Хроснага бацьку і цётку Карыны Маліноўскай, якая з’ехала за мяжу, затрымалі ў Гродне. Гродзенец Павел Якубель быў затрыманы нібыта за рэгістрацыю ў чат-боце «План Перамога». Цётка — за ўдзел у пратэстах.

Павел паведаміў, што знаходзіўся ў актыўных чатах Гродна ў Facebook і Telegram. На відэа мужчына падкрэсліў, што Карына Маліноўская — яго пляменніца. «З ім падтрымлівалася сувязь з-за мяжы, узгаднялася магчымае садзейнічанне з жыллём і транспартам», — паведамілі сілавікі.

Павел Якубель гродно
Павел Якубель. Скрыншот Hrodna.life

Яе цётка Ірына Савашынская была затрыманая 23 лютага. Цяпер яна ў ІЧУ на вул. Гая 4. Крымінальны артыкул, па якім яна затрыманая, сваякам не разгалошваюць, але цётцы пагражае ад сямі гадоў пазбаўлення волі, сцвярджае Карына. На волі ў яе — муж і двое непаўналетніх дзяцей.

Ирина Савашинская
Ірына Савашынская. Фота Карыны Маліноўскай

Карыну Маліноўскую затрымлівалі ў жніўні 2020 года. Па словах Карыны, яна была цяжарная, але пасля РАУС трапіла ў бальніцу і страціла дзіця. Пасля гэтага гродзенка з’ехала ў Польшчу. Цяпер яна працуе тату-майстрам у Беластоку. Дзяўчына наведвала трэніроўкі ад BYPOL.

У студзені 2022 года затрымлівалі маці Карыны Таццяну Саўко. Яе аштрафавалі паводле арт.19.11 КаАП.

UPD 19.30. 13 сакавіка ў гродзенскіх судах вынеслі некалькі рашэнняў па адміністрацыйных справах. Паўла Якубеля арыштавалі на 15 сутак. Уладзіміра Пруднікава аштрафавалі на 20 базавых велічынь (740 рублёў). Па артыкуле 19.11 КаАП аштрафавалі яшчэ мінімум два чалавекі, паведамляе «Гарадзенская праваабарона».

UPD. Павел Якубель не выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту.

UPD 28 сакавіка. Гродзенец Павел Якубель — на волі, паведамляе Telegram-канал «Право имеют». Ці ўзбуджаная крымінальная справа, не разгалошваецца.