10 сакавіка на працы быў затрыманы Валерый Юдзін. Прычына затрымання невядомая, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».

У 2021 годзе ён заплаціў штраф у 15 базавых велічынь (тады — 435 рублёў) за БЧБ-сцяжок і налепку з «Пагоняй». Іх размяшчэнне ў машыне палічылі «адзіночным пікетаваннем». Суткі да суда мужчына правёў у ізалятары.

Валерый Юдзін — фатограф-фрылансер, адзін са стваральнікаў часопіса «Твой город Гродно». Да гэтага працаваў у прэс-службе УУС і пенітэнцыярнай сістэме. Захоўваў БЧБ-сцяг, які да 1995 года сцяг вісеў на будынку аблвыканкама.

Міліцыя «актывізавалася»

Пасля тэракту ў Мачулішчах міліцыя актывізавала працу «ў дачыненні да грамадзян, якія маюць дачыненне да дзейнасці экстрэмісцкіх фарміраванняў і тэрарыстычных арганізацый». За 9 сакавіка ГУБАЗіК «адпрацаваў» больш за 60 асоб. 21 з іх прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці і пяць — да крымінальнай.

ГУБАЗіК шукае «схаваныя ячэйкі экстрэмістаў і іх памагатых». Асаблівую ўвагу звернуць на план «Перамога». «Кропкава спыняецца дзейнасць актывістаў і ўнутры краіны, якія распальваюць варожасць у інтэрнэце», паведамілі сілавікі.

У Гродне 10 сакавіка затрымалі Паўла Якубеля. Ёсць непацверджаныя звесткі пра іншыя затрыманні.