Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка сабраў нараду з сілавікамі. Праз два дні пасля забойства замежнага грамадзяніна ў Гродне ён пракаментаваў сітацыю. Што яшчэ кажуць пра здарэнне з удзелам меркаванага «тэрарыста» і спецпадраздзялення КДБ «Альфа», даведаўся Hrodna.life.

“Канфіскаваны цэлы арсенал зброі”. Лукашэнка пракаментаваў забойства замежніка ў Гродне
Будынак на вуліцы Курчатава ў якім забілі замежнага грамадзяніна. Крыніца: «Беларусь 4 Гродна»

«Спецслужбы спрацавалі бліскуча. Канфіскаваны цэлы арсенал зброі і выбухоўкі, якія прызначаліся для „гучных“ тэрактаў у дачыненні да грамадзян і службовых асоб дзяржаўных органаў. За што малайцы нашы хлопцы — пры такой вострай сітуацыі, калі з боку тэрарыстаў ужываліся гранаты і зброя, не загінуў ні адзін супрацоўнік групы „Альфа“. Добрая аперацыя, добрая праца», — сказаў Лукашэнка.

Грамадзяніна якой краіны забілі сілавікі, Лукашэнка не паведаміў. Паводле неправеранай інфармацыі «Нашай нівы», у Гродне «Альфа» забіла грамадзяніна адной з дзяржаў Еўрасаюза.

Памерлы быў з расійскім пашпартам

UPD: У час штурму кватэры замежнік пачаў страляць у сілавікоў з аўтамата Калашнікава і кінуў у іх бок гранату, сцвярджаюць у рэпартажы БТ. Група «Альфа» пачала страляць у адказ і раніла мужчыну. Ён памёр у час перавозкі ў бальніцу. Паводле дакументаў гэта быў расіянін Аляксей Ламакін 1981 года нараджэння. Сілавікі сцвярджаюць, што гэта падробныя дакументы.

У здымнай кватэры потым нібыта знайшлі аўтамат калашнікава, патроны да яго і гранату Ф-1. Мужчына быццам здзяйсняў даразведку месцаў для тэрактаў. У сюжэце БТ кажуць, што гэта былі будынкі КДБ па Гродзенскай вобласці і УУС Гродзенскага аблвыканкама, чыгуначны вакзал і прамысловыя аб’екты, кватэры сілавікоў.

На тэлеканале "СТВ" паказалі пашпарт забітага. У яго тэлефоне былі фота кіраўнікоў сілавых структур Гродзенскай вобласці і мясцовых чыноўнікаў, а таксама геалакацыі месца іх пражывання. Паводле сілавікоў, на трасе "Гродна - Астрыно" знайшлі пяць кілаграм пласціда і электронных выбуховак.

“Канфіскаваны цэлы арсенал зброі”. Лукашэнка пракаментаваў забойства замежніка ў Гродне
Пашпар забітага які паказалі ў эфіры тэлеканала "СТВ". Крыніца: ctv.by

“Каб быў паляк ці ўкраінец, то раструбілі б ужо па ўсіх каналах”

“Мы жывем прыкладна за 500 метраў ад таго месца, дзе ўсё адбывалася. Былі дома ў гэты час. Ну чулі зусім нічога”, - сказала чытачка “Радыё Свабода”. 

«Выглядае ўсё як інсцэнізацыя і нейкая правакацыя. Не разумею, што адбываецца, маю толькі здагадкі. Магчыма, гэта вагнэраўцы якія, у каго яшчэ можа быць тут, у Беларусі, зброя, і адкуль яе маглі прывезці, як не з Расіі? Кажуць, што зліквідавалі нейкага замежніка, і гэта таксама дзіўна гучыць. Чаму не назваць, што за замежнік? Каб быў які паляк ці ўкраінец, то раструбілі б ужо па ўсіх каналах. Усё шукаюць схаваныя ячэйкі, кожны дзень затрыманні. Што яшчэ нафантазіююць? Адзінае, што можна сказаць дакладна, — мы цяпер закладнікі, пешкі ў нейкай вялікай гульні», — сказалі чытачы тэлеканала «Белсат».

Падрабязнасці апублікуюць пры неабходнасці

«Я не ў курсе [таго, што адбылося], але ўсе на месцы. Ніхто нічога пакуль не казаў», — сказала супрацоўніца прыёмнай старшыні гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка журналістцы zerkalo.io.

Ва ўпраўленні унутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама з журналістамі zerkalo.io размаўляць адмовіліся. У Камітэце дзяржаўнай бяспекі рамаўляць і ўдакладняць дэталі не захацелі. «Калі будзе такая неабходнасць, то ўсе падрабязнасці будуць апублікаваны. Калі такой неабходнасці не будзе — значыцца, не будуць».

Інцыдэнт каля дома Караніка можа быць укідам

«Распаўсюджваюцца фэйкавыя імёны, я ведаю, што некаторым СМІ дасылалі імя і прозвішча нібыта застрэленага беларуса. Мы правяралі, такіх людзей не існуе», — сказаў кіраўнік аб’яднання былых сілавікоў BYPOL Аляксандр Азараў.

Паводле яго словаў, падрабязнасцяў інцыдэнта каля дома Уладзіміра Караніка у BYPOL таксама няма. Ён мяркуе, што гэта можа быць «укід».

Што адбылося

На вуліцы Курчатава ў Гродне забілі замежніка. Гэта адбылося 19 сакавіка 2023 года. Грамадзяніна спрабавалі затрымаць падчас аперацыі па «спыненні дзейнасці асоб, якія праніклі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь з мэтай здзяйснення тэрарыстычнай акцыі».

Мужчына нібыта хацеў аказаць узброены супраціў байцам спецпадраздзялення КДБ «Альфа» і выкарыстаць аўтаматычную зброю і баявыя гранаты. КДБ узбудзіў крымінальную справу.

20 сакавіка 2023 года стала вядома, што на беларуска-польскай мяжы ў пункце пропуску «Казловічы» пачаліся масавыя допыты кіроўцаў грузавікоў. Кіроўцаў з чаргі выклікалі ў кабінет, апытвалі і правяралі тэлефоны. Разам з памежнікамі на мяжы працаваў КДБ.