У мікрараёне Грандзічы плануюць пабудаваць 17 дамоў без газу і цэнтральнага ацяплення — іх заменіць электрычнасць. Агулам у Гродзенскай вобласці ў 2024 годзе хочуць ўзвесці больш за 10 тыс. кв. м. так званых электрадамоў, паведаміў тэлеканал «Гродна Плюс».

Больш за 10 000 кв.м. электрадамоў хочуць пабудаваць у Гродзенскай вобласці
Мікрараён Грандзічы. Ілюстрацыйнае фота Hrodna.life

Электрадамы пабудуюць у Смаргоні і Воранаве. Яшчэ 20 узвядуць у Слоніме. Праекты гэтых дамоў распрацоўваюць сумесна з «Гроднаэнэрга».

«Грамадзяне маюць магчымасць не чакаць пачатку гэтага [ацяпляльнага] сезона і кантраляваць тэмпературу ў сваім доме. Не патрабуецца пракладка акрэсленых інжынерных сетак: водазабеспячэнне, каналізацыя, ацяпленне», — сказаў пра перавагу электрычных дамоў намеснік кіраўніка аддзела камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Капранаў.

Электрадамы — шматкватэрныя дамы, дзе ацяпленне, падагрэў вады і прыгатаванне ежы забяспечваюцца электрычнасцю. Замест звычайных батарэй цэнтральнага ацяплення там працуюць электраканвектары, замест цэнтральнага гарачага водазабеспячэння — электрычныя воданагравальнікі. Газу ў такіх дамах таксама няма.

Колькі пабудавалі за тры гады

За тры гады з 2021 па 2023 у Гродзенскай вобласці пабудавалі больш за 165 тыс. кв. м. электрычнага жытла. Паводле «Гродна Плюс», задачу перавыканалі ў два разы.

У снежні 2021 года казалі, што толькі ў Грандзічах плануюць пабудаваць 19 шматпавярховых электрадамоў. Іх жыллёвая плошча павінна была скласці 157 тыс. кв. м — 2444 кватэры.

Агулам у 2022 годзе ў Гродзенскай вобласці ўвялі ў эксплуатацыю амаль 478 тыс. кв. м. жылля. Агулам у Беларусі з 2021 па 2023 года пабудавалі 1,2 млн. кв.м. электрыфікаванага жылля.

Дзе ўжо пабудавалі электрадамы

Першы ў Гродзенскай вобласці электрадом пабудавалі ў Слоніме ў 2020 годзе. У аграгарадку Луцкаўляны 13 каркасных электрадамоў сдалі ў эксплуатацыю ў 2021 годзе. Таксама электрадамы-таўнхаўсы пабудавалі ў Скідзелі.

Пасля мікрараёна Грандзічы электрадамы плануюць будаваць у Баранавічах-11.

Чытайце таксама: Больш за 60 млн рублёў выдаткуюць на будаўніцтва індустрыяльнага парка пад Гродна