Для гродзенскага горада-спадарожніка Скідзеля ў 2023 годзе распрацуюць генеральны план, а для Воранаўскага раёна створаць схему комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі. Адпаведную пастанову прыняў Савет Міністраў 30 снежня 2022 года.

Навошта патрэбен генеральны план
Генеральны план павінен забяспечыць рацыянальнае занаванне тэрыторый для патрэбаў гарадскога будаўніцтва, размяшчэння жылых тэрыторый, вытворчасцяў, а таксама аб’ектаў транспартнай і інжынернай інфраструктуры.
Папярэдні генплан для Скідзеля прымалі сем гадоў таму
Папярэдні генеральны план Скідзеля прынялі ў студзені 2016 года. Паводле яго, да 2025 года насельніцтва горада павінна павялічыцца на 6,5 тыс. чалавек і скласці 17 000. Агульную плошчу жылога фонду планавалі павялічыць на 262,4 тыс. кв.м. З іх амаль 185 тыс. кв.м планавалі пабудаваць для жыхароў Гродна, якія мелі пераехаць у Скідзель. Акрамя гэтага, у гарадскую мяжу Скідзеля ўключылі вёску Некрашы.
Папярэдні генплан прадугледжваў адкрыццё ў Скідзелі дзіцячага садка. Яго адкрылі ў верасні 2022 года.
Не ўсе планы чыноўнікаў рэалізавалі
У жніўні 2014 года Скідзель стаў горадам-спадарожнікам Гродна. Тады яго насельніцтва складала 10,5 тыс. чалавек. Планавалася, што ў сувязі з атрыманнем новага статуса насельніцтва Скідзеля вырасце ў два разы. Аднак на 1 студзеня 2022 года насельніцтва горада было 9,9 тыс. чалавек.
Таксама ў 2017 годзе ў чыноўнікаў былі планы запусціць паміж Гроднам і Скідзелем хуткасную электрычку, якая павінна давозіць пасажыраў за 20 хвілін. Але гэтыя планы так і не былі рэалізаваныя.