пачатковы кошт будынка 2011 года пабудовы склаў 1 384 тысяч рублёў. Удзельнік быў адзін, таму ён атрымаў былую «Матеж» з павелічэннем пачатковай цаны на 5%.
Палякі расказалі, калі зноў адкрыюць «Баброўнікі»
Памежны пункт пропуска «Баброўнікі» адкрыюць на наступны дзень пасля вызвалення журналіста Анджэя Пачобута. Пра гэта 23 сакавіка сказаў міністр унутраных спраў Польшчы Марыюш Камінскі.
«Ліквідацыя тэрарыста»
Лукашэнка пракаментаваў забойства замежніка ў Гродне. Рэдакцыя Hrodna.life знайшла арэндную кватэру, дзе КДБ нібыта забіла замежніка. Яе ўладальнікаў затрымалі. Іх здалі суседзі. Мы даведаліся, што пра іх вядома. Караеў распавёў пра захоп «тэрарыста» ў Гродне і заклікаў глядзець, хто што фатаграфуе.