У першым сезоне «Утульнага горада» вядучая разам з мастацтвазнаўцам Сцяпанам Стурэйкам шмат разважала пра тое, як мусіць выглядаць добрая рэстаўрацыя. Сышліся на тым, што ўсё залежыць ад грамадскага кансэнсусу. Маўляў, тое, што гродзенцы бясконца спрачаюцца наконт аднаўлення чарговага будынка — гэта добра і правільна. Яшчэ адна тэма, пра якую ўвесь час спрачаюцца гродзенцы — гэта прыгажосць асобных будынкаў. Разабрацца з тым, ці існуюць аб’ектыўныя паказчыкі добрай архітэктуры, ці гэта выключна пытанне густу, дапамагла гродзенская архітэктарка Вiялета Масалова.

Слухайце ў падкасце «Утульны горад» або чытайце ў вялікім скароце ніжэй. Усе выпускі падкаста можна праслухаць тут.

Як архітэктары ацэньваюць будынкі?

Па словах Віялеты Масаловай, архітэктары звычайна пазбягаюць слоў «дрэнны» ці «добры» адносна якіх-кольвек будынкаў. Ацэньваюцца хутчэй утылітарныя здольнасці, як будынак упісаны ў асяроддзе і ці выконвае ён сваю задачу. Калі брутальныя будынкі савецкай эпохі будаваліся, каб падкрэсліць мізэрнасць асобнага чалавека ў параўнанні з соцыумам — яны паспяхова выконвалі сваю задачу.

Акрамя ідэалагічнай задачы, будынкі мелі яшчэ і інструментальную, згодна з якой іх будавалі. Напрыклад, інтэрнаты будуюць, каб змясціць там як мага больш людзей, якія не маюць вялікіх грошаў, каб здымаць кватэры. Задачы камфорту і прасторы тут перад архітэктарамі не ставяць. Менавіта таму ўладальнікі кватэр, пераробленых з інтэрнатаўскіх пакояў, сутыкаюцца з нязвыклымі для астатніх шматкватэрных будынкаў праблемамі: даўжэзныя калідоры, недахоп месца, адсутнасць балконаў. Перарабіць дом, які будаваўся пад інтэрнат, у шматкватэрнік можна, але на гэта трэба выдаткаваць шмат рэсурсаў.

Чытайце таксама:

Таксама і з тымі будынкамі, якія будаваліся шмат год таму. У Гродне ў гістарычным цэнтры шмат жылых дамоў, якім больш за 100 год. Будавалі іх у зусім іншую тэхналагічную эпоху. Гэтыя дамы ад пачатку не прыстасаваныя, каб там было цэнтральнае ацяпленне ці гарачая вада. З развіццём тэхналогій старыя будынкі даводзіцца адаптоўваць пад новыя ўмовы і патрэбы. На гэта таксама патрэбна шмат рэсурсаў.

Любоў і нянавісць да савецкай архітэктуры

Захапленне савецкай архітэктурай — адносна новая з’ява. Маладыя людзі вядуць Instagram з фатаграфіямі панэльных дамоў, здымаюць відэа ў TikTok з падборкамі будынкаў эпохі сталінскага ампіру, а музычныя гурты выкарыстоўваюць пейзажы спальных раёнаў як ілюстрацыі для сваіх альбомаў.

Чаму савецкая архітэктура, якую яшчэ некалькі год таму прынята было лічыць нечым нязграбным і не вартым увагі, зараз падаецца нечым рамантычным?

Слухайце таксама: Катэджы, панэлькі і спальныя раёны. Разбіраемся з гарадской забудовай у падкасце «Утульны горад»

Віялета Масалова лічыць, што, паколькі вырасла пакаленне, якое не бачыла Савецкага Саюза, для гэтых людзей брутальныя будынкі - гэта проста будынкі, без ідэалагічнай афарбоўкі. Калі эмоцыі спадаюць, чалавек дае рады глядзець непрадузята і знайсці савецкую архітэктуру таксама стылёвай і зграбнай.

З іншага боку, савецкія дэкарацыі нагадваюць новаму пакаленню пра іх жа юнацтва ў тым ліку, бо постсавецкі ўплыў быў яшчэ даволі моцны ў іх раннія гады.

Архітэктура як адбітак часу

Віялета Масалова разглядае архітэктуру ў першую чаргу як адбітак эпохі - «час, застылы ў камяні». Калі ставіцца да архітэктуры менавіта як да прадукта свайго часу, то пытанні паўстаюць не да канкрэтных будынкаў і іх аўтараў, а да грамадска-палітычнай сітуацыі агулам.

Так, шпацыруючы па вуліцах Гродна, мы быццам апынаемся ў падручніку па гісторыі Беларусі: праходзім праз эпохі, разумеючы, з чаго складаецца сучаснасць.

Слухайце таксама: «Белыя Росы» і глабальны падзел працы. Як урбанізацыя ўплывае на грамадства?