Мурал вышынёй у дзевяць паверхаў ствараюць у Гродне ў межах праекту Urban Myths. Мастакі наносяць малюнак на сцяну дома № 29 на Бульвары Ленінскага Камсамолу.

Сцяну для размалёўкі пачалі шукаць у траўні 2022 года. Потым праект узгаднялі ў Гродзенскім гарвыканкаме. Вядома, што мурал будзе на гістарычна-міфічную тэматыку. Падобныя муралы ў межах праекта «Традыцыі дзеля будучыні» цягам 2021−2022 гадоў ужо з’явіліся ў Бабруйску, Полацку, Мазыры, Пінску. Агулам плануецца 12 муралаў у 12 гарадах Беларусі. Партнёр праекта — «Беларусбанк». Праект прысвечаны 100-годдзю фінансавай установы.

Якія праекты ўжо рабілі ў Гродне
Супольнасць Urban Myths, якая прасоўвае ў Беларусі стрыт-арт, існуе з 2011 года. Да 2015 года яна называлася Signal. За ўвесь час з праектам працаваў 31 мастак. Яны малявалі свае творы ў межах праекта Urban Myths у Мінску, Рагачове, Мазыры, Пінску, а таксама іншых гарадах, у тым ліку ў Гродне.
Самы буйны стрыт-арт аб’ект у Гродне — таксама іх праца. Гэта твор «Па мару», які ў 2014 годзе намаляваў мастак Mutus на дзевяціпавярховіку на Белых Росах.

Акрамя гэта ў Гродне малявалі і меншыя па памерах творы ў межах акцыі «Must Act — Must Art» у 2014 годзе. Адзін з іх — «Крумкач» (Алесь Kontra, 2014). Яго зафарбавалі ў 2018 годзе камунальныя службы Гродна.

Чытайце таксама:
Шматпавярховікі ў Гродне хочуць упрыгожыць выцінанкай
«Няўдалая інтэрпрэтацыя сацрэалізму». На сцяне школы ў Гродне з’явіўся мілітарысцкі роспіс