У Скідзелі рэканструююць школу і пабудуюць дзіцячы сад. Пра гэта ў час сустрэчы з калектывам РУП «Белмедпрэпараты» ў Скідзелі паведаміў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, перадае БЕЛТА.

Учора на базе прадпрыемства прайшла сустрэча калектыву са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаілам Мясніковічам і кіраўніцтвам Гродзенскай вобласці. Адно з пытанняў датычылася развіцця Скідаля як горада-спадарожніка Гродна. Напрыклад, каб звязаць яго з абласным цэнтрам, запланаваны пуск хуткаснага цягніка. Час у шляху не перавысіць 20 хвілін.

«Гэтае пытанне я абмеркаваў з міністрам транспарту. Пуск такога цягніка дазволіць пераадольваць адлегласць паміж гарадамі прыкладна за 20 хвілін», — адзначыў Уладзімір Краўцоў.

Таксама нямала ўвагі надаецца развіццю жылой і сацыяльнай інфраструктуры горада-спадарожніка.

«У гэтым годзе ў Скідзелі завершана будаўніцтва 105-кватэрнага жылога дома. На 2018 год запланавана ўзвядзенне яшчэ аднаго дома на 112 кватэр. Жыллё там будзе прапаноўвацца і льготным катэгорыям грамадзян», — адзначыў Уладзімір Краўцоў.

Будзе развівацца ў горадзе-спадарожніку і індывідуальнае будаўніцтва. Пад гэтыя мэты выдзелена 70 га зямлі: будучы раён будзе забяспечаны ўсёй неабходнай інжынернай інфраструктурай.

У 2018 годзе будзе завершана рэканструкцыя СШ № 1 горада Скідзеля. На 2019 г. запланавана будаўніцтва ў Скідзелі дзіцячага садка на 190 месцаў.

Ён адзначыў, што Гродзенскі райвыканкам узяў на сябе вырашэнне пытанняў у Скідзелі па стадыёне і Дому культуры, якія ўжо патрабуе абнаўлення. Таксама будзе працягнутая праца па будаўніцтве ачышчальных збудаванняў як самога горада, так і мясцовага цукровага камбіната.